Франс развёў рукамі.
– Відаць, досыць, – сказаў ён. – Давайце бярвенні, людзі.
– Не рабі гэтага, – сказаў Алесь. – Не рабі таго, аб чым пашкадуеш. Я люблю цябе, браце. Ты сапраўды цяпер мой брат. Не я завёў тую свару. Я заўсёды хацеў, каб быў мір. Нам абрыдла, што з-за дурной спрэчкі гінуць лепшыя нашы гады. І таму я вымушаны быў пайсці на гэта, хоць я вельмі шкадую, Франс. І я прашу твайго даравання.
Раўбіч, здаецца, не ведаў, што яму казаць.
– Бач, запяяў, – сказаў, – сказаў Ілля Хаданскі.
– Я не баязлівец, Франс, ты ведаеш. Я проста хачу міру. Не крыўдзь сваёй сястры, а маёй жонкі.
– Досыць, Франс, – сказаў стары Хаданскі. – Ты можаш ісці. За крыўды адплацім мы.
– Як? – спытаў Франс.
– Яна зробіцца ўдавой Загорскага, не паспеўшы зрабіцца жонкай.
Алесь змрочна кінуў:
– Я не хачу і тваёй крыві. А ты, Франс, запамятай: што б ні здарылася, я ніколі не стану страляць у цябе. Мне дарагая мая жонка.
– А калі стрэлю я? – спытаў Франс.
Алесь паціснуў плячыма.
– Не прыніжайся, – раўнуў раптам Мсціслаў.
– Я не прыніжаюся, ты бачыш.
– Мы яму не дамо расстрэльваць цябе, – пачырванеў Паўлюк. – Я буду страляць. Чуеш, я?!
– Чуеш, Франс? – сказаў Алесь. – Магчыма, яны. Але не я.
– Адчыні, – сказаў Раўбіч, – не заўдавай сабе ганьбы.
– Я не магу гэтага зрабіць, – спакойна сказаў Алесь. – Я не веру вунь тым. Я схіліў на гэтую справу сяброў і адказваю за іхняе жыццё і бяспеку.
Франс адышоў прэч ад царквы. Нешта горача казаў яму Ілля Хаданскі. Раўбіч ашчаперыў рукамі галаву. Хаданскі казаў далей. Франс ківаў галавою. Потым глыбока ўздыхнуў і агледзеў вежы і гульбішча царквы.
– Франс, – сказаў Алесь, – адумайся, пакуль не позна.
Замест адказу пралунаў стрэл з купкі дваран ля старога Хаданскага. Паляцела грубая жоўтая атынкоўка
ля галавы Алеся.
У адказ галерэя залапатала нягучнымі стрэламі.
– Людзі! Людзі! Адумайцеся! – гарлаў Алесь. – Што вы робіце? Людзі!
Замалаціла свінцовым бобам па свінцовых чарапіцах над галавой.
Мсціслаў сунуў у Алесевы рукі стрэльбу.
– Бі! Бі і не крычы! Яны гэта не так зразумеюць!
І тады Загорскі, захлынаючыся гневам і роспаччу, прыпаў да прыклада.
Стрэльба была новая, пістонная. Яна нечакана зручна лягла да пляча. Алесь убачыў на канцы рулі галаву Іллюка Хаданскага і націснуў курок.
Ілля схапіўся за галаву і павольна заваліўся назад, на рукі сябрам.
– Няўжо забіў?
– Ну і чорт з ім, хоць і забіў, – прахрыпеў з правага боку мурын.
– Не забіў! – раптам амаль з радасцю крыкнуў Андрэй Кагут. – Не! Бач, устае. Аглушыў, відаць, толькі.
Ра-та-та, – сыпанула па чарапіцах. – Ра-та-та.
– Бач ты, – сыпануў Кандрат. – Гэтак вельмі проста і забіць могуць.
Стрэлы з галерэі нібы паступова апаясвалі царкву.
Янка Клейна, першы з закранутых, сядзеў на каменных плітах падлогі і, лаючыся, накладаў корпію на прастрэлены мускул прадплечча.
– Глядзі, – сказаў Кандрат. – Чырвоная.
– Яна, браце, ва ўсіх чырвоная ды аднолькавая, – сказаў Андрэй. – Ва ўсіх людцаў, колькі іх чыста ёсць на зямлі… Сволачы… Навалач, прама сказаць… Што, Янка, кусь?
– Кусь, – усміхнуўся той. – Нічога, неяк зажыве.
Мсціслаў прыглядаўся, што робіцца ўнізе.
– Глядзі, – сказаў ён. – Вось нягоднікі.
Людзі ўсталёўвалі наводдаль дзве гарматы. Парадныя. З Раўбічавага ганка.
Алесь адчуў холад у пазваночніку. Холад пракаціўся некуды ўніз і знік у нагах.
– Гэта, калі і не пацэліўшы, у галаву патрапіць, – сказаў Кірдун. –То пэўна дзірка будзе з палац пана
Вежы.
Запанавала маўчанне. Потым стары Кандраці павольна перажагнаўся.
– Гарматы, – сказаў адзін з палясоўшчыкаў.
Кандрат Кагут абвёў усіх вачыма.
– Мы народ сур’ёзны, – сказаў ён. –Жартаваць не любім.
Са свістам хвастанула па балюстрадзе і даху карцеч.
– До жартаў, хлопцы, – сказаў Мсціслаў. – Біце па гарматах, іначай жывыя не выйдзем.
Алесь высунуў галаву. Ілля Хаданскі падносіў шматок зыркага пакулля да запальніка. На галаве ў Іллі
бялела павязка.
І раптам нешта здарылася. Чыясьці рука выхапіла кнот з рукі ў графа. Той паспрабаваў быў перахапіць яго назад. І тады тая самая рука гучна прыпячаталася да шчакі маладога чалавека.
– Чакайце, хлопцы, – непаразумела сказаў Мсціслаў. – Не страляць. Баба.
Сапраўды, між людзей, што трымалі абдогу, рухаліся дзве жаночыя постаці.
– Дамоў, – сказала жанчына голасам Надзеі Клейны.