Выбрать главу

***

Вада плюс асколкавыя гранаты — і вось яно, заканчэнне бітвы з «чорнымі» ў сутарэннях пад паркоўкай. Ашмёткі гумавых касцюмаў і дзесяць «калашоў», раскіданыя па калідоры, падтопленым вадой.

— Дзікун, дзякуй табе аграмадны! — не хаваў захаплення Арцём. — Калі б не ты, мы маглі б тут загразнуць надоўга.

Прысутныя шчыра радавалісяі. Кожны паціснуў Дзікуну руку.

Маўлюк пабег закрываць вентыль, а Карлавіч разглядаў рэшткі жывога крухмалу, які распускаўся ў глыбокай лужыне пад нагамі:

— Калі гэта абсалютная зброя, то нейкая непераканаўчая.

— Сплюньце! — адказалі ўсе хорам.

Маўлюк вярнуўся, каманда сабралася ўваходзіць у металічныя дзверы, на якіх бы­ла ледзь бачная намаляваная далонь. У гэты момант з-за рога калідора проста па сцяне выпаўзла аграмадная рука белага колеру, схапіла Карлавіча за шыю і пацягнула назад за сабою. Байцы толькі на секунду аслупянелі і амаль адразу кінуліся за сваім сябрам. За рогам была зала метраў дваццаць на дваццаць, пасярод якой стаяў васьміногі сямірук без галавы, але з тузінам вачэй і трыма ратамі на жываце.

— Жывы крухмал споўзся, — прахрыпеў Карлавіч.

— Дзікун? — здзіўлена спытаў Арцём.

— Я не адчуваю «чорных», — прызнаўся Дзікун.

Карлавіч задыхаўся. Вырачыў вочы, адчайна махаў рукамі і нагамі.

— Нельга страляць, у Карлавіча можам трапіць, — папярэдзіў Маўлюк.

— Дый патронаў амаль не засталося, — удакладніла Яя.

— Цягаць ваду цэбрам! — прапанаваў Ар­цём, і ледзь увярнуўся ад трох рук, якія выцягнуліся нібы тэлескапічныя вуды, і паспрабавалі схапіць Арцёма за галаву.

— Не паспеем! — крыкнуў Дзікун.

Рука, што трымала Карлавіча, адвалілася ад тулава монстра, і прыпячатала палоннага да падлогі. Асноўная крухмальная канструкцыя рушыла ў наступ.

— Нажамі! У каго ёсць, адбівайцеся нажамі! — заклікаў Дзікун, а сам ухапіўся за ба­гор, які вісеў у калідоры на шчыце супрацьпажарнай бяспекі. Вялікі нож быў толькі ў Арцёма. — Саша, бяжы назад, цягні кавалкі арматуры з будоўлі! Без абалонкі гумавых касцюмаў крухмал развальваецца ад любога ўколу ці парэзу.

Васьміногі сямірук паспяхова працягваў наступ. Адарваныя нажом і багром рукі праз хвіліну аднаўляліся.

— Трэба нейтралізаваць адарваны ад тулава крухмал, — крычаў Дзікун! — Яя, Маўлюк, Нядзельнік, займіцеся мяхамі з цэментам, засыпайце тое, што мы з Арцёмам адрэжам!

Каманда Дзікуна павольна адступала, зацягваючы васьміногага сямірука ў падземны гараж, дзе было поўна мяхоў з цэментам і будаўнічага друзу.

Рыдлёўка — лепшая зброя супраць жывога крухмалу. Рыдлёўкі валяліся тут сама ў недабудаваным гаражы. Раз — адсек крухмальную руку, два — прысыпаў яе цэментам. Тры — паліў вадой. Гэта Нядзельнік: знайшоў на будоўлі шланг і падключыў яго да воднага стаяка. Бах — удар арматурай, бабах — багром, вжых — нажом. І зноў цэментам і вадой.

Паўтары гадзіны праляцелі незаўважна. І ўсе засталіся жывымі, нават Карлавіч.

Пакурылі. І Саша, які завязаў сто гадоў та­му, і Яя, якая і не пачынала ніколі. А Карлавіч дастаў з унутранай кішэні пінжака фляж­ку, спачатку сам зрабіў вялікі глыток, пасля прапанаваў рэшткі прысутным. Прысутныя ахвяравалі ўсё Карлавічу, які найбольш з усіх перапужаўся і відавочна меў патрэбу ў анестэзіі нервовай сістэмы.

Праз паўгадзіны ўсе вярнуліся да лабараторыі, і Дзікун прыставіў руку да малюнка на сцяне побач з уваходам. Дзверы адчыніліся і... На калідор вывалілася мумія ў ашмотках вайсковай уніформы з пагонамі генерал-маёра.

— Прывет, Ціцюкін, — нядобра ашчэрыўся Арцём.

Астатнія асцярожна пераступілі цераз це­ла, якое лягло проста перад дзвярыма. Карлавіч агледзеў лабараторыю:

— Ідэальны кліматычны рэжым.

Лабараторыя была метраў пяць вышынёй, амаль круглая, метраў дваццаць у дыяметры. Кампутары, кампутары, а таксама мноства тэхнікі невядомага прызначэння. Прынамсі, ніхто не змог сходу назваць, што тут да чаго. На супрацьлеглай ад уваходу сцяне вісела лесвіца, якая ўпіралася ў люк на столі.

— Артур Карлавіч, а вы ж, здаецца, пісалі артыкул у свой час пра вайсковых бульбаводаў? — спытаў Маўлюк. — Я бачыў штосьці ў вашай гэтай газеце «Баец». Што вы скажаце пра лабараторыю?

— Гэта была строга засакрэчаная інфармацыя пра бульбаводаў. Я пісаў наагул пра вайсковых хімікаў. Увага! Глядзіце. Мумія Ціцюкіна была тут — каля самых дзвярэй. На целе ёсць кулявая адтуліна ў раёне сэрца. Заўважылі? Паглядзіце. Значыць, генера­ла застрэлілі, калі ён закрываў дзверы. І за­мок паспеў замкнуцца. Бо Ціцюкін застаўся адзін. Хтосьці выходзіў з лабараторыі, альбо наадварот, хацеў патрапіць, але не паспеў.