Выбрать главу

Таму ён не ведаў, чаму халодныя Сабініны вочы цяплеюць, калі яна глядзіць на яго, і ў такія хвіліны адчуваў сябе няёмка.

Усё было скончана, і ён дзёўб сам сабе, што не хоча ранейшага, што яно непатрэбна яму, што ён больш не кахае. Хлусіў сам сабе, але прымушаў сябе забыць.

І ўсё адно ў такія імгненні ён, нават праводзячы Сабіну да дома Таркайлаў, раптам змаўкаў і глядеў на бязмежныя наздраватыя снягі — і праз іх — невідушчым шырокім позіркам.

Ёй хацелася спытаць: "Дзе ты?" — але яна толькі ўнутрана згіналася, з болем разумеючы, што ён побач і не побач, і побач ніколі не будзе.

I тады, думаючы, што разлука лепш за ўсё паможа, яна адпрасiлася ў дзядзькоў — пакуль не скончаць у новым пасёлку дом для яе — паехаць адсюль. У Пецярбург. Тыя вымушаны былi дазволiць. I Сабiна на некаторы час знiкла з Алесевых вачэй. Нечакана, так, як з'явiлася. Абое не думалi, што жыццё сутыкне iх, ды i як яшчэ сутыкне.

За дзень да ад'езду Сабіны з'явіўся ў Загоршчыну Мсціслаў Маеўскі, знерваваны да апошняга: дайшлі чуткі аб Алесевых прагулянках.

Пастрыжныя браты сядзелі на доўгай тахце. Белавалосы Мсціслаў з ледзь прыхаванай грымасай страшэннай агіды курыў бацькаву цыгару. Голас, звычайна такі прыемны, загучаў груба, калі ён урэшце кінуў першае слова:

— Суцешыўся?

— Чаму не, — халодна адказаў Алесь.

— Віншую, — сказаў Мсціслаў. — Памяць каціная… Калі ты і з сябрамі так…

— З сябрамі не так.

Алесева сэрца падала ад жалю. Але зрабіць нічога было нельга.

— Звязаўся з Таркайламі, — сказаў Мсціслаў. — А ты ведаеш, што пра іх кажуць? Ты ведаеш, хто яны? Гэтыя старасветчыкі, гэтыя святыя ды божыя старазаветныя шляхцюкі — яны горла за свае грошы перарваць гатовы. У іх замест сэрца — каліта, замест мозгу — каліта. Яны з тых страшненькіх, што добрыя-добрыя да чалавека, проста хоць ты іх да скулы кладзі… аж да таго часу, пакуль справа не дойдзе да іхніх інтарэсаў. І тут яны — заб'юць учарашняга сябра.

— Калі "звязаўся" азначае "адзін раз пабыў у доме", я сапраўды "звязаўся".

— Угу, — сказаў Мсцiслаў, — i кожны раз вас конных бачаць. Удвух. Ад Бранiборскiх былых клiноў да Таркайлавай павароткi. Чорт палову свету аббегаў, пакуль вас не знайшоў ды адзiн да адного не штурхнуў.

Алесь усміхнуўся:

— Трэба ж і чорта ўважыць, калі яму столькі бегаць давялося.

— Што ж, — сказаў Мсціслаў, — як сабе хочаш. Проста яшчэ і гэтыя чуткі дайшлі да Раўбічаў.

— Ну і што? Хіба там яшчэ нехта цікавіцца мною?

— Я думаю, да гэтага вас яшчэ можна было памірыць. Раўбіч таксама адышоў трохі. Зразумеў, што ўсё гэта не больш як брыдкія плёткі.

— Адкуль гэта ён раптам такі разумны стаў?

— З ім Біскуповіч гаварыў. Сур'ёзна. Пасля твае прамовы. А тут ты з Сабінаю. Трымаў ты сябе проста як хлапчынка. Чуткі дайшлі да Міхаліны. Усё, відаць, з той самай крыніцы ведаюць…

— Што?

— …што ты нібыта аддаў пустку па такой таннай цане, бо спадзяешся ў хуткім часе парадніцца з Таркайламі… І нібыта з панам Юрыем даўно дамоўлена і ягоная згода ёсць, бо ён слова не сказаў наконт арэнднай платы, прапанаванай табе.

Алесь збялеў:

— Як?

— "На вечныя часы", — сказаў Мсціслаў. — "З умовай пабудовы сховішчаў…" Цяпер нават тыя, што верылі наконт таго, што ты з Геленаю невінаватыя, — маўчаць.

У Загорскага перахапiла дыханне. Удар быў разлiчаны i страшны. Ён ускочыў з месца.

— Я ж нічога!.. Яна заўтра…

I асекся. Усё адно нiчога нельга было растлумачыць людзям, якiя не верылi яму, а верылi абрыдлiваму паклёпу.

— Няхай, — цяпер гнеў біў і яго. — Чорт з ёю, калі так. Медальён вярнуць?

— Не, — здзівіўся Мсціслаў.

— І добра. Я ўсё адно не аддаў бы. Плёткам пра мяне паверыла. Не хачу я такіх… Не хачу!.. Не было ў мяне нічога з Сабінаю… Але ўжо калі яны так — я з самай беднай дзяўчынай ва ўсім Прыдняпроўі ажанюся… Простай, добрай…

Мсціслаў сядзеў сур'ёзны: паверыў Алесю.

— Ты пачакай, — глухім голасам сказаў ён. — Ты спачатку дачакайся Майчынага вяселля.

Алесь ляснуў зубамі і сеў.

— З кім?

— З Іллём Хаданскім…

— Як з Хаданскім?

— Так, — Мсціслаў казаў гэта, нібы яго душыў нейкі клубок. — Пасля весткі аб гэтай пустцы… яна як драўляная хадзіла з тыдзень… Пазаўчора гэты… з'явіўся… Прызнаўся ў каханні.

— І што?