«Камандзір, камандзір! — ажывілася рацыя голасам Немца. — Тут ах...» — «Тут ахвігіцельна», — удакладніў Дзікун. «Тут у Бібліятэцы ахвігіцельныя танцы, камандзір, верхні ўзровень — рэстаран. І шэф-кухар кажа, што вады і ежы тут ёсць, можа, больш як на дзесяць гадоў наперад. А, камандзір!» — «Прапаноўваеш сябе на кухню прыладзіць?» — «У санстанцыю правяраюшчым!» — «Немец, адбой, не забіваем хваляў».
«Маўлюк на сувязі. Інкубатар і вытворчасць «чорных п'явак» былі ў сутарэннях, ніжэй за саўны і басейн. Са Свінакомплексам былі звязаныя падземнымі шлангамі. Цікава, што з аднаго чалавека-прататыпа маглі зрабіць да дваццаці копіяў». — «Прынята, — адказаў Дзікун. — Сняданак-нарада — праз пятнаццаць хвілінаў у рэстаране на апошнім узроўні. Вазьміце каго з адэкватных затрыманых вайскоўцаў, лепш афіцэраў».
Менск, Менск, Менск. Хоць у менскай міфалогіі Бібліятэка была ў «цэнтры», але да цэнтру-цэнтру адсюль было вельмі далёка, кіламетраў сем, не менш. Дый да Горада-Героя — прыблізна столькі ж. Але ж як прыгожа глядзелася пушча-зеляніна Горада-Героя! Звыклая воку зялёна-сіне-бурая шапка лішаёў адсюль, з вышыні, выглядала інакш, чым зблізу. Як адно цэлае, зусім без прагалінаў. Дзікуну падалося, што не можна бачыць з такой адлегласці, як лішаяводарасці варушацца. Але яны варушыліся.
«Дзікун, тут Маўлюк, інжынеры дакладваюць, што ад Свінакомплексу шлангі ішлі далей, да бульбяных палёў. Новыя звесткі: ёсць рэчыва, якое ўзмацняла ўздзеянне «каларадкі». Рэчыва паступала ў арашальную сістэму палёў. Падачу рэчыва адключылі».
Менскія навукоўцы другую гадзіну вывучалі аграмадны цэнтр кіравання, які займаў адзін з сярэдніх узроўняў Бібліятэкі. Галоўны манітор цэнтру вісеў у сярэдзіне ромбакубаактаэдру, у форме якога пабудавалі Нацыяналку. А навукоўцы падаваліся касманаўтамі ў адкрытым космасе побач з аграмаднай канструкцыяй, утыканай пімпамі, рычажкамі і тлумачэннямі да іх. Больш за семдзесят тры метры, альбо дваццаць тры паверхі, такая была Бібліятэка, дзе апроч кніг, цэнтру кіравання «каларадкай», былі рэстараны, саўны, боўлінг, басейны і нават міні-трэк для картынгаў.
«Трэба сыходзіць з аглядальнай пляцоўкі», — падумаў Дзікун.
І тут Бібліятэка варухнулася! Выпусціла з сябе шэсць гіганцкіх ножках. Прысела некалькі разоў, нібы размінаючыся, а пасля дала маленькі скачок уверх. Пры гэтым аглядальная пляцоўка ні на сантыметр не змяніла сваёй пазіцыі. «Інжынерыя!» — падумаў Дзікун. Следам Бібліятэка нібыта агледзелася, выбрала кірунак — прынахілілася ў бок пасёлку Навінкі — і як бы замерла на старце.
— Дзікун, прыём, што ты бачыш, давай загады. Бібліятэка задраіла ўсе ўваходы-выхады!
Шапка-пушча паўзла. Гэта не быў падман зроку. Проста цяпер, на вачах, шапка захоплівала прастору метр за метрам. Шаволілася, высоўвалася ва ўсе бакі, нібы хапала будынкі шчупальцамі аграмаднага тысячанога. Вунь накрыла прыватны сектар за вуліцай Радыяльнай. Вунь хлебазавод на вуліцы Батанічнай — высачэзны будынак — і на яго абрынулася сцяна зеляніны. Зусім побач з Бібліятэкай кусты ўсіх масцяў групаваліся і рушылі наперад. Некаторыя ўжо пачалі караскацца па сценах Бібліятэкі.
— Дзікун, мы памыліліся! Рэчыва, якое мы адрубілі на цэнтральным пульце кіравання, яно не сілкавала, а тармазіла сілу «каларадкі» ў бульбе на палях! Мы спрабуем вярнуць як было, але Бібліятэка абсалютна ўсю тэхніку ўнутры сябе заблакавала!
Лішайнікавая маса з кожнай секундай набірала хуткасць.
Дзесьці з раёну Аўтазаводу пайшоў цяжкі гук, які пачаў нарастаць шалёным тэмпам.
Бібліятэка павольна стартанула ў кірунку кружной дарогі.
На даляглядзе над Горадам-Героем замаячылі чорна-аранжавыя плямы.
Жукі дагналі зеляніну і зляпіліся з ёю ў адно цэлае неакрэсленага колеру. На Горад сунулася аграмадная хваля.
«Вось яна — абсалютная зброя!»
Гіганцкая шэра-бура-малінавая хваля-цунамі.