Выбрать главу
Вой, як павалюся я на тваю магілачку, Як закуваю я цяпер па табе кукулечкай. Дружыначка ж ты мая, нашто ж ты мяне... пакідаеш? А ці дабра ты ад дзетак, ад жонкі... не маеш? Як жа ж нам цяпер... пражыць? Як нам жыццё без цябе... прабыць? Як мы цябе забываць... будзем? Адкуль мы цябе дажыдаць... будзем?

Кандрат сціснуў кулакі на вясле і рыўком папаслаў човен з корстай нябожчыка да недалёкай ужо царквы на выспе.

Да каго ж мне ўначы цяпер цмокам прысмактацца? Адкуль жа мне парады цяпер дажыдацца? Адляцеў ты ад мяне цяпер, саколік-голуб шызы – Кукулечка! Згас ты цяпер для мяне, васілёк ты мой – сонейка – Пралесачка!

Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звона.

...Назад Кандрат і Алесь ехалі ў чаўне адны. Далёка перагналі ўсю чараду чаўноў.

– Слухай, Кандрат, вазьмі мяне з сабою.

– Куды?

– Ты ведаеш...

– Не, – сказаў Кандрат. – Нічога я не ведаю.

Яны плылі, а вакол быў блакіт і гарачае паветра.

– Глядзі, што гэта? – сказаў Алесь.

Кандрат азірнуўся, і на хвіліну абодва яны замерлі, уражаныя тым, што адбывалася над ракой.

На беразе, наводдаль, уставаў у паветры вялізны чорны слуп – ад зямлі да неба. Ён здаваўся б нерухомы, каб не круціліся ў ім з шалёнай хуткасцю жмуты сухой травы.

Нехта ўсмоктваў іх у неба, і яны ўзляталі ў яго вышэй і вышэй. Магутны тромб ішоў да берага, набліжаўся. Чорны, як дым, ён клубіўся і пераліваўся тым, што было ўнутры, як змяя, што скідае скуру. Тлустая, уся хвалямі, яна, павольна звужаючыся, паўзла некуды: не разбярэш, ці ўгору, ці ўніз.

Віхур тромба спусціўся на ваду і пайшоў проста на іхні човен. Як зачараваныя, яны не рухаліся. А смерч наліваўся яшчэ больш, чарнеў.

Бліснула недзе, на вышыні добрай званіцы, доўгае срэбнае цела рыбы.

У наступнае імгненне волат ірвануўся паўз іх і перасунуўся трохі далей, як папярэджанне. 3 чорнага нутра яго дзьмухнула магільным холадам.

Усё хутчэй і хутчэй рушыў ад іх тромб, перайшоў раку, пачарнеў, узляцеўшы на бераг.

Яны ніколі не бачылі такога.

Волат блукаў у палях, ішоў у палі, меншаў. Знікаў.

...Калі ён знік – яны зірнулі адзін на аднаго.

– Бяда будзе, – шапянуў Кандрат.

– Кінь лухту вярзці!

– Х-фу-у, – заплюшчыў вочы Кандрат. – Добра. Вязі мяне на бераг. Высадзі.

– Вазьмі, кажу, з сабою.

– Не!!! – рэзка і злосна кінуў Кагут. – Не дый не. Чорт з імі, з тромбамі... Трэба і іх – грудзінай...

Калі постаць ягоная знікла, ускараскаўшыся на крутаяр, Алесь чамусьці ўспомніў Майку і спалохаўся, што ледзь не загінулі. Цераз дзень яны павінны былі сустрэцца і канчаткова вырашыць, як быць.

Кандрат ужо цэлую чвэрць сонечнай дугі чакаў, седзячы ў зарасцях ля мосціка. Сонечнае святло пахла шкіпінарам, гарачай мятай, ядучым пахам вампірніку. Ад хваёвага гуду – недзе над верхавінамі хадзіў вецер – шумела ў галаве і хацелася задрамаць.

Ён сядзеў у зарасцях за вялікім, як хата, каменем непадалёку ад рачулкі. Над каменем, на адхоне, васьмісотгадовы дуб цягнуў да сонца свае ледзь апераныя галіны. Поўзалі па ягонай, глыбока – на дзве далоні – зрэзанай зморшчынамі, кары чырвоныя кузуркі з чорнымі мордачкамі на спінах. Яны былі падобныя, гэтыя мордачкі-рыскі, на маскі, якія носяць вадохрышчам. Поўзалі яны самотна, спараныя, і кара дуба, відаць, здавалася ім ярамі амаль без дна і высокімі градамі ўзгоркаў.

Проста перад Кандратам звінела Азяранка, несла хвалі ў Дняпро. А над ёю цягнуўся лядашты мост. Кандрат тройчы ўжо ссоўваў з яго дзве плахі. Пасля кожнага праезду. Дзядзькі лаяліся, клалі іх на месца і рушылі далей. А ён зноў выходзіў, зноў ссоваў плахі і зноў сядаў на месца, сціскаючы цёплы ад рук прыклад дубальтоўкі.

Пушча хадзіла і хадзіла над галавой. I Кагут пад яе шум думаў ні аб чым і аб усім, але толькі не аб тым, што хацеў зрабіць. Усё, што датычылася гэтага, ён абдумаў даўно.

...Таркайла з’явіўся нечакана. Адзін. Мільгануў на ўзгорку і знік, з’язджаючы да мосціка. I тады Кандрат выйшаў з-за каменя, як сто разоў гэта ўяўляў сабе, перабег да пераезду яшчэ бліжэй і прысеў у хмызах, зусім блізка ад ссунутых плах.

Ён паспеў яшчэ цікнуць вышэй па дарожцы абодва бакі. Там нікога не было. Нават калі з’явяцца, то адтуль яны яго, Кагута, не пазнаюць. Каня і фурманку яшчэ можна пазнаць, і то калі ведаеш, каго чакаеш, а чалавека – не.