— На выпадак вайны з Менскам падтрымлівалі, — патлумачыў Андрэіч, — каб боекамплекты на перадавую аператыўна падвозіць. У нас жа генератары ёсць, на газе.
А менскія не спяшаліся прыбываць. Фактычную акупацыю Горада-Героя здзейснілі анархісты. «Ня тое каб акупацыю, — тлумачыў пазней Мао, — проста так само неяк склалася — занялі ключавыя пункты, а ніхто і не супраціўляўся. Ад Караля каманды не было, а самім «жукам» не вельмі і хацелася вайнушкі».
Тым часам здаравушчы дзядзька з кулакамі памерам як у іншага галава, Андрэіч мяўся як школьнік перад дошкай падчас экзамену.
— Сьцісьняюся спрасіць, маладыя людзі. А бульбу вы цяпер усю забароніце?
Мао адказаў рашуча:
— Ніякай дыктатуры, толькі ўсе разам прымаем прынцыповыя рашэнні. Адно скажу, што дзяржаўнай манаполіі не будзе ні на што. Ні на бульбу, ні на гарэлку, ні на міліцыю. Можа і самой дзяржавы не будзе, а канфедэрацыя суполак. Андрэіч, твая пасада будзе выбарная, з галасаваннем.
І тут Дзікуна пачаў накрываць сон. Таму прамовы Мао пра лепшую будучыню Горада-Героя Дзікун не даслухаў. Нумар у «Турысце» быў аплочаны на тыдзень наперад. Нічога не замінала вярнуцца ды адпачыць.
— С празьнічкам, — павіталася Ала Пятроўна, нібы нічога такога не адбылося.
— З якім празьнічкам?
— Дык з вызваленьніцэм жа. Ад этай... — Ала Пятроўна хуценька разгарнула шпаргалку пад бюро. — Ад аўта... краціі!
26
— У галаве не ўкладаецца: Караля дванаццаць гадоў трымалі пад хатнім арыштам, а Горад-Герой жыў і па-свойму нават працвітаў! Як вам? Без мудрага, блін, кіраўніцтва. — Зноў Дзікун прачынаўся ў пакоі «Турыста» пад бадзёрую прамову Немца, якую той выдаваў камусьці ў калідоры, магчыма, пакаёўцы.
— Немец, не заходзь, я не адзін! — крыкнуў Дзікун і прыабняў Люцыю.
— Дружышча Дзікун, прабач, што турбую, але трэба, каб ты свой табун адагнаў, — Немец усміхаўся на ўвесь свой хітры і добразычлівы твар.
Дзікун зірнуў на гадзіннік на сцяне гасцінічнага нумару. Нармальна паспаў — ужо дзявятая вечара. А пачынаўся дзень з кавы на століках каля «Цэнтральнага».
— Зірні на плошчу.
А-ёй, а-ёй! Усё забітае «чорнымі п'яўкамі», няма дзе як сталы расставіць.
Дзікун выняў з-пад падушкі пульт, навёў на праспект. «П'яўкі», а цяпер ужо іх пачалі клікаць «пінгвінамі», пасунуліся растусоўвацца ўздоўж Партызанскага.
— Дык кажаш, Дзікун, страляю я нармальна?
— Ты нас выратаваў!
— Дык бярэш да сябе ў каманду? Табе ж яшчэ дадому вяртацца.
— Люцыя, бярэм?
Дзяўчына з усмешкай кіўнула.
— Бяру. Заўтра адкаркуем Купал, паглядзім, што там да чаго, і рушым на Новую Зямлю.
Тым часам на рынку проста на прылаўках зарганізавалі сталы. Каля «Паўночнага ветру» быў своеасаблівы прэзідыум з Зуляй на чале. Леваруч сядзеў ледзь прытомны Кароль, а справа — бадзёры Мао. У адной руцэ Зуля трымала мікрафон, а другой пагладжвала Караля:
— Вітольдзік харошы. Вітольдзік не ўзурпатар. Вітольдзіка падставілі. І мяне разам з ім!
Зуля паспрабавала позіркам спапяліць задаволены фэйс Мао, які не сумняваўся, што падставілі, але перад тым узурпацыя была вельмі нават чоткая.
— Дык вось. — працягвала Зуля. — Быў такі Ціцюкін, ён нас усіх запёр у гэтай, каб яе, ЦЭЦ. Не, там у плане якасці жыцця, дык толькі наперад! Паверце, рэсурсаў Горада-Героя патрацілі на наш палац не мала. Але... — Зуля наліла сабе з графіна. — Дванаццаць гадоў на курорце! Ды ў нас усіх дах паехаў.
— Ааааа... Эта жа Эдзік! — Жаночы крык з боку праспекту быў такі моцны, што перабіў нават зульчыны ізліянія. — Эдзік! Аааааа...
Жыхарка Горада-Героя стаяла насупраць аднаго з непарушных «чорных». Толькі насамрэч яны былі амаль белымі пад гідракасцюмамі. У аднаго спаўзла маска, і быў бачны бляклы твар.
— Ааааа...
— А сапраўды, Эдзік, — выгукнуў хтосьці з натоўпу.
— Яго ж месяц таму на Свінакомплекс адправілі.
— Наперад нагамі?
— Не, жывым.
Іншыя прысутныя заварушыліся — пачалі агаляць твары «чорных». «Вася!», «Сярога!», «Саша!», «Алёна!», «Дзіма!», «Ой, Наташа!». Усё больш і больш знаёмых пазнавалі людзі. Усіх «чорных п'явак» аб'ядноўвала тое, што апошні раз іх бачылі перад адпраўкай на Свінакомплекс. «Ааа... Эдзік мой! Можна, я яго забяру дахаты? Хоць такі, хай стаіць у калідоры!»
— За дружбу народаў! — грымнуў з калонак знаёмы голас. Пятровіч з МАЗу, ветэран Бітвы за Велазавод, у якой згубіў адно вуха, той самы Пятровіч, які ледзь не трапіў табурэткай па спіне Дзікуна, гэты красавец-мужчына цяпер запрагаў тост за мір ва ўсім міры і за «хто старае памянець...», і што якая гэта радасць, калі брацкія народы могуць выпіць разам.