Нясцерпна было доўжыць яго страшнае чаканне. I Алесь, не чакаючы ўзмаху хусткі, узняў угору цяжкі пісталет, дачакаўся, пакуль хлапячок дыму паплыве над яго галавой, і адкінуў зброю ўбок. I ўбачыў аблічча Франса. Божа мой, гэтаму абліччу, здавалася, падарылі сонца!
Гусар і Хаданскі, якія не чакалі стрэлу і глядзелі на Мсціслава, кінулі вачыма на Франса і падумалі, што Загорскі ў сваю чаргу прамахнуўся.
– Наш! – закрычаў Ілля. – Наш стрэл!
Кінуўся да Раўбіча з другім пісталетам.
Франс, яшчэ не разумеючы, стаў уздымаць руку.
Мсціслаў крэкнуў з прыкрасці. Выбіцкі з жахам глянуў на Алеся. Усё гэта Загорскі заўважыў у долю секунды... Франс цэліў яму проста ў лоб.
“Ну, вось і ўсё, – падумаў Алесь. – Ён не здаволіўся”.
I раптам нешта здарылася. Твар Франса здрыгануўся і ўвесь нібы закалаціўся.
Франс... кінуў пісталет вобзем.
“Пэўна, курок зломіць”, – яшчэ нічога не разумеючы, падумаў Алесь.
Раўбіч зрабіў некалькі крокаў ад месца сутычкі – цень ягоны загайдаўся на роснай шэрай траве, – а потым кінуўся да Алеся, яшчэ на бягу працягваючы рукі.
–Алесь... Даруй мне... Даруй...
Якубовіч паглядзеў на дзве постаці, што зліліся ля аднаго з плашчоў, і суха сказаў Іллі:
– Мяркую, наша прысутнасць тут больш непатрэбна. Дзіцячыя гульні.
Яны пайшлі да коней. Ніхто не звярнуў увагі, як яны рушылі краем дубовага гаю.
...Калі праз некалькі хвілін з боку сцежкі на Раўбічы даляцеў шалёны пошчак капытоў, Франс адарваўся ад Алеся. Вусны ягоныя трэсліся. Шчокі былі заліты слязымі.
– Братка, – сказаў ён, – адпусці яе са мною. Я клянуся табе, я ўгавару бацьку... Да канца, да самага канца можаш разлічваць на мяне.
XIII
Пецярбург прачынаўся. У лютаўскім гнілым тумане куранты хрыпата, нібы з прастуды, нібы праз піўны кашаль, зайгралі “Коль славен наш господь в Сионе”.
Абрыдліва, увесь у слаце і мокрым снезе, уставаў над зямлёй світанак. Аблупленыя будынкі, шэрыя ад вільгаці палацы, цьмяныя агні ў вокнах, мокры, але моцны яшчэ лёд на Няве.
Мужчына, які выйшаў з глухога, як труна, пад’езда, паглядзеў вакол і сцепануўся, хутаючыся ў футра: так непамысна было вакол.
Фурман Варфаламей падвёў вараных і карэту да самага ганка, і ўсё ж той, што выйшаў, ледзь не чарпануў слаты вышэй галёшаў. Фурманава рука падтрымлівала апушчаную падножку.
Добрай раніцы, Варфаламей, з завучанай абыякавай ветлівасцю сказаў чалавек.
Раніцы добрай, Пётра Аляксандравіч, свет вы наш. Ножкі прыкрыйце. Дзьме. Ніякая не добрая тая раніца. Здароўечка каштоўнае страціце.
Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі запонай і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца.
Вуліцай ляцеў ці то жоўты дым, ці туман. Даносіла пахам золі, снегу і гною. Аблічча таго, што ехаў, скрывілася. Зноў цэлы дзень трэба ездзіць. Спачатку да міністра дзяржаўных маёмасцяў, якому ён абавязаны кар’ерай і ў якім, відаць, вось-вось перастане мець патрэбу. Потым, з ім, на пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Праўдзівей ён пакуль што не член савета, чакаць у пакоях камісіі, пакуль не спатрэбіцца. Потым справы ў трэцім дэпартаменце міністэрства. Перад гэтым ён ледзь паспее паабедаць. А пасля дэпартамента вечар у вялікай княгіні Гелены Паўлаўны, адзінае больш-менш прыемнае здарэнне за ўвесь дзень.
Добра толькі тое, што знік з дому. У жонкі мігрэнь. Сын зноў капрызіць. Ён добры, але няўстойлівы і бязвольны, Нікс. Не ўзяў у спадчыну ягонай цвёрдасці і ягонага розуму.
Што ў яго самога ёсть розум, чалавек ані хвіліны не сумняваўся. Ды так яно, бадай, і было.
Чалавеку было сорак пяць год, але ён здаваўся трохі старэйшым ад даўно звыклай карэктнасці і стрыманасці. Высокі лоб, плоска прылізаныя над ім валасы, у дзіўным спалучэнні з імі кучаравыя бакенбарды, мясістыя вялікія вушы.
Твар звужаўся да падбароддзя, але яно было цяжкае. Відаць, чалавек ведаў, чаго ён хоча. Шкодзіла гэтаму ўражанню толькі іронія ў складцы рота і стомлены сум у вачах. Бровы навісалі над вачыма, высока ля пераносся, нізка ля скроняў. І нос навісаў на рот; калісьці просты, а цяпер абвіслы і таўставаты на канцы нос.
Словам, твар паважнага бюракрата. Трывожылі толькі вочы. Іронія, сум, стома, розум, чэрствасць і няўлоўная весялосць арганічна спалучаліся ў іх. Гэта маглі быць вочы іроніка, стомленага бюракрата, дзяржаўнага мужа. Гэта былі адначасова вочы вернападданага і вочы знаўцы свету пісьменніка. І самае дзіўнае, што так яно ўсё і было.
Чалавек, што ехаў у карэце, быў Пётр Аляксандравіч Валуеў, без двух месяцаў упраўляючы міністэрствам унутраных спраў, без дзевяці месяцаў міністр і роўна без дзевятнаццаці год граф. Былы нястойкі ліберал, былы ўлюбёнец Мікалая Першага, а цяперашні “асвечаны кансерватар” і дырэктар двух (а ўсяго было чатыры) дэпартаментаў міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, правая рука міністра Мураўёва, былога магілёўскага губернатара, у будучым ката Беларусі і Літвы.