Выбрать главу

А жывёл, якія звар’яцелі ад жаху, галечы і цяжкай працы, амаль не было вакол, і нельга было так паплюжыць гэтых людзей.

Быў просты рахманы і вельмі мужны народ. Добры, верны сябрам і страшны ворагам, вольналюбівы, чысты і горды.

Ісленьеў успамінаў. Півошчынская вайнішка і многія дзесяткі другіх бунтаў... Звычаі... Песні... Абліччы людзей з загорскага наваколля і твар самога Загорскага, бацькі ягонага і дзеда... Раўбічы... Клейны... Корчакаўскія напады... Чорны Война і ягоны аднаасобны, дзесяцігоддзямі, бунт... Апошняе забойства...

Быў пашматаваны, закуты, але вялікі народ. I Ісленьеў не мог не бачыць ягоных пакут і ягонай велічы.

– I ўсё ж? – спытаў Ісленьеў.

Хлоп маўчаў. I раптам віцэ-губернатар пачуў стогн, нібы ў таго раздзіралася нешта ў грудзях.

– Пане... Пане літасцівы, – сказаў мужык. – Забярыце вы яго ад нас. Забярыце, не дайце грэх на душу ўзяць.

– Чаго ты?

Барыс раптам узняў на губернатара светлыя вочы:

– Дзеля яго забярыце. Вытанчаецца ўжо цярпенне наша. Хочаце – на каразн пасылайце, хочаце – літуйце мяне, а як бы ён гарэлкі не глынуў ці гарачым пяском не пагрэўся.

– Аб чым ты? – сурова спытаў Ісленьеў.

– Пагаворваюць ужо... Увальюць спірытусу ў глотку, а нос ды рот заціснуць... торбай з гарачым пяском пузыр мачавы раздушаць – і гамон!.. I слядоў не знойдуць... Не дазвольце грэх узяць!

3 Ісленьевым ехаў на гэты раз новы яго асабісты сакратар, Паноў.

– А я вось за цябе вазьмуся, – сказаў Паноў, вельмі паважны ад усведамлення свайго новага становішча, – дзе гэта ты такое чуў?

– Кінь, – грэбліва сказаў Ісленьеў.

– Рэжце мяне на кавалкі, не баюся, – захлынаўся мужык. – Няма пекла, акрамя таго, што ад нараджэння да смерці.

...Палац нібы вымер. Нікога не было на верасовай пустцы вакол. Нікога не было ля канавязяў і пабудоў. Ніхто не стаяў на ганку.

Вялізная камяніца са сляпымі вокнамі. Цішыня. Мокры верас вакол. Хмары над дахам.

Аднекуль здалёк, можа, з Гарыпяціцкай ці Браніборскай бажніцы, даляталі рэдкія, разарваныя яшчэ і вялікай адлегласцю, удары хаўтурных званоў.

Ісленьеў і Паноў падымаліся па сходах.

Нікога. На тэрасе з застаялымі лужынамі ад дажджу – таксама нікога. Ніхто не выйшаў насустрач.

Штурхнулі дзверы, пайшлі пакоямі. Запыленыя люстры і вокны. У зале, дзе калісьці стаяла труна,– ані жывога духу.

– Гэй! – крыкнуў Паноў. – Ёсць хто?

У непаразуменні, куды маглі разбегчыся слугі, дзве постаці ішлі абрыдліва запушчанымі пакоямі.

У адным пакоі стаяў сабраны стол персон на дваццаць, і ля яго таксама нікога.

Рыпнулі недзе дзверы, і людзі заспяшалі туды, але гэта была пройма. Яна расчыніла дзверы, і яны штурхнулі бутэльку, што ляжала на падлозе. Бутэлька яшчэ ракатала па шчарбатым паркеце, нібы нехта нябачны каціў яе.

Стала жудасна.

Яны знайшлі таго, каго шукалі, толькі ў наступным пакоі. Тут усё стаяла на сваіх месцах, было нават сяк-так прыбрана.

Кроер ляжаў на падлозе, закінуўшы аблічча, з мёртвай рукою, усё яшчэ працягнутай да санеткі.

Магчыма, і званіў. Але не прыйшоў ніхто. Ці баяліся зайсці? Ці проста разбегліся? Хто мог сказаць, што тут было і што ён адчуваў у апошнія хвіліны.

– Nemesis divina[60], – сказаў Паноў.

Ён быў малады чалавек і любіў ужыць лацінскае слова.

Ісленьеў пакасіўся на яго і нічога не сказаў.

Тры чалавекі стаялі ў вільготным пасля лёгкага дажджу бярозавым гаі.

– Вось што, – сказаў Франс Раўбіч. – Я ўжо сказаў, што мой бацька дрыжыць ад злосці, калі нехта толькі ўспомніць ваша імя, князь. Я не хачу, каб ён памёр, нават калі гэтай бессаромніцы ўсё адно.

Алесь пакасіўся на Міхаліну. Усё было б лепей за гэтае раптоўна перарванае, нібы патаемнае, спатканне. Сустрэліся, і вось на іх выпадкова натрапіў Франс.

– Жонка, якая хоча ўбачыць мужа, бессаромніца? – мякка спытаў Алесь. – Не трэба табе гэтага, Раўбіч.

– Я ўжо сказаў, я не дазволю ёй заганяць у магілу бацьку.

Франс гарачыўся.

– Пану Раўбічу лепей.

вернуться

60

Боская адплата (лац.).