Выбрать главу

– Усё адно... Я даў слова: нават калі з бацькам нешта здарыцца – ты хутчэй будзеш ягонай удавою, чым жонкай. Вось і ўсё.

Майка аж калацілася:

– Слухай, Франс. Што гэта за глупства? Што за злоснасць? Гатовыя жэрці адзін аднаго. Злітуйся ты, урэшце, з мяне, з яго, з сябе, нізкі ты чалавек.

– Майка... – сказаў ён.

Вочы дзяўчыны пашырыліся:

– Я злітавалася з цябе, я пашкадавала бацьку. Але цяпер я шкадую, што я выйшла тады з царквы, паверыла вам.

Алесь узяў яе за плечы і адвёў. Усміхнуўся:

– Сапраўды, Франс. Я тады пайшоў вам насустрач. Але цяпер, калі я разумею, як вы хочаце падманам скарыстацца з маёй дабрыні, я думаю, што я дарэмна пайшоў на гэта. Я заўсёды пачуваў да вас і да пана Яраша толькі самае добрае, хоць часам мне вельмі хацелася добра надаваць асабіста вам па тым месцы, па якім аднойчы, дзіцем, я надаваў вось ёй.

Франса калаціла.

– Выслухайце мяне, – сказаў Алесь. – Я ніколі не думаў “помсціць пагардай”, я для гэтага занадта любіў вас і таму не хацеў крыві. Я прыскакаў на дапамогу пану Ярашу і з удзячнасцю ўзяў бы такую самую дапамогу і ад вас. Вось вам мае тлумачэнні. Vous n’étes pas content ?[61]

Міхаліна ўзяла Алеся за плячо і прыхілілася тварам да ягонай рукі.

– Мы вырашылі. Я вырашыла...

– Майка, – сказаў Алесь, – я сам растлумачу гэта Франсу. Ідзі. Помні, аб чым дамаўляліся.

Яна пайшла ў бок раўбічаўскага парку. Мужчыны стаялі і глядзелі адзін на аднаго.

– То што? – сціснуўшы зубы, спытаў Франс.

Алесь уздыхнуў. Такі ляжаў вакол свет! Так ён іскрыўся і палаў ад дажджу! Што яшчэ было тлу-мачыць?!

– Мы вырашылі, што пачакаем, пакуль пан Яраш не ачуняе канчаткова.

Вы вырашылі?

– Ну згадзіся, брат, не табе ж гэта вырашаць, – на Алеся напаў гумар. – Самае большае, што дазваляе наша з табою сваяцтва, гэта напіцца разам да зялёнага змія...

– Мы далі слова, – Франс бялеў. – Яна сама дала слова Хаданскім.

– Раней за ўсё яна дала слова мне.

– Хто агалосіў яго?

– То ты лічыш, што слова, дадзенае перад богам, – лухта, а перад людзьмі – усё?

– Мы жывём не сярод багоў.

Чорт пацягнуў Алеся за язык:

– На жаль, і я за апошні час усё часцей пераконваюся ў гэтым.

Франс закусіў губу.

– Ну вось, – сказаў Алесь. – Дальбог, Франс, падумай ты, урэшце, хоць раз не аб сваім дурным гонары, а аб яе шчасці.

– Ты – гэта шчасце?

– Для яе, – сказаў Алесь. – Прынамсі, яна лічыць так. I я пастараюся, каб яна не расчаравалася ў ім як мага даўжэй. Таму што і яна – маё шчасце. Мяркую – да канца.

– Калі будзе гэты канец?

– Ты збіраешся стаць на маёй дарозе? – Алесь сумна ўсміхаўся. – Дарэмна, я ж не стаяў на тваёй.

I ўбачыў, што сказаў страшнае. Франс таргануў галавою.

– Так, – глуха сказаў Франс. – I таму я яшчэ раз кажу табе... – у яго цакаталі зубы. – Не спадзявайся атрымаць за ўсё, што ты зрабіў, нічога, акрамя зла.

– Ты пагражаеш мне?

Франс звыкла перайшоў на “вы”.

– Vous verrez les conséquences et vous en jugerez[62]. Я невыпадкова сустрэў вас. Я ўсё ведаў. Аб усім дамоўлена. Яе сёння ж... завязуць. У крайнім выпадку заўтра раніцай! Чуеш? Чуеш, ты?!

Алесь зрабіў быў крок да яго і спыніўся:

– I ты мог крычаць аб гонары? Дурань жа я, што паверыў вам.

Толькі тут Франс зразумеў, што Алесь сапраўды ні ў чым не вінаваты, што ва ўсім вінаватая крайняя датклівасць пана Яраша і яго, Франса, абражаны гонар і дробязная злоснасць. Алесь цяпер сапраўды мае права пагарджаць ім.

– Я ведаю, – працягваў Алесь, – цяпер вы яе не выпусціце да смерці. I я яшчэ мог нечага чакаць ад цябе, акрамя подласці?

Франс ведаў, што Алесь цяпер мае права сказаць яму ўсё, і не здзівіўся. Але рука прывыкла адказваць на слова “подласць” толькі адным чынам.

...Алесь трымаўся за шчаку. Вочы ў яго былі заплюшчаныя. Потым ён непаразумела ўзняў вейкі.

Франс глядзеў на гэтае аблічча, на якім адно брыво было вышэй за другое ад нявер’я ў тое, што адбылося, і гатовы быў упасці да ног Алеся.

Пацягнуўшы ротам паветра, Алесь адштурхнуў Франса.

– Я ведаю, чаго каштуе чалавеку, калі яго б’юць па твары. Я нікога не біў першы. Ніколі. Таму я не ўдару цябе. Я проста цябе... заб’ю, – і пайшоў.

Франс стаяў і глядзеў яму ўслед.

Мсціслаў, пачуўшы аб усім, толькі ляснуў сябе па шчацэ.

– Быдла, – сказаў ён. – I на цябе спадзяваўся Кастусь? Цябе сур'ёзным лічылі?! Якраз тады, калі вось-вось трэба будзе ліць кроў па-сапраўднаму!

– Гэта дарэмна, – сказаў Алесь. – Калі ты не хочаш, я знайду другога.

– Ды як ты мог?! Калі кожнае жыццё дарагое!.. Калі Беларусь...

вернуться

61

Вы нездаволены? (франц.).

вернуться

62

Вы ўбачыце вынікі і здолееце іх ацаніць (франц.).