Выбрать главу

Потым пачало часам прыходзіць узбуджэнне. І яшчэ, нібы праявы, думкі аб жыцці. Спачатку яны былі непрыемныя, а потым сталі нават саграваць. Бо вакол былі зоры і аблокі.

І, галоўнае, неба.

Ён ужо еў. Ён ляжаў і думаў пра ўсё на свеце.

Прыйшла раптам у адзін з дзён пяшчотная туга па кімсьці. І з вострым пранікненнем у праўду ён зразумеў, што няма шчасця ў тым, калі толькі цябе кахаюць.

Кахаць – вось што было шчасце.

І гэта не толькі з жанчынамі. Гэта і ў любові да людзей. Шчасце было – аддаваць. Усё аддаваць жанчыне-сонцу і ўсім незлічоным чалавечым сусветам, якія жылі і рухаліся вакол.

Праявы жыцця наплывалі аднекуль усё часцей. Чырвоная ад промняў захаду дзічка... Туман, што збягае з зямлі, і паўсюль белыя... белыя коні... Бацька прыкладае да вуснаў рог... Сіняе павуцінне ў паветры... Тромб на сляпучым пяску арэны... Вочы маці, што ўсміхаюцца яму... Кастусь і ён на кані над стромай... Каласы пад сярпом на камені... Кроер, што ўзносіць карбач... Чорныя вішні на падвоканні мансарды... Крынічка варушыць пясок... Твары Кагутоў... Аблічча Стафана... Галіна дуба, працягнутая між зор... Салаўіны пошчак... І зноў Кастусь... І Майчына рука, што паказвае на зоры...

Зямля... Зямля... Зямля...

Аднойчы ў начы ўсё гэта лінула на яго з такой сілай, што ён закалаціўся ад жалю па страчаным часе і ад прагі дзейнасці.

Ён не мог больш ляжаць вось так. Досыць! Мінула тры тыдні. Тры тыдні нібы выкінуты з жыцця.

Была ноч. Ён паспрабаваў устаць, але не здолеў – праваліўся ў кароткі і моцны сон.

... Была ўсё тая самая ноч. Але з цёмнай зямлі – вакол узнесенай у неба альтанкі і наколькі магло ахапіць вока – цягнуліся ўздзетыя ў маленні рукі. Яны цягнуліся бліжэй і бліжэй. І вышэй, нібы на кожную расціснутую далонь павінна была легчы свая, толькі ёй адной прызначаная зорка.

Глухі гул далятаў адусюль, нібы нябачныя людзі наракалі і задыхаліся пад зямлёй.

Рукі цягнуліся вышэй і вышэй. Крычала зямля.

... Ён прачнуўся і ўбачыў край узыходзячага сонца. Сонца пералівалася і гуляла над шатамі дрэў.

Але голас бязмежнага гора яшчэ ляцеў ад зямлі.

І тады ён зрабіў намаганне і ўстаў. Устаў насустрач сонцу і, захінуўшыся ў прасціну, пайшоў з альтанкі.

Спявалі птушкі. Ён ішоў, і крокі рабіліся мацнейшыя і мацнейшыя.

...Ля алеі насустрач Алесю бег Кірдун.

– Паніч Алеська! Паніч Алеська!

І кінуўся яму на грудзі.

– Бож-жа ж мой! А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць? Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Нават ад Міхалінкі чапавека не пусцілі.

Алесь абняў гэтага першага чалавека са зноў здабытага свету.

– Ну кінь, Халімоне. Бачыш, усё добра. Жывы.

Прагна спытаў:

– Што там новага?

Кірдун зразумеў па гэтым пытанні, што з хваробай усё скончана.

– Трэба, трэба было, каб устаў. Прыбягаў хлапец ад Міхаліны. Вяселле скора. Падганяе пан Яраш.

Алесь адчуў, як сабралася пад скурай пасвяжэлае цела. Вочы звузіліся жорстка.

– Я сказаў, што хворыя. Яе не пушчаюць. Бегчы хацела, – захлынаўся Халява.

– Яшчэ што? – сурова спытаў Алесь.

– Лухта, паніч. За гэты час некаторыя нават не паслалі спытаць, як з вамі... Стары пан пасмейваецца. Кажа: “Б-бай-кот”, вось як. Увесь заходні попуст наваколля – Таркайлы, ды Браніборскі, ды іншыя... Хаданскі крычаў, стары Мікіта: “Выдыхае старое кубло! Чаго чакаеце, малодшыя?! Хутка і Вежу здыхаць! Ганіце яго, пакуль тая справа, з камітэта ды адусюль. Чырвань з гэтых “чырвоных” пусціць трэба!” Добра, што на зборні большасць малодшых паўсталі на іх. Пана Кастуся Кроера Юллян Раткевіч за дзверы выкінуў. Дуэля была... да першай крыві.

– Забілі некага? – спытаў Алесь.

– Падрапіны ў абаіх.

– Ну, байкот – гэта лухта, – спяшаўся Алесь. – Яшчэ што?

– “Ку-га” зрабіла аблаву на Чорнага Войну.

– Забілі?

– Выслізнуў... А потым прыйшоў ліст з пагрозаю ад “Ку-гі” Юлляну Раткевічу.

– За што?

– А д’ябал яго ведае, – Кірдун раптам стаў. – Панічыку, сакрэт.

Нешта такое было ў ягоным голасе, што Алесь таксама спыніўся.

– Думаю, Кроер са злосці прыслаў... Са злосці на Юлляна... Толькі маўчыце...

– Не жартуй, – сурова сказаў Алесь. – Чаму думаеш?

– А каму Юллян калі зашкодзіў... І потым... Памятаеце, Таркайла казаў, што людзі “Ку-гі” перапынілі лёкая ягонага, Пятра, і далі папярэджане...

– Ну?

– Пятро нічога не ведае, – шэптам сказаў Кірдун. – Я нібы выпадкова загаварыў з ім. Ніхто яго не перапыняў. Нічога ён, Пятро, не перадаваў.

Алесь аслупянеў.

– Таркайлы?