— «Чорныя» як зброя?
— Вельмі падобна.
— Я не ўпэўнены, ці гэта важна. Мне падалося, у лабараторыі было штосьці кшталту пульта, — сказаў Карлавіч.
— Звычайная рэч, здаецца. У свой час са смартфона можна было зрабіць пульт для чаго заўгодна, хоць для крышкі ўнітаза, — Мао быў скептычны.
— Мяне здзівіла... Я запомніў... — працягнуў Карлавіч. — Мяне здзівіў выгляд пульта. Ён быў вельмі прымітыўны на фоне астатняй прысутнай тэхнікі. Такі... Як «бабульчын мабільнік». Штосьці на віду, чым вельмі рэдка карыстаюцца.
— Хм, няўжо не было спакусы націснуць і спраўдзіць, што за пульт? — спытаў Мао.
— Была. Націснулі. На маленькім акенцы высвеціла патрабаванне паролю.
— Артур Карлавіч, чаму вы раней не сказалі, што былі ў лабараторыі?
— Трывога... Кароль уладарыць у Горадзе-Героі. Ціцюкін першыя гады пасля Вялікай Вады быў заўважны побач з Каралём. Пасля Ціцюкін знік. У іх камандзе, абазнанай ва ўсіх дэталях справы з лабараторыяй, быў яшчэ трэці чалавек. І хутчэй за ўсё ён быў не з сістэмы Міністэрства абароны, інакш пра яго дазнаўся б калі не я, то Зуля. Яны для нейкай спецыфічнай задачы, не падуладнай іх кампетэнцыям, даверыліся трэцяй асобе. І калі гэты чалавек застаўся ў Менску... У сэнсе, альбо ў Менску, альбо ў Горадзе-Героі, і дазнаецца, што я шмат ведаю, я магу аднойчы не дайсці дадому. Але раз «чорныя» ўжо на парозе і гатовыя наступаць...
Мао рэзка ўзняўся і сышоў. А яркая кабета назвалася:
— Кацярына. Віця мне пра вас крыху распавёў.
— Віця?
— А-ха-ха, не магу прызвычаіцца да мянушак! Камандантэ, альбо інакш Мао.
— Дык вы... — Дзікун асекся. Што сказаць? Што нейкі Альгердыч калісьці распавёў пра псіхатэрапеўтку Кацярыну, якая прафінансавала першы атрад падполля? Адкрытая гэта інфармацыя ці не? Ды «чорныя» вось-вось уварвуцца, нашто гістарычныя згадкі.
— Што я? — усміхнулася Кацярына. — Не, я не з тутэйшай супольнасці. Я жыву на плошчы Незалежнасці, у доміку пачатку ХХ стагоддзя. Бачылі побач з касцёлам? Колішні даходным дом. Вось там і жыву, у мяне акурат побач пад зямлёй бізнес — у «Сталіцы». Не, мы не тое каб пара-пара, часам ходзім у госці адзін да аднаго.
Усе чакалі, калі вернецца Мао, каб пачаць дзейнічаць. А Кацярына, нібы нічога надзвычайнага не адбывалася, распавяла, што займаецца цяпер інвестыцыйным праектам, які мог бы дазволіць Канфедэрацыі анархістаў стаць энергетычна незалежнай ад Менску. «Са смецця можна здабываць газ. Дзякуй пакаленням, якія навалілі тэрыкон смецця пад пасёлкам Навінкі. Патэнцыял па газе — ацяпленне дваццаці пяці тысяч сямей цягам дзесяці гадоў. А ў нас тут сямей тысячы тры, не болей, вось і лічыце. Плюс вядзем перамовы з Горадам-Героем наконт распрацоўкі гары смецця за Трасцянцом. Праўда, яны ўсё трасуцца над сваймі «прыроднымі багаццямі» і выгандлёўваюць сабе пяцьдзясят працэнтаў выніковага прадукту. Але яшчэ паглядзім, хто ўмовы будзе дыктаваць».
Кацярына выказала спадзяванне, што Горад-Герой адкрыецца і як рынак працоўнай сілы, і як рынак збыту, і як пастаўнік сыравіны для газу — без мытных збораў.
— Праўда, Віця спрачаецца са мной, кажа, што калі скінуць прыгнёт Караля, народ Горада-Героя мусіць самавызначыцца. Маўляў, анархісты дапамогуць ім з гарызантальнай арганізацыяй грамадства, а таму нам — капіталістам — будзе цяжка, як ён кажа, за тры капейкі выкупляць рэсурсы. Паглядзім.
24
Нарэшце вярнуўся Мао. Разам з двума хлопцамі і дзяўчынай. Назваў паплечнікаў: Маўлюк, Нядзельнік і Яя. Праз хвіліну зайшлі яшчэ чалавек дзесяць узброеных людзей. Мао ўжо не губляў часу на знаёмства.
— Мы ўсе параіліся, — паказаў на новапрыбылых, — і прынялі рашэнне.
Мао разгарнуў на стале мапу. Павярнуўся, паказаў на Маўлюка, Нядзельніка і Яю:
— На ўсялякі — вось вам падмацаванне: усе разам вы ідзяце ў лабараторыю ў Бульбаінстытуце. Да старога Чэрвеньскага рынку вас падвязуць на дрызіне. Абыдзеце рынак па вуліцы Аранжарэйнай. Пяройдзеце Чэрвеньскі тракт тут. А вось тут ужо і недабудаваны паркінг стаіць акурат побач з інстытутам. Ці адразу праз галоўны ўваход зойдзеце, Карлавіч?
— Праз галоўны не ведаю як. Праз паркінг ведаю.
— Добра, уваходзіце праз паркінг, вось вам рацыя, Дзікун, трымай. Ты наперадзе пойдзеш як бачун. За табой — Карлавіч як адзіны, хто ведае шлях, Карлавіча ахоўвае Арцём, мае людзі прыкрываюць вам хвост. Як толькі вы вяртаецеся з добрымі навінамі, пачынаецца аперацыя. Бронецягнікі абстрэльваюць Серабранку і Чыжоўскую затоку. А-ку-рат-нень-ка абстрэльваюць, каб нікога і нічога не зачапіць. Прыцягваем увагу праціўніка. Адначасова дыверсійную групу закідаем на вяртушцы максімальна блізка да ЦЭЦ-3. Так, у нас ёсць верталёт... Маленькі, прагулачны, для турыстаў, але верталёт. На два пасажырскія месцы. Значыць, у групе будзем я і Дзікун. Важна! Калі раптам «чорныя» актывізуюцца, а вы ўсё яшчэ будзеце пад зямлёй, аперацыя пачынаецца аўтаматычна.