Выбрать главу

Перш чым трапіць адтуль да мосціка, трэба з’ехаць пракапаным з’ездам, дзе калёсы і чалавек хаваюцца з галавою. Значыць, на самы горшы выпадак, хопіць часу для двух стрэлаў. Стрэлы будуць верныя: з чатырох крокаў.

Але ён спадзяваўся, што пабочныя людзі не з’явяцца. Яму не хацелася, каб Таркайла адбыў толькі адну хвіліну жаху перад тым, як памрэ. Ён вельмі моцна маліў аб гэтым – бога не бога, а сам не ведаў каго. Таго, хто паможа.

Таркайла вылаяўся і злез з таратайкі. Падышоў да правалу, плюнуў, агледзеўся, як пасунуць плахі. Потым у вачах ягоных нешта мільганула: заўважыў.

– Не рухайся, – сказаў Кандрат, наводзячы ствалы. – Стань ля воза.

– Чаго табе? – збялеў той.

– Сёння пахавалі Стафана Кагута. Маё імя – Кандрат Кагут.

Таркайла шарануў быў рукою па возе да сакваў.

– Ну, – сказаў Кандрат.

– То што, я вінен у тым?

– Вінен. I вінен, што забілі яшчэ аднаго. Ты сам таго не варты.

Таркайла раптам крыкнуў. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі з маху ўскочылі ў правал.

– Меркаваў, што пераскочаць, а ты на калёсы дый ходу? – вочы Кагута глядзелі спакойна, усмешка крывіла вусны.

– Адкажаш, Кагут, адкажаш.

– Не, – сказаў Кандрат. – I кінуў: – Маліся.

Тодар шныраў вачыма вакол.

– Адкажаш, Кагут... Мяса тваё пад пугай паляціць... Павесяць.

– Ну! – сказаў Кандрат.

“Пане божа, у рукі твае аддаю дух мой...”

– Досыць, – сказаў Кандрат. – Лапату і таго не даў.

Стрэл пракаціўся верхавінамі пушчы.

Таркайла зрабіў запознены крок убок, толькі цяпер скеміўшы, што можна скочыць з мосціка, хай сабе і ў мелкае месца. Усё адно гэта выйгрыш хвіліны.

Але ён ужо не мог гэтага зрабіць. Прыціснуў далонь да грудзей, хістануўся і ўпаў на калені.

– Забіў, – сказаў ён. – Забіў ты мяне.

Кандратава стрэльба хадзіла перад ягоным тварам.

– Нічога, – сказаў ён, хілячыся наперад. – I цябе так... I цябе... I ўсіх вас так.

Другі стрэл нібы штурхнуў увесь свет у ягоны лоб.

...Кандрат прадзьмуў ствалы. Звыкла, як кожны селянін, што беражэ сваю зброю. Сіні дымок двума струменьчыкамі – слабейшым і моцным – вылецеў з іх.

Потым Кагут схіліўся над забітым і здзёр з ягоных грудзей запэцканы ў крыві вацок. У ім зазвінела і зашалахцела.

– Хадзі, памыйся перад страшным судом.

Таркайлава цела перавесілася з насцілу, упала з невялікай вышыні ў мелкую, на каменьчыках, плынь.

З хвіліну Кандрат глядзеў, як каламутна-шэра пацьмянела празрыстая вада, як потым сплыла каламуць і на яе месца з’явілася ружовае. Дурныя печкуры кідаліся да гэтага ружовага, нібы дзяўблі, сплывалі разам з ім па плыні.

Хутка вада была ўжо зноў празрыстая. Плынь прыўзняла ногі забітага, і яны слаба варушыліся на перападзе.

Кандрат павярнуўся да коней.

– А вы чаго будзеце торгацца, бедныя? Ану, давай! Ану!

Ён падсунуў плячук пад таратайку і падаў яе ўгору. Колы выскачылі. Коні хвіліну стаялі, а потым павольна пайшлі: без гаспадара туды, куды і з ім.

Кандрат злез з адхону і пайшоў па вадзе. Не туды, куды сплывала тое і дзе мітусіліся печкуры, а ў другі бок.

Прайшоўшы крокаў сто, ён вымыў вацок і рукі ў сцюдзёнай вадзе і зноў рушыў плынню. Потым пайшоў ярам. Пасля натрапіў на лагчынку з чорнымі люстэркамі вады. Размахнуўся і кінуў вацок разам з тым, што звінела і шалахцела, у чорнае “пушчанскае вока”.

Зноў рушыў адхонам. Азірнуўся.

На паверхні чорнай вады знікалі кругі...

За тыдзень паліцыя і нават Мусатаў са сваіл падначаленым, Буланцовым, ператрэслі ўсё наваколле. Аблавы хадзілі па пушчах, людзі з цяжкасцямі, часам рызыкуючы жыццём, забрыдалі нават на некаторыя выспы сярод дрыгвы.

Война, як заўсёды, адседзеўся ў нейкай са сваіх шматлікіх схованак. Людзі Корчака даўно не з’яўляліся ў наваколлі.

Злавілі двух-трох выпадковых валацуг, але забойцаў не знайшлі. Іван Таркайла цяпер нікуды не ездзіў адзін, а ўначы сядзеў у фальварку, зачыніўшы ўсе аканіцы.

Адзіны чалавек, якога здарэнне прывяло ў лютасць, быў Кроер. Ясна, хто зрабіў. Мужычкі каханенькія. Ніхто іншы – яны! Невядома толькі хто. 3 Таркайлавых нехта, ці з ягоных Кроеравых, ці мо адгукнулася праз сваякоў адна з ахвяр “Ку-гі”. У росшуках самы страшны і заўзяты быў ён са сваімі чаркесамі. Трос палясоўшчыкаў, шукаў і лупцаваў людзей з лясных буд, смалакураў, бортнікаў.

А калі гэта нічога не дало і наваколле сціхла, зачыніўся ў Кроераўшчыне і пачаў лютаваць над сваімі. Проста так, абы спагнаць злосць. Дайшло да суседзяў. Усе разумелі: трэба сядзець ціха. А гэты, як назнарок, баламуціў лютасцю ўсё наваколле. Усё мацнеў і мацнеў і, урэшце, дакаціўся да губерні агульны лямант: