Выбрать главу

— А-я-яй, — пахістаў галавой Карлавіч, гледзячы на касцёл, — тут храм, а тут сама побач распуста.

— Прынялі амстэрдамскі прынцып.

— ?

— Ведаеце, як у Амстэрдаме ў Сярэднявеччы ўтварыўся квартал чырвоных ліхтароў? Святары касцёлу, які і дагэтуль стаіць там, недалёка ад порту, гэтыя святары зразумелі, што прастытуцыя не знікне — колькі ні прапагандуй здаровы лад духоўнага жыцця. Таму вырашылі сабраць усіх прастытутак вакол сябе, каб дапамагаць ім і духоўна і медычна.

— Вось малайцы якія, — няўпэўнена адказаў Карлавіч і ўзняўся, каб працягнуць шлях. — Дык тут кіруюць сапраўдныя анархісты?

— Ну як сапраўдныя — розныя.

— А куды ўсе дзеліся? — спытаўся Карлавіч, паказаўшы на Дом Ураду.

— А як Вада пайшла, то хто куды, мы адрасы не пыталіся. У Менску і ваколіцах засталіся альбо тыя, у каго не было грошай уцякаць, альбо тыя, хто нікуды і не збіраўся.

— Хачу ў «Сняжынку», там я правёў найлепшыя часы жыцця, калі не лічыць «Бутэрброднага-Плюс-М», — раптам заныў Карлавіч. — Застаўся міні-бар «Сняжынка» побач з вакзалам?

— Там даўно вегарня. Веганская ежа.

Карлавіч цяжка ўздыхнуў.

— Пане Артуру, што за «залаты ключык», пра які вы ўзгадалі? — спытаўся Дзікун.

— Спачатку прыйдзем на месца, у штаб анархістаў, усё раскажу.

Як анархісты ўяўляюць сабе ўладкаванне грамадства, Дзікун ведаў. Галоўная ідэя — замест інстытуту дзяржавы мусіць існаваць самаарганізацыя людзей у выглядзе неза­лежных адна ад адной суполак, якія мусяць утвараць свайго кшталту канфедэрацыі. Гэты пункт ідэалогіі анархізму вельмі дзівіў Дзікуна тым, што быў падобны да ідэі майстроўняў, якія былі незалежнымі адна ад ад­ной і ўтваралі канфедэрацыю.

На прывакзальнай плошчы між дамоў-вежаў, аднаго з сімвалаў Менску, быў яшчэ адзін КПП. На гэты раз сур'ёзны, з аўтаматчыкамі і БТРам. Арцём казырнуў, зноў сказаў пра Камандантэ, аддаў пісталет. Усіх трох візіцёраў абшукалі і суправадзілі ў будынак Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу. Да бы­лой сталоўкі «ХХ век» на другім узроўні. Бліжэй да вокнаў на крэсле за пластыкавым столікам сядзеў мужык, які трымаў у руках коміксы «Альгердава дзіда». Вокладка прыкрывала твар.

— Сюрпрайз! — сказаў мужык, адкладаючы сшытак.

Гэта быў Мао.

Карлавіча пасадзілі па цэнтры і расселіся паўколам. Да прысутных далучылася кабета, якая сваёй яркай адзежай кантраставала з камуфляжнымі тонамі, што панавалі на вакзале.

Карлавіч расказаў пра тое, што атрымаў у свае рукі чароўную бульбіну, пасля выпадкова на працы дазнаўся, што дзіўная знаходка ёсць у сакрэтнай распрацоўцы вайсковых бульбаводаў, і ўцёк, бо хацеў вечнага здароўя, але не ў засценках спецслужбаў.

— Мы з Пацярпелай параіліся...

— З кім?

— З жонкай маёй. Я яе Пацярпелай клічу. Са мной жыць — тая яшчэ прыгода. Параіліся і ціхенька з'ехалі ў Налібацкую пушчу, хутар там купілі, я нешматлікім суседзям пісьменнікам назваўся. У прынцыпе, гэта амаль праўда, я ж зрабіў калісьці кніжку аб тым, як правільна склейваць мадэлі караблёў... А жонка — прафесійная пчалярка. Так і жылі трыццаць гадоў. Цяпер вось вярнуліся. А ўсё праз маю неахайнасць. Адпрацаваную брагу кінуў побач з апаратам. Думаў, заўтра прыбяру. А кабаны спачатку брагу пажэрлі, напіліся і заадно дзялку з маёй дзіва-бульбай зжэрлі ўсю дашчэнту. Іх на брагу шмаааат прыйшло. Вытапталі зямлі як футбольны стадыён. Э... Школьны футбольны стадыён...чык.

Карлавіч у Налібацкай пушчы для прыкрыцця гнаў самагон — каб ніхто не здагадаўся, для чаго ён так часта ў лес гойсае. «Ну не пры хаце ж тую залатую бульбу вырошчваць? А раптам бы контрвыведка мяне знайшла?»

Арцём:

— А навошта вам была патрэбная дзялка ажно са школьны стадыёнчык? Вы што — спажывалі тую бульбу?

— Троху.

— Троху — гэта як? Варылі-смажылі ці ціснулі гарэлку, як кажуць у тых краях аб працэсе выганкі самагону?

— Што вы — ціснулі! Мяне б там уся Пушча засмяяла, уключна з кабанамі. Там прынята толькі з жыта, ну, яшчэ пшанічная робіцца. Усё астатняе лічыцца ці ерассю, ці ашуканствам.

— Значыць, чароўную бульбачку вы толькі варылі і пяклі. — Задаволена канстатаваў Арцём, абарочваюся да прысутных з выразам твару, маўляў, не ўсё так кепска. — Тады зразумела, як так бадзёра вы пражылі трыццаць гадоў у замкнёнай лесам прасторы і не паехалі глуздамі.

Карлавіч папрасіў Дзікуна прадэманстраваць прысутным тату. Гэта была выява далоні на далоні.

— Гэтае тату, сябры мае, — дакладны скан далоні Ціцюкіна, які зрабіла Зуля, па­куль той спаў. Гэта ключ да таемнай лабараторыі ў інстытуце бульбаводства. Такая са­мая далонь ёсць і ў Фларыяна Альгердавіча, так, Станіслаў?