Яна глядзела на яго, нібы запамінаючы. У гэтых вачах разам з холадам жыла нейкая дзіўная ўсмешка, нібы дзяўчына сама ведала, якое дваістае ўражанне яна робіць на людзей. І Алесь зразумеў гэта і адразу дараваў ёй унутраны холад; за розум. А яна зразумела, што ён разумее і даруе.
Дзякуй вам, усміхнулася яна. Да сустрэчы, князь.
...Ён скакаў у Загоршчыну і ўсё абдумваў гэтае дзіўнае здарэнне.
Сабіне не трэба было глядзець так. Майка ніколі не глядзела так. Эх, ды ці не ўсё адно, як глядзела на яго Майка. Гэтага больш ніколі не будзе. Няма нават Майкі. Ёсць Міхаліна, дачка Яраслава Раўбіча, сястра Франса Раўбіча, дачка і сястра ворагаў.
Ён пусціў каня наўскач. Вакол сінелі перадвячэрнім святлом снягі. На раздарожжы, на шляху, які вёў у Раўбічы, ля вялізнага драўлянага распяцця Алесь яшчэ здалёк убачыў сілуэт маленькага конніка.
Сумненняў быць не магло. Юны Вацлаў Загорскі выязджаў на гасцінец з раўбіцкай павароткі.
Хто вы такі, рыцар? жартаўліва крыкнуў Алесь.
Я не ведаю, хто вы, выгукнуў Вацлаў. Але бараніцеся.
Коні пайшлі побач.
Ты адкуль гэта? спытаў Алесь.
Выганяў каня.
Адзін?
Бацька дазволіў.
Так далёка?
Вацлаў зніякавеў.
Я унь да той павароткі.
Не трэба табе нават глядзець у той бок, з горыччу сказаў Алесь. Ведаеш, сталі ворагі. Ты не сумуй, мілы.
Яны моўчкі ехалі дадому. Стрэмя да стрэмя. Абодва думалі аб нечым сваім.
Алесь у думках развітваўся з Майкай, успамінаў ракеты за шклом альтанкі, дрэвы, адрыну, што палыхала сінімі і чорнымі палосамі.
Ён не ведаў, што брат зрабіў больш разумную справу, чым ён. Не ведаў, што ўсяго гадзіну назад Вацлаў, напрасткі прабіўшыся лесам да Раўбічаў, стаў ля агарожы і дачакаўся штодзённай прагулянкі Стася і Наталі. Не ведаў, што яны гадзіну прастаялі, раздзеленыя агарожай, і паціскалі адно аднаму рукі. Наталя плакала, а хлопцы моўчкі ўздыхалі.
Як пашалелі, сказаў Вацлаў.
Дарослыя.
Зноў маўчанне.
Не веру я, што Алесь дрэнны, сказаў Стах.
А Майка, думаеш, дрэнная?
Вавёрка страсае на іх цэлы блакітны снегапад, і Наталя забываецца на слёзы.
Гэта проста іхняя дарослая дурасць, кажа Вацлаў.
Пра нас дык і не падумалі.
Калі надыходзіць час развітання, Наталя зноў пачынае плакаць.
Ну вось што, сурова кажа Вацак. Слязьмі гору не дапаможаш.
Вядома, так.
Яны там сабе б’юцца, а ў нас чубы трашчаць.
Вось што, кажа Наталі Вацлаў, ты не плач... Я лічу, нам трэба сустракацца вось так. Скажам, кожны чацвер. Яны там як сабе хочуць, а я іхнім зажывошчам патураць не збіраюся.
І я, прыхліпае Наталя.
Яны там няхай сварацца гэта яшчэ не прычына, каб нам сварыцца, кажа Стась, і ў яго трасуцца вусны.
Рукі дзяцей прасоўваюцца праз стылую бронзу агарожы, кладуцца адна на адну. Тры цёплыя камячкі ў стылых вялізных дрэвах...
III
Апошняй зімовай дарогай Таркайлы завезлі на арандаваную зямлю дрэва, цэглу і дзікі камень. Пачалі будаваць сховішчы, а насупраць, на былых клінах Браніборскага – бровар, баракі і домікі для вінакура і механіка.
Алесь цяпер часта ездзіў туды: спачатку санна, потым, калі сапсавалася дарога, – верхам. Амаль кожны дзень прыязджала туды і Сабіна.
Загорскі назіраў за выкананнем усіх правіл, прадугледжаных у кантракце, пікіраваўся з дасціпным чэхам-механікам, а яна з сядла слухала іх. Алесь не ведаў, як абвастраецца знаходлівасць, калі два мужчыны вастрасловяць не на жывот, а на смерць у прысутнасці дзяўчыны. Ён толькі пачаў рабіцца мужчынам, і гэта быў першы ягоны прадвесень.
Таму ён не ведаў, чаму халодныя Сабініны вочы цяплеюць, калі яна глядзіць на яго, і ў такія хвіліны адчуваў сябе няёмка.
Усё было скончана, і ён дзёўб сам сабе, што не хоча ранейшага, што яно непатрэбна яму, што ён больш не кахае. Хлусіў сам сабе, але прымушаў сябе забыць.
І ўсё адно ў такія імгненні ён, нават праводзячы Сабіну да дома Таркайлаў, раптам змаўкаў і глядеў на бязмежныя наздраватыя снягі – і праз іх – невідушчым шырокім позіркам.
Ёй хацелася спытаць: “Дзе ты?” – але яна толькі ўнутрана згіналася, з болем разумеючы, што ён побач і не побач, і побач ніколі не будзе.
І тады, думаючы, што разлука лепш за ўсё паможа, яна адпрасілася ў дзядзькоў – пакуль не скончаць у новым пасёлку дом для яе – паехаць адсюль. У Пецярбург. Тыя вымушаны былі дазволіць. І Сабіна на некаторы час знікла з Алесевых вачэй. Нечакана, так, як з’явілася. Абое не думалі, што жыццё сутыкне іх, ды і як яшчэ сутыкне.
За дзень да ад’езду Сабіны з’явіўся ў Загоршчыну Мсціслаў Маеўскі, знерваваны да апошняга: дайшлі чуткі аб Алесевых прагулянках.