– Я раіў бы ісці дамоў вам, пані Надзея.
– Ідзі дамоў, Франс, – паўтарыла Клейна. – Там зараз адна Ядвінька. Яна баіцца. Нават лекара яшчэ няма. Паслалі ў Вежу.
– Гэта нашто?
– Маўчы. Хадзем, Эвеліна.
Клейна ўзяла руку Раўбічаву пад руку і рушыла з ёю да царквы.
– Гэй, – сказала яна, – кідай зброю! Янка, гэта ты там, паршывец? Кідай зброю, кажу.
Янка крэкнуў.
– Мужыкі-і, – сказала Клейна. – Вайны ім пільна не хапала. Жонкам ды маткам варта было б за вас узяцца. Ды каб кожная па галаве знянацку дала, каб аж Маскву ўбачылі… Ану, кідай зброю! Хто там галоўны? Загорскі малады? Ану ўставай, яны страляць не будуць. Ды Міхаліну сюды, скура б на ёй так гарэла.
Паўлюк і Андрэй пабеглі па Майку. Прывялі.
– Ты што ж гэта нарабіла, га? – спытала ваяўніца. – Бачыш, маці ледзь на нагах трымаецца. Канчай вайну. Міхаліна!..
– Што? – сказала ледзь жывая ад сораму Майка.
– Дрэнныя справы, доня. З тваім бацькам удар.
Склала рукі.
– Міхаліна, сыдзі. Богам клянуся, ніхто не зачэпіць. Іначай Франсу давядзецца ў маці страляць, і іншым – у жанчыну. Сыдзі, дзетухна. Зробім выгляд, што памылковая трывога… Можа, яму і жыць нядоўга.
Майка глядзела на Алеся.
– Не ведаю, Міхаліна.
– Алесь, – сказала Клейна, – не ўпірайся. З’едзеш адсюль месяцы на два далей ад улад, пакуль мы будзем кругавую паруку трымаць. Вернешся – пан Яраш ачуняе. А тады – слова табе даю – тут сама яе прывяду.
Алесь глядзеў у зямлю.
– Алесь, – сказала Майка.
– Ідзі, – сказаў ён. – Я пачакаю. Я цябе заўсёды буду чакаць.
– Я таксама буду чакаць, Алесь.
Яна рушыла па прыступках уніз. Зніклі ногі, грудзі, плечы. Галава ўскінула на яго вялікія вочы і сумна
схілілася.
Ляснулі ўнізе завалы. Потым Майка з’явілася побач з Клейнай, і тая паклала ёй на плячо руку. Франс зрабіў крок да іх.
– Адкасніся, – сказала Клейна. – Яна – мая, пакуль мужу ў рукі не перадам.
XII
Алесь ішоў вуліцамі Масквы. Сакавіцкі набрынялы снег мякка паддаваўся пад нагамі. Ззялі непадалёк купалы крамлёўскіх сабораў. Праляталі часам з Замаскварэчча, Краснай плошчай і на Манежную купецкія тройкі: пачыналася масленіца.
Загорскі скінуў шапку, праходзячы паўз Іверскую, а потым спыніўся і пачаў глядзець на плошчу. Другі месяц ён жыў у Маскве, і кожны раз пагрозлівай і гордай прыгажосцю ўражаў яго гэты куток зямлі.
Вярнуцца да берагоў Дняпра ўсё не выпадала. Праўда, гісторыя з Майкай амаль забылася. Адразу пасля штурму царквы ў Мілым Клейна завезла Міхаліну ў Раўбічы, супакоіла пана Яраша і вырашыла, разам з Майкай і Ядвіняй, знікнуць на пару месяцаў з наваколля.
Адразу пачала дзейнічаць кругавая парука. Пад ціскам грамадскай думкі нават Хаданскія, што не хацелі хлусіць, вымушаны былі сказаць, што ніякай аблогі не было.
Пан Яраш ужо трохі хадзіў. Адпусціла. Але пра Алеся з ім баяліся і гаварыць, тым больш што Франс сказаў аднойчы: “Яна яго жонка і не можа быць больш нічыёй. Але і ягонай яна не будзе”.
Але гэта было не самае страшнае. Значна горш было другое. Алесь не хацеў чакаць, пакуль выйдзе падрыхтаваны маніфест аб адмене прыгону. I Кастусь з гэтым згаджаўся – калі ўжо яны хацелі мець падтрымку сярод сялян наваколля. Адпусціць людзей трэба было хутчэй, каб мужыкі сарака з лішнім вёсак атрымалі волю раней за іншых, адчувалі, ад каго атрымалі, і ў будучым верылі б ва ўсім гэтаму чалавеку.
Загорскі так і зрабіў. Ішла перапіска з Выбіцкім і Вежам. Яшчэ восенню пачалося масавае засведчанне дакументаў аб вызваленні.
Мужыкоў вызвалялі з самым мінімальным выкупам (толькі каб не лямантавалі суседзі) і з перадачай у поўную іхнюю ўласнасць той зямлі, якой яны валодалі яшчэ ў прыгоне. У адпускных было таксама агаворана, што, калі справы былога пана з цукроўнямі і іншым пойдуць добра – мужыцкі надзел можа быць павялічаны за кошт панскай зямлі.
I вось тут здарылася дзіўная, незразумелая рэч. Што сычэла навакольная шляхта – гэта было зразумела. Сычэла, але баялася, прыціснутая старым Вежам, які, дарэчы, сваіх пераводзіў толькі на лёгкі аброк, даючы магчымасць Алесю гаспадарыць у сваіх вёсках толькі пасля ягонай, Вежавай, смерці.
Што раіла адмовіцца ад даравання волі начальства – таксама нікога не здзівіла. Пабойваліся бунту ў наваколлі. I нічога, аднак, не маглі зрабіць. Пан быў гаспадаром, і ў дзеяннях ягоных не было вар’яцтва. Падпалі ён свой уласны палац – справа іншая, тады і апеку можна было б накласці. А так яны толькі раілі ды ўгаворвалі, націскаючы на тое, што вызваленне ўсё адно хутка прыйдзе і пры гэтым чаканні вольныя вёскі сярод прыгонных будуць як фіціль, забыты ў бочцы з порахам.