Кароткая шыя пана Яраша набрыняла крывёю.
– Убачым, – ціха сказаў ён. – Сілком пад вянец павяду. Гэта і маё апошняе слова...
– Вы можаце, вядома, зрабіць са мною ўсё. Але і я з сабою магу зрабіць усё. Я ведаю, поп згодзіцца вянчаць, нават калі вы прывядзеце мяне ў ланцугах. Ён усім абавязаны вам. Усім, і нават тым, што дваццаць год не служыць па новаму абраду, прыкрываючыся словам “хвароба”. Ён ведае, каму ён павінен дзякаваць за тое, што за ім сто разоў не прыйшлі і ён не здох у Салаўках на саломе. Ён “не зрабіў граху”, а вы “не паддаліся, не паступіліся гонарам”. І таму ён абвянчае. А сведкі, якія будуць бажыцца, што я ішла па сваёй ахвоце, таксама знойдуцца.
Голас яе зазвінеў:
– Я не буду ганьбіць вас і крычаць у храме. І гэта будзе апошняя падзяка за тое, што вы мяне нарадзілі
і з гэтай прычыны цяпер забіваеце... Апошняя. Таму што адразу пасля вяселля я заб'ю гэтага вылюдка. Сына вылюдка і шалёнай сцервы. А потым заб'ю сябе…
– Як хочаш, – сказаў пан Яраш.
Адразу пасля размовы ён загадаў прыставіць да пакояў Міхаліны верных людзей і сказаў Іллі Хаданскаму, што вяселле будзе праз два месяцы, у канцы кастрычніка, каб асталося тыдні тры да піліпаўкі. Да таго часу ён просіць графа Хаданскага не з’яўляцца.
Пан Яраш усё ж шкадаваў дачку, хоць яна сама была вінавата, даўшы слова. Ён спадзяваўся, што за два месяцы яе возьме одум, і разумеў, што прысутнасць Іллі прымусіць Міхаліну ўпарціцца. Дый новы член сям’і раздражняў Раўбіча сваёй самаўпэўненай мордай.
...Запіску аб усім гэтым перадаў Алесю пляменнік нянькі Тэклі. Яны часам сустракаліся ў тым самым бярозавым гаі.
Беды, крыўда і гнеў, несправядлівасць лёсу літаральна шматавалі яго.
Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Ля вогнішчаў – там, відаць, начавалі жнеі – гучаў ціхі смех. Потым даляцела ціхая сумная песня.
І гэтая заранка, і безназдейная глыбіня ракі, і, галоўнае, словы песні раптоўна ўразілі яго вострай адпаведнасцю з тым, што рабілася ў ягоным сэрцы.
Алесь ведаў цяпер, што яму рабіць. Дарэмна ён дараваў. Заўтра ж ён пойдзе да Хаданскага і дасць яму поўху. Потым у зборні трэба дачакацца, пакуль пан Яраш і Франс будуць паасобку, і зрабіць тое самае з імі. На адзін дзень прызначыць усе тры двабоі. Будзе вельмі добра, калі Ілля загіне, а Франс зваліць яго. Тады Майка атрымае вызваленне, а крыўды ў яе на Алеся не будзе. І, магчыма, Раўбіч пашкадуе.
Раніцай, аднак, здарылася незразумелае і неверагоднае. Ён толькі на золку заснуў на якую гадзіну цяжкім кашмарным сном. Потым прачнуўся, успомніў учарашнія думкі, хацеў устаць і адчуў, што не можа. Гэта не была баязлівасць. Гэта было горшае: абыякавасць.
Успомніў Раўбіча і падумаў: усё роўна... Франса: усё роўна... Паспрабаваў уявіць гуллівыя, нібы ў кацяняці, вочы і рудаватыя валасы Іллі і адчуў: і гэта – усё роўна.
Твар Майкі ўсплыў перад вачыма. Краёчак вуснаў, ясныя, як марская вада, вочы. Зноў не адчуў нічога, акрамя абыякавасці.
Добра ведаў, што ён у спальні. Бачыў нават калоны і завесу, што калыхалася ад ветрыку. Але здавалася, што ён зноў бачыць гэта ў сне, дрэмлючы на нагах.
... Ён стаяў між узброеных людзей. Хто ў латах, кранутых іржою ад шматдзённай крыві, хто ў кальчугах, ад якіх тапырылася шырокая, тканая кветкамі і лістамі чартапалоху вопратка. Шугаў агонь. Фарбы былі такія яркія, якія яны ніколі не бываюць у жыцці: чырвань плашчоў аж гарыць, жаўцізна шчытоў – як золата і сонца.
Алесь і ўсе, хто побач з ім, бачылі вілы, доўбні і баявыя цапы натоўпу, што абкружаў іх. Зблытаныя валасы, магутныя, нецяперашнія сківіцы, жоўтыя, як мёд, і белыя, значна святлейшыя, чым цяпер, валасы, люты агонь у сініх вачах.
Замак палаў перад ім зыркім шалёным агнём. Ляцелі іскры.
А ён, Алесь, – а можа, і не ён, а нехта іншы, – драмаў, стоячы на нагах, бо чатыры дні ён і ўсе гэтыя людзі не спалі і чатырох хвілін.
Яму было бадай што ўсё адно, што з ім і іншымі зробіць натоўп.
Ён бачыў чалавека з разбітай галавой. Чалавек ляжаў наперадзе, сажні за чатыры перад імі.