Кастусь засмяяўся. Звяждоўскі ўсміхнуўся яму ў адказ:
Тады нехта невядомы мне кажа: “On ne tombe que du côté où l'on penche. Si nous tombons en Pologne, c’est donc du côté de mesures de police substituèes, á des idéeś de gouvernement”[79]. Словам, нават яны бачаць: без уступак не абыдзешся.
Гуляюць намі, сказаў велікавокі Ясюкевіч. Ах, лухта ўсё. Сваю рэвалюцыю нам трэба, чырвоную, вось што. Зямля, воля, паўстанне ўсюдых, братэрства ўсім народам.
Гм, сказаў Ямант, і маскалям? Чаму я павінен паміраць за маскаля?
Кінь, Юзя, з дакорам сказаў Алесь. Гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад у іх толькі дрэнны, вось што. Зменім усё будзе хораша.
Я ведаю, сказаў Кастусь. Каб людзі жылі, працавалі і елі хлеб усё гэтае наша богам праклятае саслоўе на шыбеніцу. І вялікадзяржаўных бюракратаў да д’ябла.
Не ведаю, змрочна сказаў Грыма. Калі адзін чалавек не вычарпае ўсёй глыбіні натуры другога, які б ён ні быў геніяльны, калі ён не здолее замяніць яго, то і адзін народ не можа замяніць сабою другога, няхай нават больш слабага... Нашто ж тады кожнай нацыі крычаць аб сваёй перавазе? Гэта ж тое самае, што патрабаваць, заклікаць сцерці з зямлі суседні народ... Я так не магу... Я... не магу быць таму сябрам ні такім людзям, як Валуеў, ні табе, Ямант. І я пайду на бітву, каб ніколі, ніколі такога не было. Каб усе браты, і кожны вольны як птушка.
Кастусь устаў:
Што ж, паны новапрызначаныя камісары будучага паўстання і камандзіры атрадаў, час разыходзіцца?
Час, сказаў Біскуповіч.
Тады па адным.
...Каліноўскі і Загорскі ішлі берагам Мойкі.
Віктара я разарваць гатоў, сказаў Кастусь. Ты ведаеш, як ён “лекаваўся” ў Італіі? Далучыўся да гарыбальдзійцаў. А вярнуўся яму горш і горш.
Што ж, пэўна, яму якраз было патрэбна паветра свабоды. Можа, таму ён і задыхаўся. Нічога. Дачакаецца перамогі. А там вылечым... Ты не хацеў бы схадзіць да Шаўчэнкі?
Сорамна неяк.
А ўсё ж сходзім. Заўтра, якраз перад ад’ездам.
Давай.
Мойка пад парывамі ветру рабацінілася і моршчылася ля таго берага, адкуль ён прылятаў, і была спакойная ля другога.
Ну вось, сказаў Кастусь, кінулі жэрабя. Ты не пакрыўдзіўся, што кіраваць сіламі Магілёўшчыны будзе Людвік?
Звяждоўскі варты чалавек, проста сказаў Алесь. І ён вайсковы. Ды яшчэ з таленавітых. Я рэвалюцыянер, Кастусь. Хай будзе так, як лепей для справы. І потым, камісар атрадаў ніжняга Прыдняпроўя таксама мне работы хопіць. І ў сваім куце.
Я гэта таму, што цябе мала ведаюць у цэнтры, і ты застрахаваны ад правалу.
Не верыш “белым”?
Не, прызнаўся Кастусь.
І я не веру.
І потым, ты ездзіш па справах табе лягчэй арганізаваць людзей.
Яны ішлі. У прыцемку асабліва пяшчотныя і прыгожыя былі абліччы жанчын, асабліва гордыя твары мужчын. Але яны не думалі цяпер аб жанчынах. Ім было не да таго.
Едзь, сказаў Кастусь. Стрымлівай, не давай, каб перадчасна расплюхалі гнеў.
Маўчалі. І раптам Калінаўскі спытаў:
Ты не чуў, што Ясюкевіч вершы піша?
Не.
Піша, але хавае. Як кожны другі. Як ты і я.
Усміхнуўся:
Як пошасць сярод нашых гэтыя вершы.
Што ж зробіш? Малады народ, ірвецца наперад.
Як думаеш, які шлях нашага верша? Сілабіка польская або тоніка? Або гекзаметр, які можа быць і тым і іншым?
Нешта асобнае.
Алесь задумаўся.
Ты аб чым?
Я вось думаю, якімі вачыма глядзелі егіпцяне на першыя крокі грэкаў? Таксама з пагардай. І грэкам, сапраўды, яшчэ пяцьсот год трэба было ісці, каб зарабіць права на Фідыя і Эсхіла.
Яны падняліся па сходах у Кастусёў пакой. Каліноўскі запаліў свечку.
Але яны не паспелі нават скінуць паліто. Пачуўся грукат ног па сходах, і ў пакой уварваўся распатланы і страшны Віктар.
Хлопцы! крыкнуў ён. Хлопцы, Шаўчэнка памёр!
Ты што? збялеў Кастусь. Такі малады яшчэ?
Памёр, хлопцы, памёр, ашалела паўтарыў Віктар.
Твар ягоны быў белы. І раптам старэйшы Каліноўскі зайшоўся ў нясцерпным кашлі. Алесь кінуўся па ваду. Калі Віктара адпусціла і ён адняў хустку ад рота на хустцы была кроў. Хворы вінавата зірнуў на Алеся.
Не дачакаўся, разгублена сказаў Кастусь.
Многія не дачакаюцца, сказаў Віктар. Многія не дачакаюцца волі.
XV
У Мілым чыталі маніфест аб скасаванні прыгону.
Царква была поўная як ніколі. Пахнула кажухамі і ботамі. Світкі, мужчынскія і жаночыя, кажухі, белыя мужыцкія галовы і снежныя намёткі жанчын.
79
“Падаюць толькі ў той бок, куды нахіляюцца. Калі мы ўпадзем у Польшчы, дык толькі ад паліцэйскіх мер, якімі замянілі ідэі ўрада” (