– Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім – тое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: “Рэкі вам даю поўныя, пушчы – нямераныя, азёры – нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду – пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцэх мільёнамі. А трáвы – як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці – дужыя, сады – багатыя, грыбоў ды ягад – заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы – здатныя. На дойлідства – таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як...” Тут яго Мікола ў бок штурхае: “Пане божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы бо-жа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць – дай бог нам за вамі”. Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць – лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы – да сонца. “Добра, – кажа, – зямля будзе – рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся – дам я вам найгоршае ўва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі”. Вось яно як!
Сашка Волгін нявесела засмяяўся:
– Горш за ўсё, што гэта праўда, Алесь.
– Вось так і жывём.
– Нічога, брат, нядоўга.
– Ты што робіш?
– У мяне, браце, рускі сектар. Найболей афіцэры. Ёсць і студэнты.
– Многа?
– Пакуль што нямнога. Пяцьдзесят два чалавекі[58]. Будзе больш.
– Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды, суцешыў, брат. Гэта ж хаўрусам і ў пекле добра.
– Стаіць адно пытанне, – сказаў Кастусь. – Што будзем рабіць далей? Колькі можна чакаць! Вось вы, з Магілёўшчыны, якое ў вас становішча з сялянскай справай?
Алесь не адразу зразумеў, што гэта да яго. Устаў.
– Становішча дрэннае. Па губерні дзвесце восемдзесят сем тысяч сялян у закладзе... Дазвольце запытаць астатніх.
– Пытай, – сказаў Кастусь.
Яны трымаліся, як незнаёмыя.
– Вы, здаецца, віцяблянін? – спытаў Алесь у высокага бялявага хлопца. – Мяркуючы па гаворцы...
– Віцяблянін.
– Колькі закладзеных на Віцебшчыне?
– У нас дзвесце дзесяць тысяч.
– Я з Міншчыны, – сказаў хударлявы белавалосы юнак. – У нас закладзеных дзвесце восемдаесят восем тысяч.
Чарнявы, падобны да іспанца малады чалавек рэзка бліснуў вугальнымі зрэнкамі.
– Я з Гародні. У нас сто дзевяноста сем тысяч душ у закладзе.
Алесь абвёў вачыма ўсіх.
– Вільняніна ў нас няма, але і там не лепей. I вы яшчэ пытаеце, што нам рабіць?
Кастусь ухвальна схіліў галаву.
– Каля мільёна сялян здраджана сваімі так званымі гаспадарамі, якія павінны клапаціцца аб іх. Гаспадары самі паднялі рукі, самі ўзялі ад дзяржавы грошы за гэтых людзей. Цаною іхняй крыві і іхніх пакут прыдбалі сабе магчымасць раскашавацца. I тым самым страцілі права на чалавечыя да сябе адносіны. I калі яны самі аддаюць народ ва ўладу катаў, не могуць быць гаспадарамі – мы павінны адабраць у іх гэтае права. – Вочы Алеся былі змрочныя і рашучыя. – Я прапаную: народы вызваляць і сялянам даваць зямлю. Я прапаную: паноў, якія рабавалі, высяляць з краіны, пазбаўляючы маёмаслі, а цмокаў – расстрэльваць. – Сеў.
– Правільна, – сказаў Кастусь. – Хай прадстаўнікі маскоўскага зямляцтва выкажуць свае меркаванні аб тэрмінах і метадах паўстання. Аб ходзе паўстання. Потым мы звядзем іх у адно з думкамі іншых зямляцтваў і арганізацый.
Людзі думалі.
Пасля звароту на Прыдняпроўе Алесь усутыч узяўся за вярбоўку людзей. Справа пайшла нечакана лёгка. Дрэнна паддаваліся агітацыі, бадай, адны сяляне. Дый сярод іх, з дапамогаю Кагутоў, удалося навербаваць нешта каля трох соцень людзей цвёрдай згоды. Маладыя дваране з небагатых лёгка і ахвотна ішлі на агітацыю. Ужо цяпер, калі б трэба было паўставаць неадкладна, Прыдняпроўе, у зоне дзеяння Алеся, магло б выставіць каля трохсот кос і шасці соцень багнетаў. А яшчэ ў паўночнай частцы губерні павінен быў дзейнічаць Людвік Звяждоўскі (“белыя” прабілі на пасаду свайго, не ведаючы, што гэты свой за апошні час вельмі моцна “пачырванеў”).
Словам, баяцца тут не было чаго. Хіба што здрады. Але і яна дзякуючы сістэме “дзесятак” не магла зачапіць шырока.
Алесь ведаў: да прызначанага імі тэрміну паўстання аставалася яшчэ тры гады. Лета шэсцьдзесят трэцяга. За гэты час можна было шмат чаго зрабіць. А калі рэформа расчаруе людзей – тыя, якім ён даў зямлю ўжо цяпер, таксама возьмуцца за косы. Да чэрвеня перавод сялян у вольны стан быў амаль скончаны. Тысячы былых яго мужыкоў былі вольныя: дадатковы парахавы зарад.
58
Восенню наступнага года з разрозненых груп і асоб у Пецярбургу ўзнікла арганізацыя “Зямля і воля”, якая дзейнічала ў паўстанні побач з беларусамі, літоўцамі і палякамі. Хоць яна была нешматлікая, але мела вялікае значэнне як пачатак дэмакратычнага руху.