Выбрать главу

– Чаго ты? – спытаў ён.

Яна ўсміхнулася, абуваючы туфелькі:

– Зараз чатыры гадзіны. Ваша сустрэча ў шэсць. Ён не выедзе раней пяці, а дарогі мне – сорак пяць хвілін. Загадай, каб нейкага каня асядлалі жаночым сядлом.

I, сыходзячы ўніз, пацалавала яго:

– Не думай ні аб чым. Усё адно яны цяпер будуць у дурнях. Хто возьме збэшчаную нявесту?.. Не думай, ён не прыйдзе на месца двабою.

Алесь змоўчаў, хоць ведаў, што Франс ужо выехаў. Шчыра кажучы, ён баяўся яе слёз пры развітанні і спадзяваўся, вядома, не на яе, а на свой фортэль з гадзіннікамі. Хай едзе.

Падсаджваючы яе ў сядло і моцна цалуючы, ён сказаў:

– Вось і добра. Бывай.

– Бывай.

Ён правёў яе позіркам, а потым пайшоў на паркавы двор, распрануўся і з асалодаю падставіў налітае маладой сілай цела пад струмені каскада. Яны свісталі ў твар, секлі ў грудзі, сплывалі па спіне. Ён толькі пырхаў.

Там яго і знайшлі Выбіцкі і Мсціслаў.

– Познімся, – сказаў апошні.

– Паглядзі там на мой гадзіннік, – сказаў Алесь.

Мсціслаў здзівіўся і спалохаўся. Ён звяраў час з секундантамі Раўбіча. Спытаў у Адама, але той забыў свой гадзіннік дома. Маеўскі пайшоў звяраць з хатнімі – тфу ты, д’ябал!

– Аддасі ў наладу, – сказаў Алесь, расціраючыся.– Добра, што хоць твой не адстаў.

– Ал-ле, – сказаў Адам. – Што ж рабіць?

– Паездзім па палях, – сказаў Алесь. – Бач, раніца якая!

...I вось яны ехалі. Туманныя дрэвы волатамі стаялі вакол, і ў кожным зіхацела сонечная вясёлка.

Алесь ехаў і думаў, што ён нікога не будзе забіваць, ды яшчэ ў такую цудоўную раніцу.

Гонар, вядома, ёсць гонар, але з тымі, хто сапраўды хоча прынізіць. Між ім і Франсам было непаразуменне. То што ж, забіваць яго за гэта?

Франс не ведаў ягоных думак. Але Франс не ведаў і таго, што ён цяпер брат яму, Алесю, брат да смерці. Найлепшы з усіх братоў, таму што брат каханай. I іх цяпер пяцёра: Франс, Кастусь, Мсціслаў, Майка і ён.

Вясёлкі стаялі ў верхавінах дрэў. Дрозд узляцеў з аднаго дрэва, абурыўшы ўніз цэлую залеву залатой вады. Заспеты гэтым патопам, заяц даў лататы з усёй моцы сваіх задніх ног.

Алесь засмяяўся. Наўскач пагнаў каня па мокрай, ільсняна-чорнай лясной дарозе, праскочыў пад дрэвам і з сілаю пусціў у яго карбач. На Мсціслава і пана Адама пацягнуўся з вышыні паток струменьчыкаў, падобных на залацістую каніцель, аблытаў іх, зрабіў залацістыя валасы Маеўскага рыжымі, а буланага каня – сплова-вогненным.

Ён ад'ехаў ад іх і пачаў трэсці адно дрэва на сябе. Зноў пацягнулася золата. Ён стаяў, бы пад макаўкай шатра з бліскучых ніцяў.

Забіваць? Лухта! Мокрая белая сарочка халодзіць цела. Лес пахне бальзамам. Алень уцякае, бо людзі занадта шумяць.

– Што ты робіш, вар’ят? – крычыць Мсціслаў.

– Гэта каб Франс не заўважыў, што ў мяне цыганскі пот ад жаху.

Ні ў кога не будзе цыганскага поту. Ні ў кога. Што, можа, у самага блізкага пасля Майкі чалавека, у брата? Смешачкі!

Шэрыя доўгія Алесевы вочы смяяліся, увесь твар смяяўся.

– Браткі, паездзім яшчэ трохі, – узмаліўся ён.

– Глядзі, – сказаў пан Адам. – Занадта хочаш жыць.

– Не крумкай, – сказаў Мсціслаў Маеўскі. – Лухта гэта. Вядома, паездзім.

...Франс яшчэ здалёк убачыў трох коннікаў, якія вырваліся з лесу.

–Урэшце, – сказаў бледны Ілля.

Коннік раптам спыніўся, потым усе трое пачалі набліжацца ступою.

Нахабныя вочы Якубовіча сталі злосныя:

– Чорт ведае што. Спазніцца на сорак пяць хвілін.

– Я ж казаў: пачакаем, – абыякава сказаў Франс. – Магчыма, гадзіннік.

Якубовіч засмяяўся:

– Па-мойму, яны выгандлёўвалі лішнія хвіліны жыцця. – Ляснуў Франса па плячы: – Ану, куражу, хлопчык.

– Правільна, што я цябе падтрымаў наконт чакання, – сказаў Ілля Франсу.

Прывіталіся.

– Так нельга, панове, – сказаў, выскаляючыся, Ілля.

Мсціслаў паказаў гадзіннік.

– А ваш, пане Загорскі?

– Забыў,– паціснуў плячыма Алесь.

– Што ж, панове, – сказаў гусар, – вам астаецца толькі папрасіць адзін у аднаго даравання.

Франс, бледны, але спакойны, глядзеў убок і маўчаў. Горкая зморшчынка ляжала ў яго між брывамі. Загорскі адчуваў, што любіць у ім усё... I вось грымне стрэл.

“Ах, як усё атрымалася! Трэба было пераводзіць стрэлкі на гадзіну”.

– Панове, я яшчэ раз запрашаю вас памірыцца, – сказаў Выбіцкі.

– Я гатовы, – сказаў Алесь.

Франс маўчаў. У яго толькі злёгку дрыжаў краёчак рота. I тады Алесь сам зрабіў спробу прымірэння. Яго зараз нішто не магло прынізіць.

– Франс, – сказаў ён, усміхаючыся, – ты ведаеш, я не баюся. Але нашто ліць кроў? Ты не ведаеш, але...