Выбрать главу

Зноў пачыналася “размова аўгураў”. Яна была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Зеляной не выпрабоўваў, ён не шэф жандараў, ён проста зневажальнік, патаемны брыдкаслоў і аматар адвесці душу. І ён пакуль што моцны.

Твар Зелянога быў рэзкі:

Я вам скажу чаму. Ва ўсіх іх дынастычны недавер да рускіх людзей. Людзі нямецкай крыві.

Гэта ўсім было вядома, але Валуеў сказаў з іранічнай усмешкай, якая не пратэставала, а нібы згаджалася:

Злітуйцеся. Раманавы?

Што зробіш. Нават калі лічыць, што Павел быў сын Салтыкова, і то ў жылах гасудара адна восьмая рускай крыві. А іначай ані кроплі.

Мы з вамі ведаем, кроў лічыцца не працэнтамі, як у іншых. Радавы дух, вось што галоўнае. Нават калі з пакалення ў пакаленне яны жаніліся б на камчадалках усё адно, корань жа аднекуль ідзе? І гэта корань Раманавых. Вы ж не перастаеце быць Зеляным, хоць вашы продкі з пакалення ў пакаленне жаніліся на жанчынах іншых прозвішчаў.

Сказана было ўдала. Зеляной прыжмурыўся ад асалоды. З Валуевым можна было мець справу: il a de l'esprit вастраслоў, дасціпнік.

Валуеў вырашыў усё ж і сам сказаць вольнасць. Няма чаго занадта стрымлівацца. Вольнасць у людзей, так звязаных адзін з адным, у людзей, небяспечных адзін для аднаго, узмацняе давер:

Хоць, вядома, я дорага даў бы, каб усё гэта мела выгляд большай смеласці... Што міністр?

Ён ведаў, адчуваў, што Зеляной непрыкметна падкопваецца пад шэфа, і не зазнаваў з гэтай прычыны ні абурэння, ні ўхвалення. Усё было вельмі звычайна і так, як мае быць. Ён занадта добра ведаў, што за гэтымі ўсмешкамі, даверам, агульным сваяцтвам, балямі і запэўненнямі ў сяброўстве увесь час другім фонам ідзе патаемная вайна: самае сапраўднае капанне траншэй, падводка мін, папяровыя стрэлы з-за вугла.

Ён мне не падабаецца, сказаў Зеляной. Скажу вам па сакрэту, яго песенька спета. Хоць, паверце, мне шкада. Мне вельмі шкада. Вы ведаеце, я столькі абавязаны Міхаілу Мікалаевічу.

Усе мы абавязаны яму, з прыстойнай журбой сказаў Валуеў. Усім шкада.

Яны зірнулі адзін аднаму ў вочы і лішні раз упэўніліся, што ўсё разумеюць і што можна гаварыць далей.

Ведаеце, пры апошнім дакладзе гасудар амаль сказаў Мураўёву, што не жадае мець яго міністрам, сумна сказаў Зеляной. Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў нібыта можа абысціся без яго.

Без года міністр дзяржаўных маёмасцяў зірнуў на без дзевяці месяцаў міністра ўнутраных спраў і ўбачыў, што Валуеў разумее яго і не здзіўляецца.

Вось як? сказаў Валуеў.

Так, сказаў Зеляной. Ён з гневам і ўдарыўшы па стале сказаў, што не дазволіць міністрам процідзейнічаць выкананню зацверджаных ім пастаноў па сялянскай справе і што ўпраўляючыя палатамі дзяржаўных маёмасцей павінны дапамагаць, а не працівіцца выкананню гэтых пастаноў.

Бедны Міхаіл Мікалаевіч, спачувальна сказаў Валуеў. Вось і май пасля гэтага ўласную думку...

Вочы іхнія адначасова сказалі: “Мы-то з вамі не зрабілі б гэтага. Стары выжыў з розуму. Яму здаецца часам, што гэта ён цар, а з імператарам, няхай і бязвольным, але капрызным, так не жартуюць”.

Уголас Зеляной сказаў з выглядам душы-хлопца, які ўсім рэжа праўду-матку (яму гэтая маска пасавала, як Валуеву маска крытыкана і ліберала, рупліўца аб Расіі, і ён трымаўся за яе так, што яна прырасла да аблічча):

І нас з вамі тое самае чакае, Пётр Аляксандравіч. Самастойныя мы занадта, на павадку хадзіць не любім.

Абодва ведалі: калі іх што і зваліць, то чарговы падкоп сяброў, але думаць аб самастойнасці абодвум было прыемна.

Відаць, вялікі князь Канстанцін абудзіў у гасудару гэтую думку аб процідзеянні міністра дзяржаўных маёмасцяў і яго падначаленых, задумліва сказаў Валуеў. Мураўёў сябе трымае з большай годнасцю і спакоем, чым звычайна.

О, ён дзівосны! Ён сказаў, што воля яго вялікасці будзе свята спаўняцца і што, калі ён, міністр, знойдзе, што прыняцце нейкіх там мер пярэчыць яго сумленню і перакананням, ён будзе прасіць звольніць яго ад абавязку выконваць такія загады. Гасудар на гэта не сказаў ні-чо-га. Толькі “бывайце”.

Што Мураўёў? спытаў Валуеў.

Ён дома напісаў ліст да гасудара з просьбаю аб звальненні.

Зеляной уздыхнуў і са скрухай развёў рукамі:

Мне яго шкада. Я даў яму параду не пасылаць ліста да наступнага даклада, каб спаўна пераканацца, што выяўлены гасударам настрой розуму не быў хвіліннай успышкай, якую выклікалі нагаворы.

Я заўсёды ведаў, што вы чалавек зычлівы, сказаў Валуеў.

А вы справядлівы, пранікнёна сказаў Зеляной. І добра думаеце аб людзях.