— То бок, вы не гатовыя прыняць да сябе ў канфедэрацыю майстроўняў бежанцаў адразу пачкамі? У нас у Менску гэтая тэма — прадмет вялікай палітычнай дыскусіі.
— У грамаду — гатовыя, даваць права голасу — не. За амаль трыццаць гадоў выбудавалася досыць гарманічная структура грамадства. У нас людзі розных рэлігійных канфесіяў. Розных палітычных поглядаў у мінулым. Бо цяпер палітычныя погляды не маюць практычнага сэнсу: майстроўні як соты. Мы жывем на выспах пасярод агрэсіўнага асяроддзя, мы мусім дамаўляцца між сабою, нягледзячы на рознасць палітычных уяўленняў. І ў нас атрымліваецца пакуль выпрацоўваць з мноства розных уводных супольнае бачанне будучыні. Бачанне жыцця, калі сыдзе вада і, як усе мы спадзяемся, чалавецтва пачне аднаўляцца колькасна. І хацелася б, каб якасна. І мы не гатовыя ставіць пад удар гармонію, пабудаваную на тым, што вельмі розныя людзі пагадзіліся прыняць пэўныя нормы ўзаемадачынення.
Арцём знакам паказаў, што хоча далучыцца да размовы.
— Таксама госць нашага экстраннага эфіру.
— Проста Арцём.
— Я бачу на Арцёме форму памежнай паліцыі!
— Зараз важна, каб людзі ў форме, якія мяне чуюць, а нас чуюць таксама людзі ў форме ў Горадзе-Героі, каб усе разам зразумелі, што палітычныя рознагалоссі, у тым ліку на тэму адзін народ мы ці не адзін, каб гэтыя спрэчкі рэзка сціхлі. Зразумейце пра «чорных» простую рэч: мы маем справу з сілай, якую немагчыма прагназаваць. Сілай, якая нікому не падпарадкоўваецца. Чуеце, «жукі»? Гэта не наёмнікі з выспаў, як вы там думаеце!..
Жанне Гудбай пікнулі ў навушнікі.
— Дзякуй, Арцём. Тэма адносінаў з Горадам-Героем у Менску актыўна асвятляецца, а хацелася б пачуць ад нашага, не пабаюся гэтага слова, экзатычнага госця штосьці пра Менск, як бы погляд збоку. Спадар Дзікун, вам слова.
— Я заўважыў, што ў Менску нашмат больш людзей сталага веку, чым у Горадзе-Героі. Магчыма, не ўсе ведаюць, але калі не ўжываць «каларадкі», а проста трымаць яе пры сабе, яна пазітыўна ўплывае на здароўе і працягласць жыцця чалавека.
Жана Гудбай ледзь не звалілася з дыджэйскага крэсла. Прычым нельга было зразумець, якая эмоцыя апанавала вядоўкай, бо Жанна прыкрыла твар рукамі.
— А я вам скажу, — далучыўся Арцём, — што многія ў Менску ведаюць асаблівасці такога рэчыва, як «каларадка», якое ў нас тут выдаецца выключна за наркотык. А вось спадарыня Альжбета Сандрыгайла дае многім сваім прыяцелям доступ да «каларадкі», а тыя, у сваю чаргу, размяркоўваюць мяшэчкі з бульбінамі сярод, так бы мовіць, эліты электарату, — наўзамен за падтрымку і агітацыю галасаваць за спадарыню мэра. Таму ейная партыя сядзіць на пасадзе больш за чвэрць стагоддзя, мяняючы імёны мэраў, але не сутнасць сваёй палітыкі. Таму за «каларадку» караюць як бы за наркотыкі высылкай у Даліну склізняў. Таму ім патрэбная ізаляцыя нашых братоў і сясцёр па той бок мяжы, хоць мы і адзін народ!..
І вось тут пачаўся штурм спецназу.
Праўда, у студыі гэтага не чулі. У студыі быў свой варушняк. Раптам ссунуўся кавалак падлогі. З дзіркі памахаў рукой норны чалавек Алесь Першазвон. Жана Гудбай на падлогу не глядзела, адключыла мікрафоны гасцей, сказала «хвіліначку і працягнем» і зачытала абвестку: «У бар «Айцы-Заснавальнікі» патрэбнае таксі на імя «проста Карлавіч!» Паўтараю, бар «Айцы». Пакуль Жана Гудбай чытала-паўтарала, кумпанія ўжо нырцанула ў адзін з падземных хадоў Верхняга Гораду.
— Паспеем у «Чабурэчку» па Карлавіча? — сказаў Арцём.
— Можа, куды далей ад менскай паліцыі? — здзівіўся Алесь.
— Не, трэба ў «Чабурэчку», якая цяпер завецца «Айцы-Заснавальнікі».
— Паспеем. Таксі для Карлавіча яшчэ доўга не будзе. Менск перакрыты, я выбіраўся на паверхню, бачыў.
— Ты ўсё са сваймі коміксамі ў Менск наведваешся?
— Ага.
— Прабілі новы падземны ход? — удакладніў Дзікун, але замест адказу атрымаў толькі «пффф...», маўляў, ясна — так.
«І вось што цікава, — падумаў Дзікун, узгадваючы крата-мутанта ў метро ды іншыя небяспекі ў Горадзе-Героі, — за ўвесь час у Менску усяго раз зачасаліся вочы. Як бы вакол поўна зброі, нерваў, супрацьстаяння, таямніц, а сігналаў пра небяспеку амаль няма».
У «Чабурэчку» забіраліся праз кухню.
— Здароў, Алесік, ты сёння з сябрамі? Бярыце во анучкі, пачысціцеся.