Выбрать главу

........................................

... Малады чалавек, вы што, пераказваеце нам гогалеўскі “Шынель”? Нам гэтых варшаўскіх варыяцый на пецярбургскія тэмы не трэба. Вы лепей раскажыце пра яго нешта цікавае. Ці не закахаўся ён часам?..

Я ківаю галавой:

Вядома, закахаўся. Раптам закахаўся. У самую гожую, у адзіна верную даму на зямлі...

І гэты варшаўскі “Шынель” меў зусім іншы канец. Ён скончыўся не так, як пецярбургскі. Знялі з плеч не капот, знялі веру ў сэрца чалавечае, у права, у шчасце.

........................................

Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей.

Казакі, чаркесы і ўланы вярталіся. Ад замка рухаўся яшчэ адзін атрад. Сумятня і жах павіслі над горадам.

І тады ў сэрцы Шыманоўскага ўспыхнула раптам шалёнае каханне да самай гожай дамы, той, якая так рэдка з’яўляецца ў гарадах і вёсках зямлі.

Яе трэба было бараніць. І Шыманоўскі кінуўся да нагрувашчаных у кучы камянёў і сыпануў на коннікаў каменны град. Яшчэ нехта стаў побач з ім... Яшчэ... Яшчэ нечыя рукі схапілі камень.

Рыцары гэтай дамы насілі калісьці меч Мюнцара, цэп Вашчылы і аркебуз гёзаў. Цяпер яны кідалі камяні. У іх не было зброі.

І яны адбілі атаку коннікаў. І тыя кінуліся ўцякаць.

Зброі сапраўды не было. Людзі прадмесцяў хапаліся за доўбні і білы ад ложкаў, кухонныя нажы і сякеры, пісталеты, непрыдатныя нават на тое, каб забіць з іх курыцу ў клетцы, за пожагі і разакі, за таўкачы. А за спіною ў плебса ўжо вязалі выкруты і адрасы, плялі, урэшце, пятлю на ягоную шыю.

Намеснік Гарчакоў сустрэў Замойскага з біскупам Фіялкоўскім, і між імі ішла гжэчная бяседа. Ён згадзіўся прыняць ад паноў польскі адрас, які і быў 2 сакавіка надрукаваны ў “Journal de St Pétersbourg”, выкруціўся сяк-так ад адказнасці. І пачаўся гандаль. Цягнулі час, нібыта чакаючы адказу на адрас ад цара. Паліцыя і войска пакінулі вуліцы, бо гасудар вырашыў не дзейнічаць выключна сілай. Дзевятнаццатага лютага Варшава была нават ілюмінаваная, парадак на вуліцы трымалі мяшчане і студэнты.

Той самы Валуеў пазней кпіў з Гарчакова і іншых, што яны даюць прыклад d'un petit gouvernement provisoire á I’ombre de la bonne petite citadelle de Varsovie[69].

Гарчакоў згадзіўся вызваліць ад спраў обер-паліцмайстра Трэпава, чалавека, які больш за ўсё крычаў аб рускім гонары, таму што быў Трэпгоф звычайны Фёдар Фёдаравіч з немцаў.

Між тым у Расіі пачаліся перадрэформенныя і паслярэформенныя хваляванні, а паколькі маніфест аб вызваленні не меў на ўвазе царства Польскага (гэта здарылася трохі пазней), то заварушыўся і польскі хлоп. Цар зразумеў, што “рассекание гнойника” цяпер справа несвоечасовая, і вымушаны быў пайсці на некаторыя ўступкі.

За спіною ў народа збіраліся групы і фракцыі, якія меркавалі, колькі прасіць за кроў, пралітую варшаўскім людам.

Група негацыянтаў, якую простыя варшавяне сваімі пакутамі і смерцю ўпершыню пусцілі ў палітыку, нібы з суконнымі рыламі ў калачны рад, складалася з банкіра Леапольда Краненберга, самай багатай кішэні па гэты бок Буга, а таксама з Якуба Натансона, Юзэфа Крашэўскага, мільянераў Юргенса і Рупрэхта і лекара Ігнацыя Бараноўскага. Стопрацэнтава годнае мінулае было хіба ў Караля Рупрэхта, які некалі, накшталт рускіх Петрашэўскага і Дурава, пастаяў-такі на эшафоце пад пятлёй.

Гэтыя абмеркавалі пахаванне забітых, некаторыя правы для трэцяга саслоўя (якое надзвычайнае падабенства з “залай для гульні ў мяч” падчас Вялікай французскай рэвалюцыі, падумаць толькі!!!) і яшчэ як утрымаць люд ад далейшых дэманстрацый і выступленняў, як адабраць у яго з рук нажы і пожагі.

У гэтым была пільная патрэба. На вуліцах багата апранутых людзей суправаджалі ўжо кашэчым мяўканнем і канцэртамі, а часам і гнілой гароднінай.

Нахабныя палякі спявалі:

Na Starym Mieście, Przy wodotrysku, Pułkownik Trepow Dostał po pysku[70].

Цярпець такое было нельга. Людзі гэтыя баяліся таго, што пачыналася на вёсцы і выбухнула ўжо ў сталіцы. Але ім вельмі хацелася нешта выгандляваць сабе на чужой крыві. Дагэтуль усеўладная шляхта лічыла іх людзьмі толькі тады, калі трэба было пазычаць (прабачце, аддаваць!) грошы. А на іх працавала больш паловы людзей двухсоттысячнага горада.

І таму, перш за ўсё рупячыся аб парадку, яны арганізавалі грамадзянскую варту, якой пачаў кіраваць Рупрэхт, як чалавек, бліжэй за ўсё знаёмы са смерцю.

Варта навяла парадак. Суровыя санкюлоты са студэнтаў (порткі іхнія, сапраўды, прымушалі чакаць лепшага), засунуўшы за стужкі капелюшоў пасведчанні, хапалі на вуліцах людзей пасля каменданцкага часу і цягнулі іх у купецкую зборню (do Resursy), не шкадуючы па дарозе кухталёў і іншых “дабротаў”. Асабліва даставалі п’яныя, якія крычалі, што ў цытадэлі мала войска, або цвярозыя, якія казалі, што цяпер якраз час узяць царызм за глотку. Іх звалі правакатарамі, якія хочуць крыві ў час, калі вось-вось будуць рэформы, і “агентамі Масквы”, хоць Масква аб гэтым, дальбог, нічога не ведала.

вернуться

69

Маленькага часовага ўрада пад засцярогай добрай маленькай цытадэлі Варшаўскай (франц.).

вернуться

70

На старым Месцы, пры фантане, палкоўнік Трэпаў схапіў па пысе (польск.).