Пяро бегала, пакідаючы радкі:
Чым угнявiла ты бога? I чым раззлавала,
Што над табою, яшчэ не апетай i сотняю строф,
Маятнiк часу упаў, i касцельная цемра настала,
Цемра прабiтых далоняў i тысяч няправых галгоф?
Што ты зрабіла зямлі — ад фіёрдаў да Рыма,
Што залівалі пажары цябе, распраналі вятры,
Што паміралі ў сібірах твае маладыя багрымы,
Што дастаеўскія кідалі нівы твае і бары?
Хто адабраў тваю памяць, мая дарагая,
Што, на працягу вякоў, забываючы мукі свае,
Лепшых паэтаў сваіх забыццём ты смяротным караеш,
Лепшых прарокаў каменнем няведання б'еш?
Веру ў адно. Калі злосць векавечную звяжуць
I над крыніцамі зорка-Палын узыдзе,
Ты на судзе — пад архангелаў трубы — Марыі адкажаш.
Скажаш адзінае слова за ўсіх на планеце людзей:
"Ў бiтвах скрываўлена, каб чалавецтва ўваскрэсла,
Каб на палетках ягоных воля i мова ўзраслi.
Мацi сыноў чалавечых. Я столькi пакут перанесла.
Можна зямлi дараваць,
Калі я існую на зямлі".
Ён не верыў, а вобразы атрымаліся міфалагічныя.
Ды і хіба ў гэтым справа, калі сапраўды гіне ўсё добрае, калі праўду кажуць булгарыны, а за волю ваююць мураўёвы, калі сапраўды над зямлёю ўзлёт прабітых рук?
Ён глядзеў у акно, на зорку. I раптам убачыў…
…У небе стаялі светлыя слупы ад гарызонта да зеніту. Яны мяняліся месцамі, крайняя іхняя грань была зырка-барвяная, яна разгаралася і нагадвала пажар. А пасярэдзіне ўставалі белыя палосы і слупы.
Рэдкае на такім поўдні і таму слабое, уставала над зямлёй паўночнае ззянне.