А Загорскага сынок... Чулі? Якабі-інец.
“Якабінец” тым часам менш за ўсё думаў аб сваёй прамове. Адразу пасля прыёму (прысутнічаць у той вечар на пасяджэнні новапрынятаму не дазвалялася, каб не чуў спрэчак пра сябе) два браты Таркайлы перахапілі яго і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Ён бы куды з большай ахвотай паехаў да кагосьці з сяброў, але ніхто не наважыўся парушыць “права першага”. Алесь успомніў пра Майку і з адчаем махнуў рукою.
Давайце!
Браты пачалі ляпаць яго па плячах, раўці мядзведжымі галасамі, што смелы быў, як леў, што так і трэба.
Захуталі ў футры, пацягнулі раба божага да вялізных санак, што былі падобныя на іканастас: па металічных частках траўленыя “пад мароз”, па драўляных размаляваныя крылатымі галоўкамі амураў.
Васпана напаіць трэба, ракатаў пышнавусы круглы Іван. Нашай кмяноўкі, нашага крупнічку... А палыновая!
Я не п’ю... Амаль не п’ю.
Амаль гэта вобмаль, павучаў худы, згорблены нейкай невядомай сілай Тодар.
...Коні дамчалі да маёнтка хутка. І коні былі сытыя, аўсяныя, і маёнтак, відаць, заможны. Велізарны, з дубовых бярвенняў дом, укрыты шчапяным дахам. А за ім, адразу за садам, ледзь не на палову вярсты, гаспадарчыя пабудовы, сцірты збожжа, млын над рачулкай, вятрак, кастры бярвенняў пад павеццю.
Сохнуць, сказаў Тодар. Некаторыя па шэсць-восем год. Хоць ты скрыпкі рабі... Канкурэнцыя толькі псуе справу, княжыч.
Кінь, грукатаў Іван. Няма чаго гнявіць бога.
Сані спыніліся. Лёкай Пятро расхутаў паноў, павесіў футры ля ляжанкі ў вялікай пярэдняй, адчыніў дзверы ў гасцёўню.
Падлога заслана саламянымі тонкімі цыноўкамі, нацёртымі воскам. Мэбля ля сцен падобная на зборню мядзведзяў.
Наступны пакой сталовая. Акрамя звычайных шыбаў, устаўлены яшчэ і другія, з рознакаляровага шкла. Напаўзмрок. І толькі праз адно акно нечакана радасна і чыста глядзіць снежны дзень.
Селі за стол.
Паспрабуй, княжа, калганнай ды часнычком закусі. Вось ён, раб божы, марынаваны. Паху ніякага, а смак утрая лепшы. А як наконт яшчэ торну, цярновачкі... Ты яе грыбкамі, подлую, грыбкамі... Рыжычкамі... Бач якія, з капеечку кожны. І не больш...
Алесю цікава было слухаць і думаць аб тым, нашто ўсё ж яго запрасілі.
Урэшце ўсе наеліся.
Я мяркую, зараз будзе галоўная размова, сказаў Алесь.
І ўбачыў насцярожаны позірк чатырох шэрых вачэй. У іх не было дабрадушнасці. І наогул у сваіх дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру браты нагадвалі натапыраных шэрых чапель, што на водмелі пільна сочаць за маляўкай.
Я мяркую, сказаў Алесь, вам трэба параіцца са мною аб нечым. Папярэджваю: размова начыстую. Толькі тады я перадам усё бацьку. І растлумачыў: Я толькі малодшы гаспадар, панове.
Жорсткі прыкус Іванавага рота змяніўся ўсмешкай: на адным краёчку вуснаў.
Добра, сказаў тоўсты Іван і закругленым рухам разліў па чарках крупнік. Карты на стол.
Тодар кіславата ўсміхнуўся і дастаў з пузатага бюро аркуш паперы.
У нас ёсць пляменніца, густа сказаў Іван. Сірата. Круглая. Мы апекуны. У гэтым годзе яна дасягнула паўналецця.
Алесь убачыў разгорнуты ліст натарыяльна засведчанай копіі запавету, прачытаў прозвішча паўналетняй: “Сабіна, дачка Антона з роду Марычаў, дваранка, васемнаццаці год”. Убачыў суму: нешта каля ста тысяч без працэнтаў.
Ясна, сказаў ён. Што залежыць ад мяне?
Мы хочам арандаваць у пана Юрыя тую вялікую пустку, каля нас. Грошы гатоўкаю, хай не турбуецца, грэх крыўдзіць бедную сірату.
Але?...
Але і нам ужо досыць абрыдла апекавацца. Ёй час гаспадарыць самой. Мы купілі тыя кліны, што ля пусткі. У Браніборскага. Улічыце, за свае грошы.
Ведаю, сказаў Алесь. Зямля благая. Танная.
Браты пераглянуліся. Арэшак быў больш цвёрды, чым спадзяваліся.
Мяркую, пустка патрэбна вам пад нейкую забудову.
Бровар, сказаў кіслы Тодар.
І зямля вам патрэбна як гарантыйны фонд! Пад жыты і бульбу. Пакуль бровар не прыдбае сталых, заўсёдных пастаўшчыкоў сыравіны?
Але, трохі збянтэжана сказаў Тодар.
Алесь думаў. Браты з некаторай ніякавасцю глядзелі на яго.
Зямля тая пустуе, сказаў урэшце юнак. Я думаю, што прывязу бацьку выгадную здзелку. Аб суме арэнды і тэрміне яе зложыце пагадненне з панам Юрыем. Браты ўздыхнулі з плёгкаю.
Але радавацца было ранавата. Алесь раптам сказаў:
Як будучы гаспадар, я са свайго боку даб’юся ў бацькі, каб ва ўмову ўнеслі толькі адзін пункт.
Які? спытаў насцярожаны Тодар.
Скажам, уся пустка ў арэнду на дзесяць год.
Досыць, сказаў Іван.
Але дзве дзесяціны, ля самых кліноў Браніборскага, ідуць у арэнду без тэрміну і за самую мізэрную плату. Затое на гэтай плошчы размяшчаюцца ўсе сховішчы сыравіны для бровара.