А ўзровень быў такі. Сем майстроўняў — сем ачольнікаў. Такая была сацыяльная арганізацыя Новай Зямлі. Ачольнікаў абіралі ўнутры майстроўняў. Абралі ачольнікаў, а ачольнікі абралі вялікага ачольніка. Вось цяпер кожны з ачольнікаў сядзеў пад выявай герба сваёй майстроўні — у цэнтры знічкі пэўны знак: скрыжаваныя мячы, дзве вежы, валошка, човен, воўк. Майстроўня Дзікуна пасярод знічкі мела выяву сонца і месяца разам. Да размовы на найвышэйшым узроўні былі дапушчаныя таксама папярэднія ачольнікі, яны мелі права голасу. Людзей у зале было шмат, бо ачольнікам можна быць толькі два гады. Майстроўні пачалі фармавацца задоўга да Вялікага Выбуху, яшчэ ў мірны час.
— Мы адзін народ, — крыху стомлена, але ўпэўнена паўтарыў сівы пан. Гэта быў ачольнік Уладзісвет, майстроўня нумар тры, «Дзве вежы».
— Пане Уладзісвеце, мы тут сабраліся дзеля іншай нагоды. Мы ведаем ваша меркаванне на тэму адзінства народу, — сказаў вялікі ачольнік пан Віктар Абулькевіч.
—Ты!!! — пан Уладзісвет выкінуў у бок пана Віктара руку, нібы кідануў кап'ё. — Ты ці ўсведамляеш адказнасць за Менск? А за Горад-Герой? Так! Гэта мы вінаватыя ў тым, што Менск раскалолі на дзве часткі. Так! Мы мусім вярнуцца і аб'яднаць народ!
— Пане Уладзісвеце...
— Ты! Не закрывай мне рота! — гэта ўжо на адрас ачольніка іншай майстроўні. — Мы адзін народ! Навошта мы дваццаць сем гадоў таму пакінулі Менск? Ты! — пан Уладзісвет паказаў на Альгердыча. — Ты, Фларыян, казаў, што хочаш уратаваць вось гэтых. — Уладзісвет паказаў на Дзікуна. — Малых бачуноў. Яны выраслі, што нас трымае?
Альгердыч кашлянуў:
— Уладзісвет, а з чаго ты ўзяў, што праз дваццаць сем гадоў мы там камусьці патрэбныя? З нашымі ведамі, з нашымі адкрыццямі, напрацоўкамі. Я быў за сыход найперш, каб мы пачалі з нуля рэалізоўваць наша ўяўленне пра грамадства.
— Мы!!! Мы кінулі наш горад. Наш народ! Мы мусім вярнуцца і дапамагчы! — Здавалася, Уладзісвет ужо нікога не чуў.
Вялікі ачольнік пан Абулькевіч тры разы грукнуў па стале адмысловым малатком — сімвалам улады ў майстроўнях:
— Правам, якое дадзенае мне вамі, справядліва абранымі ачольнікамі, я абвяшчаю тэму галасавання. А менавіта. Ці дэлегуем мы — Рада ачольнікаў — нашага суродзіча Станіслава Рабянка, вядомага як Дзікун, у выведную экспедыцыю ў Горад-Герой з мэтай адшукаць крыніцу пагрозы для Новай Зямлі. А менавіта — высветліць, хто такія «чорныя п'яўкі», як яны апынуліся ў акваторыі Добрага Месца і якую тояць у сабе пагрозу для ўсёй Новай Зямлі. Вам раздадуць белыя і чорныя каменьчыкі. Белыя — «за», чорныя — «супраць». Пан Фларыян Корд мае права двух галасоў, бо, калі раптам хто забыўся, ён першы ачольнік першай менскай майстроўні. Я сказаў.
Пан Уладзісвет узняў руку:
— Паводле старажытнага Закону майстроўняў я прашу перапынку для прыватных кансультацыяў.
— Пятнаццаць хвілінаў перапынку, — абвясціў вялікі ачольнік.
Дзікун сядзеў побач з Альгердычам і час ад часу лавіў фразы, якія даляталі ад удзельнікаў сустрэчы. Відавочна пан Уладзісвет скарыстаўся з магчымасці пралабіяваць свой інтарэс, які агулам супадаў з інтарэсам і Альгердыча, і Дзікуна.
— ...Ён першы з нас, хто вернецца!
— ...Яго нельга адпраўляць, ён не ведае таго свету, тых людзей.
— ...Наадварот, добра што не ведае, бо і ён там нікому не вядомы.
— ...Ён мае фенаменальныя здольнасці. Апроч таго, што ён бачун, ён валодае энцыклапедычнымі ведамі!
Апошняе было чыстай праўдай. Народжаныя падчас Вялікага Выбуху дзеці не мусілі завучваць інфармацыю. Пачутае ці пабачанае хоць бы раз назаўсёды заставалася ў памяці. Ад настаўнікаў у школе патрабавалася толькі маршрутызаваць паток ведаў. Этыка быцця — вось якую дысцыпліну мусілі выкладаць настаўнікі. Рэч, якую не завучыш, як параграф падручніка. Этыка плюс адзінаборствы ды ўменне страляць з дзвюх рук.
За Дзікуна прагаласавалі адзінагалосна. Калі фармальна. Быў адзін голас супраць, але яго закрыў Альгердыч сваім другім дадатковым белым каменьчыкам.
***
Чарга на КПП сунулася марудна.
«Я дзесьці чуў, што вада скора пачне сыходзіць», — прамармытаў сусед з правай каляі. «Ды ладна? — адгукнуліся з-за спіны. — Во дзе гора-бяда, толькі прывыклі да вады, жызьнь наладзілі. А скора?» — «Дзета чэрэз гадоў дзесяць ці мо болей. Ці меней...» — «А, цьху, я думаў дзе ўжо заўтра! Каб заўтра, то куды ісьці? Дзе што браць? А так вада корміць». — «А раней помніш як было?» — «Як?» — «Добра было». — «Што добра?» Сусед з каляі прызадумаўся, што канкрэтна добра. Голас ззаду працягваў: «Цяпер тым даў на лапу, тым, тым — і жыві сабе спакойна, а раней ну яго ў адно месца. Абдзяруць як ліпку, а ў канцы і пасодзюць яшчэ. Не, добра — цяпер!»