Згодна з легендай, Дзікун быў насельнікам адной з дзясяткаў дробных выспаў за Магілёвам. Там паўсюль хтосьці жыве. Ці не жыве. А ўсіх не ўведаеш. Хтосьці з хутароў і не вылазіць ніколі. З хутару і з хутару, нават калі плявузгнеш штосьці не па-мясцоваму, здзіву ні ў каго не будзе. Нават калі сільна вумнае слова ўжывеш. Мала ці хто на хутарах жыве? Ды хоць былы прафесар універсітэту.
Рэчы ў вандроўку закуплялі ў дзядзькі Фэлюся, які жыў у сваім аграмадным доме на вадзе. Дакладней, дом — на плыце, а плыт — на вадзе. Плыт з двума маторамі. І паліва заўжды да іх было — газ. Яго набывалі ў Горадзе-Героі купцы, якія пасля перапрадавалі па ўсіх архіпелагах у раёне воднай трасы Менск — Магілёў.
Дзядзька Фэлюсь быў заможным чалавекам. Ён быў адзіны, хто вольна перасоўваўся па ўсім фарватары ад Брылёва ажно да былой Воршы. Фэлюся ніхто не чапаў, ён быў патрэбны ўсім, і нашым, і вашым, і іхным, і вунь тым таксама. А на выпадак сустрэчы з адмарозкамі ў Фэлюся была ахова. А ў аховы — і кулямёт, і аўтаматы, і нават снайперская вінтоўка, якая прыцэльна б'е не менш як на дзве тысячы метраў. З вады не падкрадзешся, а на сушу Фэлюсь ніколі не выходзіў. «Чаго я там не бачыў?» Каму трэба, самі прыплывалі. Ці хто быў патрэбны Фэлюсю.
Даўно, яшчэ як вады не было, дзядзька займаўся народнымі промысламі. Вырабы з гліны вазіў на рынак у свой пасёлак гарадскога тыпу. Так Альгердыч распавядаў. Стаяў такі Фелікс Браніслававіч на рынку, свістулькамі глінянымі пагандлёўваў, конікамі рознымі, птушачкамі. Гадамі стаяў. Ні бандыты, ні міліцыя яго не чапалі — што ўзяць? Раптам бац — а ў Фэлюся катэдж свой. Дзядзька пад свіст керамікі дзялы дзелаў. У таго купіў, таму прадаў.
«Не, ніякіх наркотыкаў! — казаў Альгердыч. — Дзядзька Фэлюсь быў высакародны чалавек. Ён у чорных капачоў артэфакты скупляў, а калекцыянерам прадаваў. Пераважна зброю розных часоў. Прычым так бывала, што калекцыянер — мясцовы пракурор, а капальнік — мясцовы начальнік ДАІ. У кожнага свая страсць! І абодва не ведалі, хто чым займаецца, хоць штодня выпівалі разам».
Дзядзька Фэлюсь быў чэсны чалавек. Ён артэфакты мясцовых мясцовым не прадаваў. Ды колькі ў раёне тых калекцыянераў было? Тры хіба. Фэлюсь на Менск працаваў. У Менску з Альгердычам і пазнаёміўся, калі па наводцы знаёмых звярнуўся да спецыяліста па рэстаўрацыі артэфактаў з металу.
А тут прыйшла вада.
І ў дзядзькі Фэлюся закіпела работа. Спачатку быў гармідар — вайна, банды. Дзядзька разам з Альгердычам пасунуліся сюды, на выспы. Туды-сюды. Мясцовыя — хто ўцёк, хто застаўся, а з гарадоў панабеглі прыбышы. Ну, Фэлюсь і давай рабіць людзям паслугі абменнага характару. Соль на перац, каву на гарбату, сала на мыла, «калашнікава» на патроны. Усё па справядлівасці. Падняўся. Тады і персанальнай аховай абзавёўся.
«Ты галоўнае з валютамі не пераблытай, — навучаў дзядзька Фэлюсь Дзікуна. — Залатыя зліткі схавай. Ты іх усе тры штукі аддасі капітану за дарогу да Чыжоўскага порту. Капітан за цябе галавой адказвае, так яму і перадай ад дзядзькі Фэлюся».
«Як клічуць капітана?»
«Ды іх там некалькі, рэйс жа не адзін. На якога натрапіш, таму і скажы. Яны ўсе мяне ведаюць, — дзядзька Фэлюсь паказаў сціснуты кулак. — Я б мог табе даць старыя жалезныя рублі. — Насамрэч, з медна-нікелевага сплаву, Дзікун ведаў гэта са школы. — Толькі ў цябе іх быць не можа, у хутараніна з дзікай тэрыторыі. Хоць... Вазьмі пяць двухрублёвікаў, можа, як бы ад бацькоў засталіся. Але найперш бяры два іклы шаблязубага балотнага зайца. Тут без пытанняў — здабыў. Хопіць з гакам на выдаткі ў дарозе: там на баржы амаль усе будуць везці нейкую ежу на продаж у Горад, прасці Г-спадзе, Герой. Цяпер курс іклаў добры, зайцы год як павыводзіліся, мала іх стала. Хто іх жарэ — шаблязубых?.. Пытанне. У дарозе ты мусіш выглядаць бедным сваяком, які едзе на вяселле. Таму бяры два іклы, не болей».
На стол ляснуліся дзве кнігі і тры кампакт-дыскі.
«Гэта раманы «Сладкіе слёзы» і «Падарак первай ночы» з серыі «Карманная жэнская сказка» ды музычныя зборнікі «Лучшые песні кафэ», «Лучшый танцпол усех народаў» і «Лучшэ адзін раз услышаць».
Фэлюсь задаволена працягваў:
«Наколькі я ведаю з расповедаў... эээ... з расповедаў, усё гэта, Дзікун, ты спакойна пранясеш праз Пункт пропуску «Порт «Чыжоўка» ў выглядзе вясельнага падарунку. І, наколькі я ведаю з расповедаў, калі на даглядзе рэчаў чымсьці з гэтага зацікавяцца, прэзентуй службоўцу адну рэч, але не болей».
Плыт-крэпасць дзядзькі Фэлюся паціху дасунуўся да Таланчынскай выспы. Тут Дзікун і Альгердыч пераселі ў патрульны катар — хуткасны і манеўраны. Наперадзе быў яшчэ ладны кавалак дарогі па вадзе ўздоўж моцна зрэзанага дробнымі затокамі і аблепленага малюпасенькімі выспачкамі берагу. Да вёскі Хадулы. Адтуль ужо Дзікун мусіў ісці пехатою.