Выбрать главу

— Віцё-ё-ё-ё-ооок!.. — рыдала Зуля ў мікрафон.

Мао штурхануў Дзікуна локцем у бок:

— Панюхай паветра, мы зможам перабегчы да «Турыста»? Там праз сутарэнні выйдзем да тунэлю ў бок ЦЭЦ.

— Віцька... Мао... — Зуля шморгала но­сам. — Калі чуеш мяне, дай знак.

Мао шпульнуў сігнальную ракету.

— Ясна, сонейка, бачу. У парку вы. Бяжыце да «Універмагу», у сам не заходзьце, з левага боку, за былой шаўрмічнай, там стары тэлефон-аўтамат, набярыце мяне: 233-45-78.

Пакуль Дзікун і Мао беглі, слухалі далей Зулю.

— Так, цяпер, мянты, звяртаюся да вас. Нават не ўздумайце нейкія свае гульні пачынаць. Вам усім у прынцыпе ўжо гамон. Мы тут з ЦЭЦ у бінокль бачым, як «чорныя» пайшлі ў наступ. Але выратавацца можаце паспрабаваць. Самае лепшае, што можна зрабіць, — пазаганяйце людзей па хатах. Хоць разок карысць грамадству зробіце гвалтам над асобай. Андрэіч, ты сёння дзяжурны па цэнтральным райаддзеле? Хвілінаў праз дзесяць-пятнаццаць на горадзе будзе такі шухер, што ты ў найлепшыя часы Аўтазаводу не бачыў. «Чорныя» не проста ідуць. Яны коцяць валам з-пад Купалу. Замыкай людзей, замыкайцеся самі. Па магчымасці, адстрэльваецеся.

Дабеглі. 233-45-78.

— Алё!

— А ты хто?

— Я Дзікун. Я ад Альгердыча.

— Ад Аль-гер-дыча?! О... Чым памагчы?

— Мы хочам трапіць на ЦЭЦ, вызваліць вас, Сусана, захапіць Караля, загадаць яму спыніць «чорных».

— Не атрымаецца, — рашуча адказала Зу­ля. — Мы з Каралём у палоне. Ужо дванаццаць гадоў нічога не кантралюем. «Чорныя» дзейнічаюць па сваёй праграме. Мы толькі, як бы гэ­та сказаць... фронтмэны: скачам па сцэне, але на інструментах граюць іншыя. У пастцы мы.

— У мяне пульт ад «чорных», няма паро­лю, — стрэліў фразай Дзікун.

— Ого! Гэта цалкам змяняе справу. Ша­нец ёсць. Кароль казаў пра пульт, які застаўся дзесьці ў нейкім інстытуце. — Было чуваць, як Зуля зрабіла глыточак. — Лезьце пакуль на дах «Універмагу». Там прасцей адбівацца, пакуль я буду цягнуць пароль з гэтага ўшлёпка, Караля. Ён пасля Дня Паўкабана яшчэ ні разу не апрытомнеў, усё жарэ і жарэ.

З даху «Універмагу» быў бачны вялікі ка­валак таго, што хавалі парканы ЦЭЦ-3. Поле для міні-футгольфа, басейны розных памераў, вадзяныя горкі, вялікі тэніс. Аквапарк з прыбамбасамі.

Зашыпела рацыя Мао:

— Камандантэ, Менск захлынаецца... Людзі адстрэльваюцца, але «чорныя» як машкара, якая заляпляе горла.

Мао зірнуў на коміны ЦЭЦ:

— Давай, Зулечка, давай, разумніца, інакш хутка ўсім капцы.

— Чорныя паўзуць па вадасцёкавых тру­бах: з твайго боку цягам хвіліны выпаўзуць восем, з майго — пяць, ёсць яшчэ шэсць трубаў, якія мы не кантралюем. — Дзікун «нюхаў» сітуацыю. — Прапаноўваю дзеўбануць па тых, што паўзуць бліжэй да нас, і заняць кругавую абарону вакол вось, напрыклад, гэтай выцяжкі вентыляцыйнай шахты. Не ўзмоцненыя бранёй асобіны «п'явак» трушчацца вельмі лёгка, але... Але патронаў у нас — хвілінаў на дзесяць, пасля толькі рукапашны бой.

Цяпер ужо і Мао пачуў скрыгат па тру­бах. Ба-бах з драбавіка: «На, дзіця маё. Мы разварушылі пекла, Дзікун. Трымайся, брат!» Паколькі Мао з часу першай сустрэчы з Дзікуном адпусціў бараду, то роля айца Рыгора з «Мы не ходзім у Рэйвэнголм» яму вельмі нават пасавала. Гумар быў дарэчы, бо жыць ім заставалася ўжо менш за дзесяць хвілінаў. Не сумаваць жа! Хоць не, вось хтосьці далучыўся з паляўнічым карабінам з боку «Турыста». Дзікуну нават пачуўся вокліч «бліндэр буду агурэц!». Так і ёсць — Не­мец! А вось яшчэ стрэлы: з супрацьлеглага боку плошчы. У акне дому насупраць тарца «Універмагу» — Люцыя! Махае рукой.

— Хлопчыкі, — ажывіліся мацюгальнікі, — шукаю, шукаю. Ёсць некалькі версіяў таго, што можа быць кодам.

Бах-бах! Прыкрытыя шчыльным агнём Немца і Люцыі, Мао і Дзікун пераключыліся на рэжым забавы. Яны малацілі «чорных» прыкладамі, нажамі, нагамі і кулакамі.

Здавалася, больш задаволеных жыццём людзей цяжка было знайсці.

— Так... бачу вас у бінокль, — зноў ажывілася Зуля. — Гэта ўсё, вядома, весела, але чорная хваля ўсё бліжэй. Андрэіч, у вас у райаддзеле ў двары стаяў БТР, пацісні-патрушчы, можа, гэтую саранчу? Там лёгка: валіш з кулямёта, а следам з вадамёта — і ім капцы. Адцягні час. Я гэтую свалату, Караля, спрабую ажывіць.

Рацыя практычна закрычала:

— Камандантэ! Менск захоплены, людзі пазамыкаліся ў памяшканнях альбо ўцяклі ў бок Заходніх тэрыторыяў і нават у Даліну склізняў. Цяпер чорныя штурмуюць нашы пазіцыі — Канфедэрацыі анархістаў. А боеза­пас у бронецягніках на такую колькасць жывой сілы не быў разлічаны. Мы разглядаем варыянт адступлення па чыгунцы на поўдзень, да мястэчка Гатава. Там у затоцы маем прыхаваныя катары. Магчыма, здолеем перагрупавацца на вадзе і высадзіць дэсант. Прыём.