Тое, што ўпала, упала ў гербавай зале. Валуеў падышоў да дзвярэй і спыніўся, уражаны. Праз паркет бегла расколіна, выбітыя дубовыя планкі разляцеліся далёка па падлозе.
Што такое? спытаў Валуеў.
Афіцэр глядзеў з жахам. На падлозе ля ягоных ног, туга абцягнутых бліскучымі ботамі, ляжаў разбіты ўшчэнт мінскі герб.
Але дзяжурны глядзеў не на герб. Валуеў прасачыў, куды глядзяць ягоныя вочы, і адчуў, як і ў яго пабеглі па спіне мурашкі.
Мінскі герб ударыўся аб падлогу так моцна, што ўпала карона з другога герба, які вісеў насупраць, на сцяне, дзе не было вокнаў.
Упала карона з дзяржаўнага герба.
Афіцэр умольна склаў рукі:
Калі ласка... Калі ласка, нікому не кажыце. Божа, што ж рабіць? Такое злавеснае здарэнне! Давядзецца распусціць чутку, што ўпала толькі карона з мінскага.
І я вам так раю, з усмешкай сказаў Валуеў.
Яны глядзелі не пашчапаны паркет.
А сёння яшчэ і гадавіна з дня смерці Пятра Вялікага, сказаў афіцэр. Божа мой, божа!
XIV
Так, сказаў Кастусь. Розныя плёткі ходзяць аб гэтым падзенні. Вось яно, хлопчыкі, якая справа. А паколькі вызваленне, як кажуць, на носе, то нам трэба быць на месцах. Усім, акрамя мяне.
Хлопцы, чалавек пятнаццаць, і сярод іх Алесь, Мсціслаў, Ямант, Звяждоўскі, сядзелі ў пакойчыку непрытульнай пецярбургскай кватэры. За вокнамі была цёплая зіма, ішоў дождж са снегам.
Кажуць, вось-вось накіруюцца па Маскоўскім гасцінцы да сарака генералаў світы і флігель- ад’ютантаў, спакойна сказаў Звяждоўскі. Для назірання за ходам сялянскай справы. Буткоў надзяліў кожнага афіцыйным чамаданам з афіцыйным ключом і за пячацямі. У чамаданах павязуць новыя сялянскія палажэнні і здадуць губернатарам.
Звяждоўскі выглядаў у бліскучым штабным мундзіры вельмі эфектна.
Што мы павінны рабіць? спытаў Мсціслаў.
З усіх сіл стрымліваць сялянскія выступленні, калі яны будуць, змрочна сказаў Кастусь. Не час для крыві. Дый потым, якая з іх карысць, з разрозненых? Вось калі ўжо зальюць мужыкам сала за шкуру, як пачуюць на сваёй спіне, што яно такое, царская воля, тады будзем біць у набат.
І ўсё ж шкада, што не пачалі раней рыхтавацца, сказаў Алесь. Зручны момант. І ў Варшаве закалат.
Змялі яны варшаўскі закалат, сказаў Ямант, падманулі... Ну што ж, паедзем. Кіну універсітэт. Спашлюся на хворыя вочы.
І ўсё ж пацерпім, хлопцы, сказаў Кастусь. А то атрымаецца няшчасце, як у бедных хлопцаў з гуртка Віткоўскага. Разагналі, арыштавалі. А праз гэта правалілася арганізацыя Віленскай гімназіі. Першы правал. Пяць месяцаў мінула, а ўспомню сэрца баліць. Хоць там астаўся, Алесь?
Мала. Далеўскі Цітус, Багушэвіч Францішак, яшчэ некалькі чалавек ды мой брат. У глыбокае падполле пайшлі хлопцы. Бачыў я старэйшага Цітусавага брата, Францішка. Бядуе страшэнна. Ёсць і ў іх нелегальная арганізацыя, узначальваюць яе ён ды Гейштар Якуб, то Францішак кажа: як асірацелі яны без маладых.
Ану іх да д’ябла! сказаў Мсціслаў. Смаркулі панскія, белая костка.
Правільна, нечакана сказаў Звяждоўскі.
Но-но, сказаў Мсціслаў, сам ці даўно белы быў.
Ты ж мяне перавыхаваў, засмяяўся Людвік.
Ды ўжо, буркнуў нехлямяжы Грыма, ты, Людвік, раскажы, што чуў у палацы.
Што ж, Звяждоўскі думаў. Прыемнага мала. Пойдуць на некаторыя ўступкі палякам і замажуць ім рот. Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Ланской, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Уражанне: трохі спалоханыя людзі. Дый сапраўды, як не спалохацца. Не кажучы аб Польшчы, уся Літва і Беларусь служаць паніхіды па забітых. А ва ўладароў ніякага пачуцця маральнай сілы. Валуеў сказаў Карніцкаму, што тут адно войска не паможа. Далгарукаў кажа Валуеву: “On prend la chose trop légèrement chez nous”. Той яму: “Je tiens pour certain que la chose est trés grave". Князь толькі азірнуўся: “Chut! il n’en faut pas parler”[76]. А той: “Але чаму?”... Карніцкі прывёз ад намесніка ліст аб тым, што бараніць далей такі рэжым немагчыма і што трэба або зрабіць уступкі, або правіць царствам з дня ў дзень багнетамі і карцеччу.
Цікава, сказаў Кастусь.
Але. Карніцкі кажа, што калі патрабаванні не будуць выкананы...
Патрабаванні... сказаў Біскуповіч. Толькі агульная просьба звярнуць увагу на злашчасны стан Польшы.
Не перапыняй, буркнуў Грыма.
...то ніхто не астанецца працаваць у Польшчы, бо струну нацягнулі да немагчымага, і яна парвалася. Gouverner c’est prévoir[77]. Потым Валуеў гаварыў з вялікай княгіняй. Яна запытала ў яго: “Que faut il faire en Pologne?” Ён кажа: “Changer de systéme, Madame”. Тая самая ўсміхаецца, паказвае на Ланскога: “Je le pense aussi; mais voici le ministre de l'intérieur qui est flamboyant et parle des mesures de sévérité”. Валуеў паціскае плячыма: “Mais on a été trente ans sévères, Madame, et où en est on arrivé”[78].
76
“У нас занадта лёгка глядзяць на гэтую справу”. – “Я знаю напэўна, што становішча вельмі цяжкае”. – “Т-с-с! Не трэба аб гэтым казаць” (
78
“Што трэба зрабіць у Польшчы?” – “Змяніць сістэму, васпані”. – “Я таксама гэтак думаю, але вось міністр унутраных спраў вельмі палкі і кажа аб строгіх мерах”. – “Але мы на працягу трыццаці год былі строгія, васпані, а да чаго мы прыйшлі?” (