– Што загадала перадаць?
– Каб на захадзе сонца чакалі ля пралому ў агарожы.
Кандрат раптам усміхнуўся.
– Бачыш, дзе мы?
– Нягож, – сказаў Алесь. – Апошні наш начлег. Калі Война на нас наехаў. Вунь яно.
Андрэй Кагут усміхнуўся.
– А там далей мы чулі, як Раўбіч з гармат страляў, калі малодшая нарадзілася.
Маўчалі. Алесь успамінаў словы з апошняй Майчынай запіскі: “Дзед меў рацыю калісь. Цяжкасці зрабілі сваё. Вазьмі, забяры мяне адсюль, родны, любы”.
Ён паклаў руку на кішэнь, ля сэрца, намацаў там запіску, і яму стала цёпла.
– Што ж, хлопцы, трэба, відаць, выбірацца. Мсціслаў, ты тут?
– Але?
– Значыць, колькі нас... Ты, я, блізнюкі... Мацей Біскуповіч, Янка Клейна, Кірдун, Паўлюк... Восем чалавек. І яшчэ Кандраці з шасцю палясоўшчыкамі. Т-так. Ну, гэтых адразу кіруй у Мілае. Хай трымаюць царкву. Каб ніякага выпадку не магло быць.
– Не будзе, – сказаў Кандраці. – Людзі верныя, з тых... Памятаеш, што пан схаваў, калі банду Прайдзісвета пабілі. Дзеці ды ўнукі іхнія. Жыццём абавязаныя людзі.
Старшы пад’ехаў да купкі людзей, нешта растлумачыў ім. Праз хвіліну людскі ланцужок праскакаў да Равекі, успеніў ваду, выбраўся на сухое і папраставаў полем у бок Мілага.
– Ну вось, – сказаў Алесь. – Кранулі. Ля агарожы бяром яе і скачам чуйдух. Коней не шкадаваць: за кубкі заплачана – біце. На выпадак калі трывога – ты яе, Мсціслаў, бярэш і скачаш, а мы...
– Хто з ёю вянчацца збіраецца? – спытаў Мсціслаў. – Ты ці я? Гэта, брат, не вайна. Тут хочаш не хочаш – будзеш уцякаць першы. Кагуты з табою... Не... Паўлюк з табою і Янка...
– А я? – спытаў Андрэй.
– Ты з Кандратам і я прыкрываем, – сказаў Маеўскі. – Будуць даганяць – біце па конях.
Засмяяўся:
– Калі ў каго з вас коней падаб’юць, астанецца Ян Клейна. Яго ў цемры не спаймаюць.
– Зайздросціш? – весела спытаў арап.
– Нешта ты мяне забыў, – сказаў малодшы Біскуповіч.
– Ну, ты, вядома, са мною. Разам шкодзілі – разам і адказ... То давайце, хлопцы, па стрымянной дый да Раўбічаў.
Выпілі з пляшак. Крэбс падвёў коней:
– Пістолі ў саквах.
Змужнелы рашучы Паўлюк першы ўскочыў у сядло.
– Спяшаецца наш акадэмік, – сказаў Кандрат. – Нібы гэта яму жаніцца.
– Два курсы адолеў, – сумна ўсміхнуўся Андрэй. І не ўбаяўся “бездны премудрости”.
Тромб заскакаў пад Алесем.
Загорскі ўзяў павады Касюнькі. Янка Клейна са стрэльбаю ўскінуўся на Ургу.
– Коні немаладыя, – сказаў ён.
– Нічога, – сказаў Крэбс. – Коні верныя. Калі ўжо налажыць галавою, то з коньмі, з якімі жыццё пражыў.
Картэж рушыў. Крэбс сцепануўся – прыпякла гарэлка – і шчасна засмяяўся:
– Вось гэта жыццё! Не жыццё, а балада.
Асветленыя, залітыя сумнай барвай захаду, конікі рушылі.
Ступою, каб перадчасна не стаміць коней, хаваючыся, дзе можна, у ярах, мінулі паплавы. Узбуджэнне ўзрастала. Калі пад’язджалі да паркавай агарожы – Андрэй забыўся да таго, што знянацку для самога сябе зацягнуў:
Кандрат даў яму ў каршэль.
Алесь адчуваў, што баіцца ў гэтай кампаніі, відаць, толькі адзін ён. І не за сябе, а за тое, што можа сарвацца. А ўсе астатнія – нібы п’яныя. Ім лёгка. Сарвецца справа, і ўсё. У горшым выпадку шыю скруцяць, упаўшы з каня. А як быць яму, Алесю?
Ён згаджаўся, аднак, што яны маюць рацыю. На іхнім месцы і ён ехаў бы як п’яны.
– Алесь!
Ён зірнуў праз краты ў парк і ўбачыў яе. Яна бегла ля агарожы, дакранаючыся да яе рукою. Шукала і не знаходзіла месца, дзе быў выламаны пруток.
Кандрат памчаўся наперад:
– Сюды! Сюды! Майка, сюды!
Яна бегла да пралому, які ён паказваў. Дзіўна, ёй яшчэ зарана было з’яўляцца. І рэчаў не было ў руках.
Ён зразумеў чаму, пачуўшы нейкі вэрхал у глыбіні парку. Нешта перашкодзіла.
– Сюды, Міхаліна, сюды!
Рукі Кандрата падхапілі яе. Потым Кагут нібы вырваў яе з-за кратаў, панёс дарогаю да коней.
Алесь схіліўся, падхапіў на рукі, узняў з адчуваннем, што мог бы падкінуць і да неба, пасадзіў у Касюньчына сядло. І толькі тут здагадаўся, што магло насцярожыць раўбіцкіх.
На Міхаліне былі нагавіцы і дзве паласы з шатландкі, што ўтваралі нібы сукенку, разрэзаную па баках. Нічога падобнага на звычайную польскую ці рускую амазонку. Не для жартаў, не для паездачак, як тая. Сапраўдны строй для скачкі не на жыццё, а на смерць, на злом галавы. Наважылася, наважылася на ўсё. Насцеражыла ўсіх.
– Дурнічка, дурнічка мая!
Паркам беглі да агарожы нейкія людзі. Ён не бачыў у паўцемры, якая ўжо стаяла між дрэў, – хто?