Выбрать главу

Не любіў Мураўёва, але не падаваў выгляду. Мураўёў пакуль што быў моцны, Мураўёў мог яшчэ дапамагчы Валуеву і лічыў выхаванага і адданага чалавека, які ўсім, многім, быў яму абавязаны, сваёй крэатурай.

Мураўёў рабіў глупства. Не ведаў сапраўдных адносін крэатуры. Крэатура лічыла, што чалавеку, якому шэсцьдзесят пяць год, даўно трэба саступіць сваё месца.

І амаль з радасцю Валуеў адчуў, што за апошні час зорка Мураўёва цьмянее. Гасудар быў халодны з ім. Пры нядаўнім дакладзе не падаў яму рукі. А ці даўно лісіца Клейнміхель называў Мураўёва “агульным збавіцелем”?

Вось яно! Амаль з прагай ён лавіў гэтыя адзнакі няміласці. Нават для гасудара Мураўёў стаў ці не занадта правы. Гнуткасці палітычнай няма. Дык ідзі ж у адстаўку. І ўсё ж, нават калі пойдзе ў адстаўку адносін занадта не псаваць. Такія часам прыдаюцца ўладам. Калі ўлады пачынаюць забываць аб лібералізме. Тады якраз і патрэбны людзі са стальнымі сківіцамі.

...Коні мясілі брудны снег на Ліцейным. Дворнікі ледзь паспявалі зграбаць яго ў кучы, але на бруку ўсё адно была каша. Валуеў глядзеў у акно. Ішлі мадысткі, хаваючы кардонкі пад плашчамі. Стаяў сокры, відаць сухотны, італьянец, прадаваў з латка гіпсавых напалеонаў і бісквітных голых жанчын. Па статуэтках кроплямі сцякала вада. Дырэктар успомніў, што на Беласточчыне ўзнікла дзіўная секта пад назвай “напалеонаўшчына”. Людзі патаемна збіраліся і маліліся перад бюстам Напалеона. Тое самае перакінулася і на Пскоўшчыну. Ідыёцкая краіна! У што б ні верыць, абы не ў добрыя намеры імператара. Сектантаў Валуеў ненавідзеў. Таксама ён цярпець не мог раскольнікаў. Уся гэтая публіка хай сабе і руская паходжаннем не была рускай. Назву “рускі” маглі з поўным правам насіць толькі тыя людзі, што моляцца ў Ісакіі (хаця ён і змрочны, як склеп), у дварцовай і Канюшаннай царквах. Трохі падазроныя былі нават людзі, што маліліся ў Петрапаўлаўцы. Вядома, гэта магільня імператараў, але Валуеў не ўхваляў гэтых чужых па стылю збудаванняў, гэтых галандска-нямецкіх штучак вялікага

Пятра.

Рускімі ён таксама трохі пагарджаў. І асабліва не любіў славянафілаў, накшталт Пагодзіна, з іхнім “родным квасам”. Гэта называецца краіна! Ні Таквіляў, ні Гізо, ні Бокляў нічога. Апошнія дні обер-паліцмайстар сталіцы Паткуль хвастаў дворнікаў і аднаму адваліў шчырай рукою дзвесце пяцьдзесят лозаў за тое,

што ён нібыта сказаў, што калі аб’явяць волю, то ён закрычыць “ура”. Так вось мы і ў еўрапейцаў ператвараемся.

Жорсткія вусны саноўніка сціснуліся. Праязджалі паўз адзін з самых ненавісных у Пецярбургу дамоў. Тут розныя Някрасавы і Дабралюбавы, дваране не з лепшых ды семінарысты, практыкуюцца ў нігілізме і “падкопах пад карэнне”.

Някрасава ён трохі ведаў. Досыць непрыемная асоба, але асабіста ён не змоўшчык. У яго ёсць грошы. І ўсё адно ён чужы.

Вось нядаўна яны шумелі аб “Заходнім краі”. Услед за Герцэнам. Філія рэдакцыі “Колокола”. Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ асобную, беларускую нацыянальнасць. Мала ім цяганіны з украінафіламі. Ніякай асаблівай маларасійскай, ніякай беларускай мовы не было, няма і быць не можа.

Ён насілу прызнаваў нават права палякаў на мову. Ва ўсякім разе, яму не хацелася гэтага. Існаванне Польшчы, Літвы, Беларусі азначала, што так ці іначай давядзецца ступіць на шлях рэформ, шлях абрыдлівы, шлях, магчыма, гібельны, але неабходны. Бо, вядома, Расіі трэба толькі існаваць, каб ніколі не было незалежнай Польшчы[66] і іншага такога; але для таго, каб Польшча канчаткова ўлілася ў Расію і з ёю зраднілася, неабходна, каб імператар дараваў рускаму народу палітычнае жыццё. Народ, палітычныя правы якога абмяжоўваюцца правам плаціць падаткі, правам ставіць у армію рэкрутаў і крычаць “ура”, яшчэ не мае асіміляцыйных сіл.

Паціраючы халодныя вузкія рукі, вельмі зграбныя, хоць і кастлявыя, ён думаў пра карысць Расіі. Ён любіў падумаць пра карысць Расіі. Ён любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва калі слухаюць санавітыя людзі. Ён, урэшце, быў упэўнены, што ён дбае пра карысць Расіі.

Карысць Расіі, на яго думку, была ў тым, каб інародцы не смелі і падумаць, што яны не рускія, каб яны паступова і сапраўды пераставалі думаць пра гэта. Паны Някрасавы, Чарнышэўскія і Герцэны, нягледзячы на тое, што яны рускія, думаюць іначай і крычаць аб фікцыі братэрства народаў тым горш для іх.

вернуться

66

П.А.Валуеў. “Отрывки из дневника”.