Выбрать главу

Што праўда, з Менску пад'ехала на аўтамабілях і конях троху людзей. Цяпер госці складаліся не толькі з узброеных анархаў. Але каб сказаць, што ўвесь Горад-Герой сабраўся на свята ці што палова Менску ламанулася праз адкрытую мяжу, то не. Такога не было. Разам да рынкавай плошчы з усіх бакоў прыйшлі пару тысячаў чалавек. «На Новы год збіраецца болей», — прабурчаў Немец.

Дзікун схадзіў на рэцэпцыю:

— Ала Пятроўна, сёння і заўтра ўсе нумары на апошнім, то бок, маім, паверсе зарэзервуйце за вайсковым камандаваннем. Дакладна не ведаю. Рэзервуйце яшчэ ніжэйшы, чатырнаццаты паверх. Далей пра абслугоўванне будзеце кантактаваць з маім памочнікам — Немцам.

«Тут як у сям'і — у каго пульт, той і галоўны», — рагатнуў Немец, калі вайскоўцы з трох канцоў калісьці адзінага гораду абмяркоўвалі план на заўтрашнюю аперацыю «Купал». Адзінагалосна пульт ад Купалу і «чорных» пакінулі ў Дзікуна.

Новы камандзір аб'яднанай групоўкі даў слова Маўлюку, які трымаў у руках раздрукоўку нейкага тэксту.

— На момант утварэння Купалу, а гэта дваццаць сем гадоў таму, праз месяц, як з Менску сышлі майстроўні, на гэты мо­мант «в военном городке Уручье распола­галась отдельная гвардейская механизи­рованная бригада. Также полк внутренних войск Министерства внутренних дел. Име­ются многочисленные хранилища военной техники».

— У перакладзе на чалавечую мову — пяхота і разгоначныя войскі, — далучыўся прадстаўнік Менску палкоўнік Вяпровіч. — І ў тых, і ў тых ёсць гранатамёты, магчыма, агнямёты, ясна, што станкавыя кулямёты, дакладна ёсць пара танкаў, а можа і болей, іншая браняваная тэхніка. Магчыма нават артылерыя. Наша задача на сёння — узгадніць супольныя дзеянні для вымання зброі, тэхнікі і боезапасаў. Важна зразумець: калі там пачнуць абараняцца, мы адразу страляем ці спрабуем патлумачыць, хто мы і чаму забіраем тое, што забіраем?

— Калі там засталіся жывыя людзі, то тэарэтычна ежы і медыкаментаў хапіла і вайскоўцам, і рэшце цывільных, — далучыўся начальнік цэнтральнага райаддзелу Горада-Героя Валянцін Андрэевіч Пупко. —

Але ж колькі вайскоўцаў там магло застацца? Афіцыйныя звесткі наўрад ці дапамогуць, бо як пайшла вада, шмат хто дэзерціраваў.

— Такім чынам, наша супольная задача нумар адзін — атачыць увесь перыметр Купалу, — зноў узяў слова Дзікун. — Цывільныя, калі яны там ёсць, змогуць пакінуць тэрыторыю толькі праз адзін КПП, які мы абсталюем каля Кінастудыі. Тамсама ў пар­ку Лес Ваньковічаў. Той, які быў адзін час Чэлюскінцаў. Арганізуем. Як назваць? Тлумачальны сектар. Мэта — патлумачыць людзям палітычны расклад на Менскім узвышшы — каб чалавек сам прыняў рашэнне, да каго далучыцца. Вайскоўцам зробім фільтрацыю проста на тэрыторыі іхных часцей. Хоць я адразу прапаноўваю аматараў пакрычаць «я прысягу даваў адзін раз» адпраўляць у Горад-Герой, — Дзікун паглядзеў на падпалкоўніка міліцыі Валянціна Пупка.

— А чаму нам, Дзікун?

— А таму, што пакуль толькі ў вас ёсць порт з выхадам на чыстую ваду. Далей паказваеш мапу і прапаноўваеш варыянты эміграцыі.

Уначы ўсё-ткі паспалі некалькі гадзінаў. Раніцай многіх раней за будзільнік на ногі паставіў гучны голас Мао. Там, дзе ўчора побач з «Паўночным ветрам» былі сталы, сёння стаяла кароценькая, метры на тры, трыбуна. Па ёй туды-сюды хадзіў важны Мао з мікрафонам у руцэ. Мікрафон нейкім чынам падлучылі да агульнай сістэмы мацюгальнікаў. Мао голасна распавядаў пра перавагі жыцця без дзяржавы, а самаарганізавана. Перад трыбунай таўкліся «карычневыя камізэлькі», якія толькі выйшлі на змену, гандляры з рынку, пару мужыкоў у камуфляжы і пагонах, але без зброі. На праспекце заставаліся стаяць «чорныя». Часам Мао спыняўся, каб секануць з-за пляча проста ў слухачоў перад трыбунай — ба-бах! Гэта значыць, нейкі важны тэзіс узмацняўся жэстыкуляцыяй. Напрыклад, распавядаў, што больш не будзе ўціску простага чалавека ўладамі. Што ўсе вольныя рабіць, што захочуць. Што не трэба адпрацоўваць пазыкі дзяржаве. Што больш не будзе фінансавага рабства.

Мао распінаўся, а кабеты яго абмяркоўвалі: красівы, відны, ладны. «Я б за яго прагаласавала», «сразу да», «я б замуж пайшла!». Адна цётухна тапталася моўчкі. Слухала, слухала, урэшце не вытрымала, падышла да Мао: «Даражэнькі, скажыце, а ці можна ўжо ісці работаць?»

— Можна, — ледзь не блаславіў вольнай ад мікрафона рукой Мао.

Народ паціху пачаў рассмоктвацца. А Мао ім у спіну працягваў кідаць словы пра вызваленне, пра гарызантальную арганізацыю грамадства, пра новыя магчымасці для людзей, а галоўнае — іх дзяцей. Загінаў пальцы адной рукі.

Тым часам у штабе пілі каву і гарбату. Вызначыліся, хто якімі сіламі блакуе перыметр Купалу, хто захоплівае вайсковыя часці ва Уруччы. Таксама дамовіліся пра супольнае патруляванне Горада-Героя, які для зручнасці назвалі проста Горадам.