Выбрать главу

Браты пераглянуліся. Арэшак быў больш цвёрды, чым спадзяваліся.

— Мяркую, пустка патрэбна вам пад нейкую забудову.

— Бровар, — сказаў кіслы Тодар.

— І зямля вам патрэбна як гарантыйны фонд! Пад жыты і бульбу. Пакуль бровар не прыдбае сталых, заўсёдных пастаўшчыкоў сыравіны?

— Але, — трохі збянтэжана сказаў Тодар.

Алесь думаў. Браты з некаторай ніякавасцю глядзелі на яго.

— Зямля тая пустуе, — сказаў урэшце юнак. — Я думаю, што прывязу бацьку выгадную здзелку. Аб суме арэнды і тэрміне яе зложыце пагадненне з панам Юрыем. Браты ўздыхнулі з плёгкаю.

Але радавацца было ранавата. Алесь раптам сказаў:

— Як будучы гаспадар, я са свайго боку даб'юся ў бацькі, каб ва ўмову ўнеслі толькі адзін пункт.

— Які? — спытаў насцярожаны Тодар.

— Скажам, уся пустка ў арэнду на дзесяць год.

— Досыць, — сказаў Іван.

— Але дзве дзесяціны, ля самых кліноў Браніборскага, ідуць у арэнду без тэрміну і за самую мізэрную плату. Затое на гэтай плошчы размяшчаюцца ўсе сховішчы сыравіны для бровара.

Браты паглядзелі адзін на аднаго: а ці няма пасткі.

— А нашто такое? — спытаў Іван. — Гэта што, каб кожны момант скасаваць арэнду?

— Не, — сказаў Алесь. — Арэнда скасоўваецца толькі ў адным, загадзя абмеркаваным пункце… прабачце, пры парушэнні яго.

— Якая ўмова? — змрочна спытаў Іван.

— Прадукцыя бровара не ідзе на патрэбу наваколля.

— Ды мы ж і думалі… — прабасіў Іван.

Але Тодар перапыніў яго:

— Чакай, Іване. Чаму?

Па Алесевым твары ні аб чым нельга было здагадацца.

— Па-першае, таму, што спірытусавы гандаль, скажам з Рыгай, значна больш выгадны для вас, — сказаў ён. Адразу ёсць магчымасць паставіць справу на шырокую нагу… Вы забяспечыце вашу сваячку значна лепей.

— А калі мы не згодзімся? — спытаў Іван.

— Пашукайце ў другім месцы, — непарушна сказаў Алесь. — Толькі ад Магілёва і ледзь не да Гомеля самая ўрадлівая на ўсё Прыдняпроўе зямля. І адпаведна самая дарагая. Я ж, са свайго боку, абяцаю вам, што даб'юся таннай арэнды.

Таркайла Іван глядзеў на яго дапытліва:

— Няхай Рыга. Мы і самі так думалі. Выгадней. Але…

— Ды нашто гэта табе? — спытаў Іван. Ля хлопцавага рота падсохлі жарсткаватыя мускулы.

— Я не хачу, каб ваш бровар нішчыў набытак нашых людзей, — урэшце сказаў ён. — Не хачу, каб ён узбагачаў адных карчмароў.

— Ну, — сказаў Іван.

— Самі ведаеце, як нават дробны чыноўнік пасля працы ідзе за пяць вёрст ад горада, каб выпіць у карчме ля прыватнага бровара чарку ды вярнуцца абедаць. Бо гарэлка таннейшая. То што казаць пра селяніна.

Здзіўленыя ходам ягонай думкі, яны глядзелі на яго ўсё яшчэ непаразумела і насцярожана.

— Слухай, князь, — урэшце сказаў Іван. — Я табе ўсё яшчэ не веру. Не магу паверыць. І ведаеш чаму?

— Ну?

— Мне ўсё здаецца: пастку ты нам нейкую ладзіш. Бо якая ж табе тады выгада зямлю нам даваць у арэнду?

— Выгада? — спытаў Алесь. — А вось і выгада. Каму на гэты бровар бліжэй за ўсіх будзе ісці? Маім. Гэта прамысловасць. Занятак для рук і хлеб. І яшчэ… купленыя лішкі хлеба… І потым, жом[10] вы, пэўна, у Рыгу не павезяце, на чужое лукамор'е. Да мяне ж прыйдзеце, да нашых жа мужыкоў… Значыць гэта сытае быдла. Значыць, гэта гной і мужыцкі ўраджай сам-шэсць… Мяркую, досыць?

— Ты, князь, часам у шахматы не гуляеш? — спытаў Іван.

— Нават не люблю.

— А дарэмна.

Іван доўга думаў. Потым ляснуў далонню па стале.

— Згода! — сказаў ён. — Перадавай пану Юрыю… Адно не ведаю, да якога часу ты такі будзеш.

Маўчалі.

— Ану крупнічку! — сказаў Іван. — Піце, княжа. Продкі пілі — сто год жылі. Востры, салодкі без саладжавасці гэтай, празрысты. Слёзы божыя!

Выпілі.

— Тады паглядзі, князь. Паглядзі на сірату, якую ашчаслівіш, цвёрды хлеб дасі.

Ён выйшаў, гукнуў нешта Пятру, вярнуўся, сеў і наліў чаркі.

Крупнік сапраўды быў дзівосны. Алесь піў вельмі мала, але адчуваў, які ён духавіты і сапраўды мяккі.

— А вось і яна, — сказаў Іван. — Дачка траюраднага брата.

Перад Алесем стаяла дзяўчына. І адразу ўсе ягоныя ўяўленні разбурыліся. Тонкая і гнуткая ў таліі, шырокая ў клубах, высокая ў невялікіх грудзях. Ногі нібы непарушна неслі тулава, і ганарыста была закінута невялічкая галоўка.

Алесь ўзняў вочы і ўбачыў даўгаватую шыю, востры грэбень залацістых валасоў, а пад імі, пад невысокім лобам, доўгія вочы зеленаватага колеру. Халаднаватыя, занадта спакойныя і празрыстыя вочы. А носік быў трохі прыўзняты і востранькі.

— Вы клікалі мяне? — голас таксама халаднаваты, як струменьчык.

вернуться

10

Выжымкі бульбы або бурака.