Выбрать главу

— Прывет, Юля, многа народу сёння?

— Мала, усе ў цэнтры, на свяце інтэрнэту. Адзін Карлавіч з раніцы засеў. Цяпер во таксі заказаў, а яно ўсё не едзе. А дзе там, усе людзі вакол плошчы Свабоды, відаць. А, ты ж не чуў? Мэрцы нашай прад'явілі падман выбарнікаў, штосьці з «каларадкай», цяпер каля Ратушы такое творыцца!

— Алесь, мы пасля на тэрыторыю анархаў рушым, ты з намі? — спытаў Арцём.

— Не, не, не!

— Чаму? Бо яны супраць дзяржавы? Яны ж, як і вы, «за народ», — здзівіўся Дзікун.

— Не, не, не! Яны за народ, дзе ёсць гамасекі, дзе легалізаваныя прастытуцыя і марыхуана. Не, не, не! Вы, давайце, ужо без мяне. Мы нават хадоў не ведаем пад іх тэрыторыяй. — Алесь Першазвон раздражнёна махнуў рукой і шмыгануў назад у скляпенне пад кухняй.

— На «каларадцы» сядзяць, — пракаментаваў Арцём.

— Усе падземныя?! — не паверыў Дзікун.

— Усе. Ёсць нават версія, што Міністэрства абароны яшчэ да Выбуху на іх суполцы выпрабоўвала чацвертую ступень «каларадкі». Хоць гэта хутчэй проста байка. Хадзем у залу.

Партрэты мужчынаў, апранутых па модзе пачатку ХХ ст., з дакорам глядзелі на адзінага наведніка кавярні. Прынамсі, здавалася, што айцы — заснавальнікі БНР не адабраюць Артура Карлавіча, які гэтым святочным днём з дапамогай чаркі абраў шлях хуткага выключэння сябе з агульнаграмадскіх працэсаў. Вусы Карлавіча тапырыліся, аправа была пагнутая, вочы глядзелі перад сабой задуменна. А тут раптам бах — перад носам прызямліліся два мужыкі, адзін з якіх у фор­ме вайсковай паліцыі.

— Арцём? Дарагі, не магу паверыць, я думаў, тут мала каго са знаёмых сустрэну.

Карлавіч выдаў эмоцыю здзіўлення, не большую як для тыдня расстання. Хоць з радараў знаёмых былы спецыяльны карэспандэнт агенцтва «Баец» знік акурат перад Вялікім Выбухам — больш за трыццаць гадоў таму.

— Гэта яшчэ што, Артур Карлавіч, знаёмцеся з маім прыяцелем Стасем — гадаванцам Фларыяна Корда.

— Фларыяна?! А-я-яй, — не было зразумела: ці суразмоўца Дзікуна іранізуе, ці ён сапраўды злёгку шакаваны.

У Дзікуна пачалі часацца вочы. Пагроза паэкуль была далёкая, але яна насоўвалася.

— Стась, Станіслаў... А як вас па бацюшку?

— У нас гэтая форма не ўжываецца.

— А, ну так, ну так, Фларыян казаў мне. Цэлую лекцыю прачытаў пра шкодны ўсходні ўплыў на культуру зваротаў. А я вось прызвычаіўся па бацюшку.

Карлавіч ажно ўзмакрэў, так хваляваўся.

— Рады вас бачыць, Станіслаў, — Карлавіч пацягнуў руку для вітання. Толькі не для поціску, а для таго, каб ляснуць далонню аб далонь. Дзікун адказаў на вітанне.

Артур Карлавіч заплакаў. Дакладней, усплакнуў. Зусім трошачкі. Намацаў побач з сабой на лаве кепку, выцер слёзы, усхліпнуў, усміхнуўся:

— Дык вось дзе ты быў, залаты ключык!

23

— Трэба ісці, — Дзікун ускочыў, — за­раз жа!

Арцём пакінуў на століку некалькі менскіх баксаў, падхапіў пад руку Карлавіча, і ўсе ўтрох энергічна пасунуліся да выхаду. КПП між Менскам і зонай, кантраляванай анархамі, быў літаральна за хвіліну хады ад «Чабурэчкі» — побач з гатэлем «Менск». Далей была плошча Незалежнасці, а за ёю недалё­ка — вакзал. Сэнс КПП быў толькі ў тым, каб менскія, вяртаючыся дамоў з клубаў «Сталіцы», не праносілі марыхуаны, якая ў Менску была толькі часткова дазволеная і прадавалася ў аптэках маленькімі дозамі. На тэрыторыі Канфедэрацыі анархістаў быў поўны легалайз.

Перад КПП Арцём надзеў свой шалом, прыкрыў палову твару забралам, кінуў калегам з памежнай паліцыі фразу «гэтыя са мной!» — і вось яна, тэрыторыя, недасяжная менскім уладам. У гэты момант завылі сірэны, а з рацыі ў памежнікаў закрычаў загад пра неабходнасць перакрыць усе выхады з Менску ў звязку з ваенным становішчам. «Уффф, паспелі!» — «трэцяе вока» бачуна магло быць задаволенае.

Да тройкі падышла пара ўзброеных аднымі мачэтэ хлопцаў.

— Прывітос, куды рушым, якую зброю маем, чаму ў форме?

— Афіцыйна, да Камандантэ, вось пісталет, вось абоймы.

— А, Арцём, здароў. А што там у вас за шум-крык у Менску?

— Неўзабаве дазнаецеся.

— Што гэта яны на мяжы так лёгка ўзброеныя? — здзівіўся Дзікун, калі патрульныя анархі крыху адышлі.

— Бачыш шматпавярховік? Гэта Пед, — патлумачыў Арцём. — Былы Педагагічны інстытут. Там наверсе — снайперы.

Праз пару дзясяткаў метраў Карлавіч перапрасіў і прысеў на лаву. Спінай да Чырвонага касцёлу, а тварам да былога Менгарвыканкаму. Пад плошчай была «Сталіца» — тры ўзроўні забаўляльных клубаў. А ў былым Менгарвыканкаме зрабілі інтэрнат для прастытутак, якія працавалі тут побач, пад зямлёй. Над уваходам у Менгарвыканкам вісеў банер «Бясплатны прыём», але насамрэч гэта была рэкламная замануха рэстарану, які мясціўся на першым паверсе і працаваў круглыя суткі.