Поўнае імя Зулі было Сузана Анатолеўна Шубзда, але пра гэта ведалі хіба бухгалтары, якія налічвалі ганарары. Працавала Зуля на палову стаўкі рэдактаркай навінаў незалежнага інтэрнэт-рэсурсу «Белоп», працавала з дому. А раз на тыдзень — аператаркаю крану на ток-шоу галоўнага каналу дзяржаўнага тэлебачання. Шэсць дзён на тыдзень пасля абеду была вольная. Час запаўняла тым, што вяла ўласны відэаблог пад назвай «Сама не свая». Пра «нечаканыя знаёмствы з цікавымі людзьмі ў незвычайных месцах».
У адно незвычайнае месца Зуля трапіла на заданне падполля — у вайсковае інфармацыйнае агенцтва «Баец». Спачатку было нечаканае знаёмства, а пасля ўжо заданне. З цікавым чалавекам генерал-маёрам Ціцюкіным Зуля перасеклася ў прыёмнай прыватнага венералагічнага кабінету.
Зуля любіла і ўмела бухнуць так, што мужыкі ў радыусе кіламетра выстройваліся ў чаргу, каб правесці юную мадам дадому. А больш за ўсё ў жыцці відэаблогерка любіла экстрэмальны секс з незнаёмцамі. Пра секс пасля ў дэталях распавядала на ю-т'юбе, праз што зрабілася дзіка папулярнай у падлеткаў. Але ў рэальным жыцці блогерку цікавілі сталыя мужчыны. Сталыя мужчыны відэаблогаў не глядзелі, пра вядомасць Зулі ў інтэрнэце не ведалі, таму аддавацца свайму хобі яна магла не асцерагаючыся выкрыцця і пераследу з боку сваіх выпадковых партнёраў.
Бывала, што Зуля раздавала прызыўныя флюіды, як роўтар раздае беспарольны інтэрнэт.
А бывала, выпраменьвала кропкавы секс.
З Ціцюкіным атрымалася кропкава. Што не адмяняла промні «ўай-фаю», у выніку працы якога палова службоўцаў Міністэрства абароны пачала рэгулярна сустракацца з журналістамі паловы незалежных і дзяржаўных СМІ ў адных і тых самых венеролагаў.
Вось гэтую частку гісторыі і чакалі ад Альгердыча маладыя байцы каля вогнішча, бо кожны раз расповед поўніўся новымі дэталямі і красаваў новымі фарбамі. Адзінае што, Альгердыч ніколі не раскрываў імя Зулі, казаў «адна выведніца». Прычым гісторыю падаваў так, што яна выглядала хутчэй на анекдот уласнага сачынення. На вайсковы гумар.
Аднойчы Зуля засядала з Ціцюкіным у рэстаране гатэлю «Менск». Засядалі яны ўжо не першы дзень — кватэра Ціцюкіна была па дыяганалі праз дарогу, дакладней — праз праспект Незалежнасці, у доме побач з Галоўным паштамтам. А было перад Новым годам.
Генерал квасіў, а Зуля час ад часу адскоквала ў казіно, якое было ў суседняй зале. Ціцюкін пагрузіўся ўжо ў той стан, калі размова з цікавым чалавекам — сабою — была самадастатковай і змястоўнай. Генерал механічна вымаў з партманета купюру, Зуля механічна яе забірала. Праз кароткі час вярталася, каб забраць наступную. І вось пасля чарговага паходу ў казіно Зуля завалілася ў рэстаран пад руку з новым цікавым чалавекам, высокім падцягнутым джэнтльменам з кароткай стрыжкай.
— Бля-а-а-а!.. Роб-берт-а-авіч! — генерал крыху працверазеў. — Братуха!
— Нікіфаравіч, Валодзя, аааа! Здароў!
Высветлілася, што Ціцюкін і Робертавіч — калегі па службе ў Міністэрстве абароны. Якія не бачыліся ўжо цэлых... цэлых пяць дзён!
— Яна троху трындзючая, калі падап'е, — пазнаёміў Ціцюкін з Зуляй.
— А калі не падап'е? — добразычліва ўдакладніў Робертавіч, які ў казіно не паспеў перакінуцца з Зуляй і трыма словамі.
— Не ведаю.
Сябры-вайскоўцы пачалі прамаўляць тосты за поспех, за тое, што «ўсё хутка зменіцца», і што «ўсё будзе наша».
Дамоў Ціцюкіна цягнулі выкліканыя з Міністэрства абароны малодшыя афіцэры. А генерал крычаў, што вельмі хутка ўсіх нацягне і ўсіх паставіць ракам. «І цібя, і цібя, і цібя! — тыкаў генерал афіцыянту, ахоўніку, швейцару, таксістам каля ганка гатэлю, афіцэрам, якія яго цягнулі. «І вас, і вас, і вас!» — гэта ўжо ў бок будынкаў Дому ўраду, Менгарвыканкаму, Міністэрства ўнутраных справаў, КДБ. «І цібя!» — махнуў рукой Ціцюкін удалечыню перад тым, як адрубіцца.
«Дык вось, Дзікун, — распавядаў Альгердыч, — мы тады не звярнулі на гэтую гісторыю ўвагі. Думаю, па ўсім Менску перад Новым годам такіх генералаў і палкоўнікаў было шмат. Але. Цяпер Горадам-Героем кіруе кароль. Яго ўсе клічуць проста «кароль». Мы думаем, што гаворка не пра манарха. Рэч у тым, што поўнае імя палкоўніка, сябра Ціцюкіна, — Вітольд Робертавіч Кароль».
4
— Мы адзін народ.
Прысутныя на нарадзе ачольнікаў майстроўняў застагналі. Падавалася, што ўсе чулі гэтую фразу стопяцісоты раз. Дзікун у Палацы майстроўняў быў упершыню, а тым больш уявіць сабе не мог, што трапіць у залу нарадаў самых-самых. Відаць, справа не жарт, раз Дзікуну дазволілі чуць перамовы на найвышэйшым узроўні.