Усе кіўнулі галовамі.
— Яшчэ раз. У лабараторыі ёсць пульт, які, напэўна, можа нам дапамагчы, але мы не ведаем, як дакладна. Магчыма, у лабараторыі ёсць інфармацыя аб абсалютнай зброі, але мы не ведаем, якая канкрэтна. Там ёсць штосьці, звязанае з «каларадкай», але ці спатрэбіцца нам гэтая інфармацыя сёння? Не факт. Тым не менш, мы рызыкнем, бо спадзяемся на падказкі з лабараторыі. Артур Карлавіч ведае падземныя хады, а Дзікун мае ключ ад дзвярэй. Мы страхуем і трымаем верталёт напагатове. Спадзяемся, што ён спатрэбіцца раней, чым «чорныя» пойдуць у атаку. Усім поспехаў, йолы, блін, колы!
***
— Лявей страляй!
Удзельнікі экспедыцыі ў лабараторыю ўжо сёмую хвіліну вялі бой. Хтосьці залёг за мяхамі з цэментам, хтосьці схаваўся за калонамі скляпення пад недабудаваным паркінгам. Панавала цемра. Працэнтаў на дзевяноста пяць. Святло дзе-нідзе прабівалася праз шчыліны ў недаробленай столі.
— Дзікун, вядзі ў атаку! — крыкнуў Арцём.
Дзікун зрабіў выгляд, што праз грукатанне стрэлаў не пачуў. Арцём адразу павёў каманду ў наступ, ці запальваецца дзе святло — нават не шукаў. Відавочна верыў у здольнасці бачуна. Дзікун нікому не сказаў, што адзіныя, ці адзінае, чаго ён не бачыць, — гэта «чорныя». Усё, чым можна было цяпер дапамагчы, — гэта падказваць, куды адхінацца ад кулі праціўніка. Байцы апынуліся ў патавай сітуацыі: адступіць было небяспечна, а далей наступаць — наагул самагубна.
Раптам уключылася святло. «Чорныя» рэзка схаваліся за калонамі. Аднекуль згары незадаволена паўкрыкнуў голас:
— А што тут за херня творыцца?!
— Саша?
Будаўнік Саша глядзеў у шчыліну ў столі.
— Арцём? Арцём, вунь адзін гад схаваўся направа ад сярэдняй калоны!
Арцём і астатнія байцы паглядзелі ў правы бок, але нікога не заўважылі.
— Ды вунь жа чорны касцюм, побач з водным стаяком!
Дзікун кінуў гранату ў пазначаным кірунку.
Бах!
Відавочна Дзікун пацэліў, бо з месца выбуху прыляцелі пырскі... Не, не крыві.
— Глядзі-глядзі! — палец Арцёма паказваў туды, дзе нядаўна рванула граната. Раскіданы выбухам белы парашок збіраўся ў купкі і ўцякаў кудысьці за калоны. Такі самы парашок абляпаў Арцёма, які ўзяў рэчыва на палец і панюхаў:
— Крухмал! Бляхаўка, гэта жывы крухмал! — Арцём скідануў рэшткі парашка з пальца і ажно адскочыў.
— Не ўкусіў цябе крухмал? — пажартаваў Саша, які спусціўся згары. Але прысутным было не да смеху. Усе з жахам глядзелі на парашок, які, здавалася, супраціўляўся, калі яго запіхвалі ў пустую паўтаралітровую пластыкоўку. Так у Менску называлі пластыкавыя бутэлькі.
Нядзельнік і Яя заблакавалі ўваход у калідор, у якім зніклі «чорныя». Астатнія размаўлялі. Нібы і не было толькі што смяротнай пагрозы.
— А вось гэта, відаць, шостая ступень, раз пятую ўжо вынайшлі, — прамармытаў Артур
Карлавіч, разглядаючы парашок. Але Карлавіча не пачулі.
— Саша, як вы сюды трапілі? — спытаўся Маўлюк, — Тут памежная зона Канфедэрацыі анархістаў.
— А ў мяне пропуск, — паказаў картку Саша, — нам гэты аб'ект далі на дабудову. Інвестары з Заходніх тэрыторыяў, аднекуль з-пад Маладзечна. Лагістычны цэнтр бла-бла-бла. Гэта цяпер мой другі аб'ект пасля цырку. Сёння выходны, а ўчора я ў спяцоўцы партманет пакінуў. Вось вярнуўся, чую — грукат нейкі, а тут вы.
— «Шасцёрачка», — сам сабе паўтарыў Карлавіч. — Жывы крухмал. А магчыма, не жывы, а паўжывы і неяк запраграмаваны.
— Пра што вы, Артур Карлавіч? — перапыніў Арцём.
— Трэці ў звязцы Ціцюкін — Кароль — ікс быў праграміст. — працягваў мармытаць Карлавіч.
Дзікун не слухаў Артура Карлавіча. Стала ясна, што нейтралізаваць «чорных» вельмі проста. Была яшчэ адна рэч, якую ніхто з прысутных не ведаў, апроч Дзікуна: «чорныя» баяліся вады. Пасля атакі на рыбацкія чаўны ў акваторыі Добрага Месца да зямлі прыцягнулі адно пусты гідракасцюм «чорнага». Цяпер Дзікун зразумеў, што ўнутры касцюма быў жывы крухмал, які проста распусціўся ў вадзе.
Усіх справаў — адкруціць вентыль стаяка водазабеспячэння. Калідор меў ухіл у патрэбны бок. Вада пайшла пад ногі і далей па падлозе.
— Цяпер нават самая невялікая драпіна будзе для «чорных» небяспечнай, — падсумаваў Дзікун.