Выбрать главу

Біскуповіч Януш усміхаўся аксамітна-цёмнымі вачыма. Запал маладога Загорскага падабаўся яму. Факты дыфармацыі сапраўды мелі месца дванаццаць год назад, калі Кроер вырашыў выставіць сваю кандыдатуру ў павятовыя маршалкі. Хацеў, відаць, пасля і ў губернскія падацца, але дваране і павета не далі. Досыць было з іх. З самага семсот восемдзесят першага года была на гэтай пасадзе дынастыя Галынскіх. І вось з саракавога года, семнаццаць ужо год, маршалкам пан Юры. Тады яму дваццаць дзевяць было, цяпер сорак шэсць. Нікога другога ім не трэба. Справядлівасць і мяккасць не на кожным дрэве растуць. Год адзінаццаць яшчэ паслужыць. А там, калі меркаваць па сённяшняй прамове, сынка давядзецца выбраць. Недалёка яблычка ўпала, ды, відаць, старую яблыню перарасце. Гэты не стаў бы і Мішку Мураўёву даваць спуску. А ўжо як перад ім на задніх лапках хадзілі маршалкі Крушэўскі ды Абданк у тыя тры страшныя леты[7]. А пан Юры не даў крыўдзіць людзей. Тром губернатарам не даў. Сярожку Энгельгардту не даў, Мікалашку Гамалею не даў, Міколку Скалону не даў. І чацвёртаму не дасць, бо, чутна, Скалон хутка загрыміць паспеў-такі нашкодзіць за тры гады. І ходзіць пагалоска будзе на ягоным месцы Аляксашка Беклемішаў, чалавек роду старога, але сварлівы і цяжкі.

І што яно будзе — адному богу вядома. Ды яшчэ старому Вежу. Той васемнаццаць губернатараў перажыў, а тых, каго не хацеў, ані разу не пусціў на парог. Тыя потым самыя горшыя былі. Нібы ён іх загадзя наскрозь бачыў. А ўнук ягоны унь гаворыць. Малайчына! А Раўбіч дурань.

— І ў чым мы бачым шчасце, якое трэба нам, як паветра? Ці мы чакаем яго для сябе, ці дабіваемся для ўсіх? На жаль, часцей за ўсё для сябе. "Шчасця" экіпажаў, рабоў, велічы, грошай, багатых каскадаў на мармуровых вілах. І, каб дасягнуць гэтага, забіваем у сабе Чалавека. А Чалавек той, хто змагаецца за роўнае права на шчасце для ўсіх людзей. І я сумую, тужу па такім Чалавеку. Раней мне здавалася, я знайшоў такіх людзей. Але цяпер бачу, што я адзін.

Біскуповіч схіліў галаву і падумаў яшчэ раз, што Раўбіч паддаўся дурному, вузкаму, каставаму разуменню гонару. А Браніборскі, як ні дзіўна, меў рацыю. Не манархам, вядома, бо ўсё гэта дрэнь і маразм, а "сцягам паўстання" хлопец мог бы зрабіцца. Ты, каго падчас ракавання[8] пытаюць апошнім, а пасля перамогі садзяць за стол вышэй усіх.

— Тады, можа, нашы зборы — гэта зборы патрыётаў? — сказаў Алесь. — Людзей, аб'яднаных служэннем айчыне? Не думаю. Князь Віцень мог за радзіму ўзысці на вогнішча. Міхал Крычаўскі мог разбіць за яе сваю галаву. Дубіна сесці на кол, а Мурашка на распалены трон. Агнём і жалезам яны давялі сваю любоў. Я пытаюся ў вас: ці здолее нехта з нас пакласці за яе руку… хоць бы на язычок свечкі? Вы кажаце: мяккасць нораваў. А па-мойму, адсутнасць разумення таго, хто мы такія.

Вежа ўскінуў галаву.

— У нас адно паходжанне, але выхаванне рознае. Мы маглі б жыць у розных канцах зямлі… Галаманы, паланафілы, англаманы і іншыя. Я пытаюся ў англамана, чаму ён есць на снеданне аўсяную кашу і лічыць гэта англійскім звычаем і ўхваляе яго? Чаму ён не заўважаў гэтага звычаю, калі нашы мужыкі елі і ядуць аўсянку сотні год? Я думаю, таму, што пакуль гэты звычай быў сваім да яго нікому не было справы, ім пагарджалі. Як жа, мы ж не коні, каб есці авёс! Але прыйшла англаманія і такі можа есці нават аўсяную салому. "Ах, як гэта арыгінальна! Яе ядуць коні лорда Норфалька…" Ён не заўважае, што яго край, накшталт няшчаснай Ірландыі, жыве сярод балотных туманоў, харчуецца бульбай і паданнямі і нясе залатыя яйкі тыранам. Мала бульбы і замнога фантазіі… І так ва ўсім. Наш край, мая зямля. Багатая, прыгожая, мяккая душамі людзей яна чужая нам… Спытаюць: чым? Я скажу: мовай.

Алесь ужо не заўважаў амаль нічога. Голас звінеў ад хвалявання, вясёлкавымі колерамі расплываліся агні свечак.

— Мова ў нас якая хочаце, толькі не свая. Свая яна — у сярэдняй часткі шляхты ды яшчэ ў нешматлікіх прадстаўнікоў буйной, перад якімі я нізка схіляю галаву. Бо нельга есці хлеб народа і грэбаваць ягонай мовай. І таму нам або непатрэбны зборні, або іх трэба зрабіць іншымі. Сапраўдным вечам, сапраўднай капою[9]. Месцам, дзе кожны аддаваў бы душу і здольнасці — народу.

Алесь узняў келіх:

— Я п'ю, каб рыцары сталі рыцарамі і мужы мужамі.

Ён выпіў. Хвіліну стаяла ціша. Потым — спачатку нясмела, з месцаў Біскуповіча і Мнішка, а потым мацней і мацней загучалі воплескі.

вернуться

7

Граф М. Мураўёў быў губернатарам магілёўскім у 1823/31 гг. Ён агранізаваў хуткае падаўленне паўстання ў 1831 г…

вернуться

8

Вайсковая або паўстанчая патаемная нарада, дзе апошні голас належаў найбольш маладому, бо ён павінен быў "трымаць сцяг" з самымі адчайнымі, першым уразацца ў чужыя рады і быць, такім чынам, "вастрыём вайсковай стралы".

вернуться

9

Капа — сярэдневяковая грамадская зборня на Беларусі. Разбірала ўнутраныя пытанні абшчыны.