Выбрать главу

— Ясна, брат, — адказаў Мао, які засяроджана дубасіў прыкладам драбавіка чарговую галаву «жывога крухмалу».

Міма па праспекце пранесліся міліцэйскія БТР і вадамёт. Прычым не проста вадамёт, а вадамёт — швейцарскі нож! Тут табе і магчымасць рассякаць натоўп — кошам целы адкідаць-раскідаць. І паліваць вадзічкай — самае тое для аперацыі супраць «чорных». І ёсць спецыяльныя байніцы для агнявога бою.

— Віцёк, я код знайшла. Скажы, што ты мяне кахаеш!

Дзікун прыкідваў, наколькі часу БТР з вадамётам могуць затрымаць хвалю «чорных».

— Мао, калі ты зараз не прызнаешся ў каханні, я цябе асабіста прыстрэлю.

— Дзікун, а як прызнацца?

— Пульні ракету.

Мао пульнуў.

— Віцечка, гэта было каханне? Зараз, золатца, код такі. Дакладна каханне, ты глядзі мне!

БТР з вадамётам, відаць, усё. Паток «чор­ных» валіў ужо па Даўгабродскай у раёне парку 50-леція, яшчэ пара хвілінаў — і затопіць плошчу перад «Універмагам» і «Турыстам». Мао выпусціў трэцюю — апошнюю — ракету.

— Ладна, зайка, код такі: ад нуля да дзевяці тры разы.

Дзікун набраў патрэбныя лічбы, на пульце запаліўся зялёны агеньчык, палец націснуў на пімпу насупраць надпісу «стоп». Чорныя сталі як адзін, то бок — усе.

Запанавала ціша. Як той казаў — звіняшчая.

— Зайчык, — ажылі мацюгальнікі. — Ка­роль кажа, што сярод пімпачак на «5» запраграмаваны «пункт збору». Навядзі куды хочаш прыбор і націсні. «Чорныя» мусяць туды ўсе пацеляпацца.

Дзікун падышоў да краю даха, накіраваў на цэнтр рынкавай плошчы прыбор і націснуў «пункт збору». «Чорныя» і праўда пасунуліся ў адным кірунку. Цяпер зусім не страшныя, хутчэй забаўныя, нібы пінгвіны.

З акна «Турыста» радасна махаў рукой Не­мец. «Сёння ў «Сумёце» будзе свята да раніцы, — падумаў Дзікун. — Вось і ўсё. Збірацца ў дарогу дадому. Не! Збірацца вяртаць дадому — у Менск — паплечнікаў».

— Што ж, Мао, цяпер у цябе работы — трымайся за поручні! Самаарганізацыя грамадства на такой немалой тэрыторыі — гэ­та не абы-што. І ад Зулі спачатку адграбеш. За ўсіх тваіх жэншчын, якім ты задурыў галовы «дзеля вялікай справы». — Дзікун уявіў, як да Мао выштыхоўваецца чарга з ка­бет са спісам прэтэнзіяў. Кабет, якім цяпер не затлуміш мазгі падполлем, супрацівам, пагрозай з боку «чорных» ды якой іншай рэвалюцыйнай неабходнасцю. — З іншага бо­ку, зможаш са сваіх кабет зрабіць першую суполку самакіравання.

Мао маўчаў, нібыта толькі што нічога эк- страардынарнага не адбылося. Маўчаў і кру- ціў у руках пульт кіравання.

— Дзікун, тут адна падпісаная словам «Ку­пал» пімпа ёсць.

— Я заўважыў адразу.

— Цісканём?

— Не-а. Трэба быць гатовымі да чаго заўгодна, што можа быць за тым Купалам. Пакуль прыбіраем вызваленую ад «чорных», а па ходу і ад Караля, тэрыторыю.

— Хм, хм. Хлопчыкі! Вітольд Робертавіч Кароль кажа, што на пульце ў ніжнім правым куце ёсць маленькая непадпісаная пімпачка. Яе пальцам не націснеш, трэба шпількай ці дзюбкай алоўка. Пімпачка адкрывае на­шу астахерэлую клетку на ЦЭЦ. Давайце хуценька вызваляйце вязняў залатой камеры.

Мао пашукаў па кішэнях, знайшоў кавалак тонкага дроту, націснуў.

— Дзякі, дзякі, чмокі, чмокі, мы ідзем, я, Кароль і дзевачкі. Унізе «Універмагу» ёсць кавярня «Паўночны вецер». Скажыце Вітаўту, гаспадару, каб накрываў сталы проста на двары... Народ! Усе чуеце? Сёння будзе пір на ўвесь мір, толькі без бульбы. Патрэбная дапамога прывезці з ЦЭЦ ежу. З нашага прыватнага рэстарану! Вы таксама нясіце ўсе, хто што можа, з ежы і пітва, але яшчэ раз: «фры каларадка дэй» сёння. Сталы і крэслы нясіце ці лавы. Сёння з 18-й на рынку зажыгаем!

Мао і Дзікун спусціліся на плошчу. Абняліся з Немцам, абняліся з Люцыяй, паціснулі ру­ку Андрэічу з райаддзелу — таго самага, дзе Дзікуна афармлялі за тое, што «ўступіў у водныя нетры» на Падшыпнікавым праездзе.

— Андрэіч, — кампанейскі сказаў Мао, — перадай сваім, што хто не заляпаўся адыёзнымі выкрутасамі супраць мірнага насельніцтва, а так — па дробязі нашкодзіў, можа спакойна заставацца і ўлівацца ў новае жыццё. Каму ёсць што хаваць, мае дзень, каб уцячы: хоць на выспы, хоць у Даліну склізняў, хоць на Заходнія тэрыторыі. Амністыя дзейнічае дзень, запомні... А гэта што?!

Па Партызанскім праспекце бадзёра сунуліся тралейбусы. Салоны машынаў былі забітыя хлопцамі і дзеўкамі са стралковай зброяй. Публіка паводзіла сябе жвава, гарлапаніла вясёлыя песні.

— Нашы, анархі, — патлумачыў сам са­бе Мао. — Я й не ведаў, што электралініі — у працоўным стане.