Выбрать главу

Штосьці казала Яя, штосьці бубнеў Маўлюк.

Арцём адчапіў ад пояса вялікі армейскі нож. І сам сабе паведаміў:

— А цяпер я вас ціха, каб не пачулі наверсе, адпраўлю на той свет, сябры мае. Пакуль спахопяцца, пакуль знойдуць, дзе тут праход да лабараторыі, пакуль ускрыюць дзверы... О, як доўга яны будуць дабірацца да вас. — Лязо нажа дакранулася да шыі Яі. — Цэлую веч...

Бабах!

Саша пацэліў з пісталета Дзікуна проста ў галаву Арцёма.

— Ды вы рэальна дзеўбануліся! — сказаў Саша і выключыў рубільнік на сцяне.

Павісла паўза. Павісела і адвісла.

— Што гэта было? — Сашава інтанацыя была патрабавальна-разгубленай.

Усе пачуваліся няёмка, бо ніхто не мог узгадаць, што гаварыў.

— Гэта выпраменнік лухты, — патлумачыў Карлавіч. — Адна з пастак для нечаканых гасцей. Працуе і ў аўтаматычным рэжыме, і ў ручным, як цяпер. Уздзейнічае на фантазійную функцыю чалавечых мазгоў. Пабочны прадукт працы над «каларадкай».

Карлавіч уважліва паглядзеў спачатку на Сашу, пасля на Дзікуна. Дзікун ледзь прыкметна ўсміхнуўся і кіўнуў, маўляў, «так, Са­шу не ўзяло».

— Адключыў я ваш выпраменнік. Вы і праўда нагаварылі абы-чаго, — сказаў Саша.

Цяпер усе глядзелі на труп Арцёма.

— Нажом хацеў нас забіць? — дзелавіта спытаўся Дзікун.

— Так, адкуль ты ведаеш?

— Прадбачыў, Саша, прадбачыў.

— Дзякуй за ствол, Станіслаў, што мне падкінулі. Голымі рукамі я такога кабана, ды яшчэ ўзброенага, відаць, не заваліў бы.

— Дык вы ўсё прадбачылі і арганізавалі наша цудоўнае вызваленне, Станіслаў? — Карлавіч канчаткова працверазеў. Больш за тое, нават пачаў выпраменьваць радасць, а не пакуты бадуна і сумлення.

Дзікун чарговы раз за дзень атрымаў удзячныя поціскі рукі.

— А што вы тут робіце? — люк на столі адкрыўся і ўсе ўбачылі незадаволенае аблічча Мао. — «Чорныя» некалькі хвілінаў таму паперлі сцяной, а вы тут языкамі счапіліся і разбегчыся не можаце. А з Арцёмам што?

— А з Арцёмам тое, што ён цяпер не паведаміць коду ад такога патрэбнага ўсім нам пульта, — адказаў Дзікун.

***

«А я чую — стрэл пад нагамі. Гляджу — люк не да канца закрыты», — тлумачыў Мао, калі разам з Дзікуном бег сядаць у верталёт.

25

Верталёт высадзіў Дзікуна і Мао ў парку 50-леція Акцябра на дзіцячай пляцоўцы. «Да­лей не магу, — патлумачыў пілот, — ЦЭЦ-3 мае ўласную супрацьпаветраную абарону».

Перад тым Мао затэлефанаваў на радыё «Адзінка» з просьбай даць абвестку на адрас Сузаны Анатолеўны Шубзды. Ад імя Мао. Каб яна выйшла на сувязь праз радыёкропку Горада-Героя. Папрасіў паўтараць абвестку кожныя пятнаццаць хвілінаў, пакуль Зуля не адгукнецца. «Ці пакуль усіх нас не накрыюць «чорныя», — падумаў Мао, але змаўчаў.

Як звычайна, мацюгальнікі ажывіліся раптоўна. Перад тым у палову сілы круцілася песенька «Водочку пьём», а тут яно на поўную моц закашлялася, захыркалася, замацюкалася знаёмым па розыгрышах латарэі жаночым голасам:

— Віцёк, падла, калі ты мяне чуеш, значыць, ты яшчэ жывы, і значыць, што табе каб-з-д-цы.

Ага, Зуля пачула зварот па «Адзінцы»! Праз паўхвіліны шабуршэнняў і скрыгату голас змяніўся ў бок кабетызацыі гучання і мур-мур-мяўнай, амаль пяшчотнай, інтанацыі гаварэння:

— Віцечка, Пусік мой. Я б магла сто разоў даць загад, каб цябе прыдушылі, пакуль ты швэндаўся па Горадзе-Героі. Кабялюга ты... — Трэск у эфіры.

Жаночы голас заплакаў, было чуваць, як наліваюць вадкасць у... З такім гукам і працягласцю, відаць, у вялікі келіх на высокай ножцы.

— Ты, Віця, казліна, ты палову майго жыцця сапсаваў. Ты казаў, што мне на ЦЭЦ-3 максімум год сядзець, а прайшло дванаццаць! Ты разумееш, што калі б не рэчыва нумар 3000R172L2019, вядомае ўсім як «каларадка», я б ужо была старой?!

— Ну, не такой ужо старой... — прабурчаў сабе пад нос Мао.

— Мао, ты падонак! — Зуля нібы пачула адказ. — Мао, альбо тыя, хто разам з ім. Мы тут за кумпанію з Каралём ужо не першы год у зняволенні. Адна забава — быць вядоўцай гэтага кончанага радыё. Ты му­зыку чуў у Горадзе-Героі? Гэта калекцыя Караля. Найлепшае, назбіранае за гады! Найлепшае!.. — І да Караля: — Скажы пару словаў, урод.

— Э... Вось такое я гаўно, — прабубнеў мужчынскі голас. — Я дадзены гэтаму наро­ду як пакаранне за... За легкадумства, так, Зусюля?.. Зусюлюлечка... Зусюпіпопачка...

На ўсе мацюгальнікі Горада-Героя пачуўся гучны «плясь» даланёй па шчацэ.

Ажывілася рацыя:

— Камандантэ Мао, «чорныя п'яўкі» прарвалі абарону менскіх. Мы косім з буйнакаліберных кулямётаў з бронецягніка ў раёне Сляпянкі, але яны лезуць з-пад Купалу про­ста як прусакі, іх проста мора. Камандантэ, немалая частка рушыць у бок Партызанскага праспекту.