Выбрать главу

І вось тут Дзікун адчуў пагрозу, якая сыходзіла ад аднаго з прысутных у лабараторыі. Але паколькі людзі стаялі кучна, зразумець, хто менавіта фаніў небяспекай, не было як. Раптам Дзікун заўважыў рэч, якая паводле стылістыкі рэзка выбівалася з антуражу лабараторыі. Гэта быў кнопачны мабільны тэлефон. Такія непрацяглы час былі ва ўжытку на пачатку ХХІ стагоддзя. Дзікун ведаў гэта са школьнага курсу агульнай гісторыі, але ўпершыню бачыў такую антыкварную рэч. Тэлефон ляжаў на асобнай палічцы, якая стаяла на высокай падстаўцы.

— Ого! — усклікнуў Саша і з захапленнем узяў у рукі мабільнік. — У мяне такі самы быў — «Nокіа 3310». Арэхі калоць можна — цэгла! І надзейны як танк.

— Стой! — крыкнуў Арцём і літаральна падляцеў да Сашы.

«Ёсць!» — сказаў сам сабе Дзікун у момант, калі пальцы Арцёма дакрануліся да тэлефона. Цяпер Дзікун дакладна ведаў, што будзе далей і што трэба рабіць.

— Апроч Караля і Ціцюкіна тут, у лабараторыі, быў трэці — праграміст, — цяпер ужо ўпэўнена заявіў Артур Карлавіч. — Але ў праграміста не было доступу да дзвярэй. Ён не мог самастойна трапляць у лабараторыю. Яму быў патрэбны той, хто мае ключ.

Усе ўважліва слухалі, апроч Арцёма, які надзяваў на сябе незвычайнага выгляду шапачку: падобную да тых, што карыстаюць у басейне, але з навушнікамі. Арцём пасунуўся бліжэй да сцяны, да якой быў прымацаваны рубільнік, узяўся адной рукой за ры­чаг і прамовіў:

— Так, Артур Карлавіч, гэта мне трэба бы­ло трапіць у лабараторыю. Гэта я той самы праграміст, які працаваў з Каралём і Ціцюкіным, і якога яны вырашылі кідануць. Паабяцалі долю ва ўладзе, а самі хацелі мяне адправіць на Свінакомплекс, каб ператварыць у аднаго з «чорных». Таму я столькі гадоў пасвіў кагосьці з Новай Зямлі, бо ведаў, што Альгердыч шмат чаго накапаў. У тым ліку та­кой інфармацыі, якой не было ў мяне. І мае спадзевы, мае гады чакання і пільнавання далі плён у выглядзе Дзікуна.

Нядзельнік з Яяй напружылі рукі на сваіх аўтаматах, але Дзікун ціха падаў знак «адбой».

— Гэта не мабільнік, гэта пульт, — Ар­цём ціскаў пімпачкі. — Цяпер там, наверсе, усё заварушылася. Рэжым патрулявання і рэгулявання для «чорных» я пераключыў на рэжым атакі і знішчэння. Хто не пахаваўся — я не вінаваты.

За тыя некалькі секундаў, што вочы Арцёма былі занятыя пультам, Дзікун паспеў ціхенька пакласці свой пісталет на падлогу.

— Ну што ж, — бадзёра прамовіў Ар­цём. — Па-свойму я да некаторых з вас прыкіпеў. Але давядзецца развітвацца назаўсёды. Што я магу для вас зрабіць у фінале? А хоць бы патлумачыць, што тут адбылося. Э, красаўцы, аўтаматы акуратна знялі, паклалі Яі на рукі. А ты, зая, пакладзі зброю во на гэты стол побач са мною.

— А давай я цябе лепш застрэлю, — прапанавала Яя.

— Не паспееш, — парыраваў Арцём. — Я націсну на рубільнік, і ты не пачуеш цікавай гісторыі пра гэтую лабараторыю і пра Караля з Ціцюкіным.

— Яя! — Дзікун інтанацыяй даў зразумець, што не варта рабіць хоць якіх самастойных захадаў.

Дзяўчына сабрала зброю і паклала, куды сказалі.

— Апошні раз, калі я тут быў, — працягваў Арцём, — я праграмаваў пад кіраўніцтвам Ціцюкіна. У праграме было знішчэнне ўсіх, хто будаваў гэтую лабараторыю. А таксама ўсіх, датычных да праектаў «каларадкі». Ліквідацыю работнікаў здзейснілі першыя — эксперыментальныя — «чорныя». А вось асноўная праграма актывізавалася толькі праз шмат гадоў. Спачатку «чорныя» ўзялі Караля пад хатні арышт, пасля пачалі замяняць міліцыю ў Горадзе-Героі. У Ціцюкіна план быў распісаны на трыццаць гадоў наперад. Так, гэта я застрэліў Ціцюкіна, калі спрабаваў трапіць у лабараторыю і завалодаць пультам. Вось гэтым самым, што ў маіх руках. Хоць Ціцюкін даўно аддаў канцы, праграма яго жыла і жыве цяпер. Згодна адной з установак адносна «чорных», калі іхная крытычная маса накапілася, пачаліся пэўныя актыўнасці. Сярод іншага — водная выведка. На адных такіх выведнікаў-дыверсантаў напароўся ты, Дзікун, са сваймі рыбакамі. А ўсё гэта праграмавалася вось гэтым мазгамі.

Арцём вольнай рукой пагрукаў па сваёй галаве. А другой націснуў на рубільнік:

— Да пабачэння.

Штосьці шчоўкнула, ціха загуло, а людзі сталі глядзець у адзін пункт і казаць адначасова, не слухаючы нікога.

— ...Вашы традыцыі па-за духоўным кантэкстам — проста набор культурнага смецця, — прамармытаў Карлавіч.

— ...Анархізм — справа дарослых, а тут я бачу інфантылаў, якім патрэбная дзяржава, — праскрыпеў Нядзельнік.

— ...У нас жывуць суворыя рыбакі, якія не маюць люстэрак. Бо калі люстэрка бачыць іх позірк, то пужаецца і трэскаецца, — прашаптаў Дзікун.