Выбрать главу

Усе роўныя перад майстрам-рэстаўратарам, «як у лазні ці аўташколе». Хто ні зойдзе — западозрыць хоць у чымсьці практычна немагчыма. Напрыклад, ва ўдзеле ў Супраціве.

Задача нумар адзін падпольшчыкаў бы­ла ў тым, каб захаваць сябе для чаканых баявых дзеянняў. Для большай эфектыўнасці спачатку трэба было выканаць зада­чу нумар нуль: высветліць, хто канкрэтна будзе на чыім баку ва ўладных структурах, калі вайна пачнецца. Адпаведна, зразумець, як сябе паводзіць з пачаткам баявых дзеянняў. Ці трэба будзе выходзіць з Падполля, каб падтрымаць уладу ў змаганні з агрэсарам, ці наадварот — застаючыся ў Падполлі, ударыць у тыл здраднікам радзімы. Пакуль чакалі канкрэтыкі, абжывалі метро, калектары, пераходы між заводамі і нават між дотамі часоў папярэдняй — ІІ сусветнай — вайны. У Менску было дзе разгарнуцца пад зямлёю.

А над зямлёй... А над зямлёй адна з канспіратыўных кватэраў мясцілася ў раёне плошчы Перамогі, вокнамі на раку Свіслач. Недалёка на пагорку быў бачны масіўны будынак Міністэрства абароны. Кватэру ў гэтым месцы знялі выпадкова, проста прапанова падалася выгаднай. Але ўдзельнікі Супраціву жартавалі, маўляў, знялі «спецыяльна для натхнення» — каб мець перад вачыма аб'ект інтарэсу. Кватэру замаскіравалі пад блатхату.

Нават калі спецслужбы і ладзілі праслухоўванне, яны ўсё роўна не маглі пачуць тых важ­ных размоваў, якія вялі міжсобку падпольшчыкі: у гармідары крыкаў, рогату і няроўных песень, што часта пачыналіся, але рэдка даводзіліся да канца. Кутняя кватэра не межавала наўпрост з іншымі. А таўсценныя «сталінскія» сцены ахоўвалі падпольшчыкаў ад канфлікту з суседзямі. Такая тактыка маскіроўкі дала найбольшы плён. Групы, якія абіралі для сябе іншыя віды канспірацыі, больш цярпелі ад выкрыцця і пераследу.

Неяк Альгердыч чарговы раз уздымаўся па нестандартна высокіх прыступках туды, на самую верхатуру, дзе сябры па барацьбе ўжо нарэзалі закускі, адкаркавалі бутэлькі і падрыхтаваліся да сур'ёзнай — на ўсю ноч — работы.

У рэдкіх выпадках, калі трэба было працягнуць і рана ранкам, недалёка — каля крамы «Акіян» — дзень і ноч працаваў шапік «Хутка-смачна» (у народзе «Хутка-брыдка») з півам і хот-догамі, якім далі мясцовую менскую назву — «хадуны». Альгердыч для сябе жартам называў «хадунамі» публіку, якая таўклася каля шапіка а пятай раніцы.

Альгердыч зайшоў у кватэру і ўбачыў яе — Зулю. Пазней менавіта выведніца Зу­ля здабудзе найбольш каштоўную інфармацыю, якая паўплывае на хаду дзейнасці ўсяго Супраціву. А пакуль Зуля сядзела ў коле мужчынаў і трымала бутэльку віскі ў руцэ. У класіфікацыі аднаго з Зулевых паплечнікаў па змаганні, «у жанчыны адсутнасць жопы кампенсуецца высока задраным носам». У Зулі і жопа была што трэба, выпуклая і пругкая, і нос быў задраны. Ну як нос — носік.

Рост у Зулі быў ніжэйшы за сярэдні. «Не, не так, — сказаў Альгердыч. — Калі шчыра, малюпасенькая ростам, цыцкастая, дупастая, энергічная кабетка, у якой рот не закрываецца ні на імгненне. І якая можа ўліць у сябе неверагодную колькасць алкаголю, усё вакол перавярнуць і разбамбіць і пры гэтым застацца на нагах. Вось такая была Зуля».

Каштанава-мядзяна-брунецісты колер гус­тых валасоў быў натуральным. Вочы змянялі адценне ад татальна — на ўсю зрэнку — цёмна-карычневага, амаль чорнага, да залаціста-карычневага ў зеляніну. Ні ад асвятлення, ні ад прыняцця якіх-небудзь рэчываў змена адцення вачэй не залежала. Зуля выказвала меркаванне, што ў такі спосаб выяўляюцца патаемныя жаданні, якіх яна сама не фіксуе. У залежнасці ад настрою Зуля магла выглядаць дзевачкай-прыпевачкай, а магла быць кабетай «я вас усіх з'ем, сукі».

У вечар знаёмства з Альгердычам Зуля накаціла грамаў трыста пяцьдзясят і пачала спяваць песні ўласнага сачынення. Пра любоў, каханне і змаганне. Паціху, паціху, усё галасней, а пасля Зуля ўхапілася за гальштук сувязнога з аддаленай ускраіны гораду і пацягнула яго ў калідор, а адтуль у туалет. Зулю спынілі.

Зуля ледзь не перасварыла ўсіх мужчынаў, прычым ніхто не зразумеў прычыны. Зуля выліла сабе на галаву кухаль піва, змяшала ў сабе ўсе напоі, што былі на стале. Зулю выцягвалі з акна, у якое яна раўла яшчэ нядаўна мілагучныя песні. Яна паспрабавала залезці на стол, на шафу і ў штаны ўсім прысутным, а пасля захрапла ў суседнім пакоі, і дзелавая сустрэча працягнулася.