– Вандроўнік дарогаю казаў: паны папоў падкупілі. Папы сапраўдную царскую волю ў царквах схавалі. На прастоле пад сукном.
Натоўп маўчаў. Падобна было на тое. Папы чыталі волю, але папоў на Прыдняпроўі, якіх вера (то адна, то другая) біла і трэсла столькі стагоддзяў, ніколі не любілі.
– Схавалі, – сказаў Брона. – І ці не памацаць нам цэрквы?
Вырашылі: мацаць.
Бліжэй за ўсё было да гарыпяціцкай бажніцы. Людзі пайшлі туды і дарогаю ўзнялі яшчэ вёску Крутое. Гледзячы, як многа мужыкоў ужо ідзе, люд уздымаўся лёгка.
Потым прысталі сяляне дзвюх хаданскіх вёсак. Гэтыя прыйшлі з мяламі, граблямі, сякерамі і косамі.
Абрастаючы, як снежны камяк, натоўп рухаўся да Гарыпяцічаў. Палілі дарогаю панскія дворныя пабудовы. У чырвоным зарыве, вялікія ад яго, рухаліся праз ноч людзі, і страшна, востра блішчалі над іхнімі галовамі адпаліраваныя штодзённай працай вілы і карычневыя бічы на арэхавых цапільнах.
Ужо некалькі сотняў ног тапталі падмёрзлы нанач снег. Ішлі плеценыя скураныя поршні, вайлакі, лап-ці. Пазіраючы на іхнія сляды, пасуравелы пасля забойства Кандрат Кагут жартаваў:
– Глядзі, рашоты сваёй хадой гналі. Ай, мужыкі, ай, галовы!
Рогат каціўся над галовамі бліжэйшых. Гігатаў, як конь, Брона, абкружаны падлеткамі. У хлопцаў былі ў руках сякеры на доўгіх дрэўках, і нават па гэтым можна было пазнаць: з Вязынічаў. Толькі ў вязыніцкіх, прыроджаных лесарубаў, сякеры былі на такіх, удвая даўжэйшых за звычайныя, тапарышчах.
Корчак ішоў перад сваімі, як на свята, п’яны ад думкі, што вось, урэшце, настаў час. Ён не ведаў, што ўся гэтая спроба з самага пачатку асуджана на правал, што большасць думае пра толькі што атрыманую, няхай нават куртатую, свабоду, што ніхто, акрамя ягоных хлопцаў, не назапасіў злосці, што людзі ішлі, як на вясёлую гулянку, і маглі разысціся пры першай перашкодзе.
Не ведаў, што сапраўдны час гэтых людзей прыйдзе не зараз і нават не праз год, але як прыйдзе – пажар будзе палаць зырка.
Корчак не ведаў, што і Кагуты ідуць з ім не ад усяго сэрца. Пайшоў Кандрат, адзіны, хто ведаў праўду пра смерць Стафана і яшчэ гневаўся на ўсіх. Андрэй рушыў за ім: нельга ж было кінуць блізнюка. Але гэты выправіуся без ахвоты і разы са два стрымліваў брата. Пакуль што гэта не ўдавалася, але на трэці раз магло мець поспех.
Ды і што было Кагутам? Яны былі людзі вольныя і, як большасць такіх, хацелі, ды і то не вельмі пільна, паглядзець: а ці не задумалі вялікія людзі падмены маніфеста.
Павінна было мінуць шмат часу. Беларусь павінна была зазнаць яшчэ шмат крыўды, рабунку, галечы і пагарды, каб нарадзіць навальніцу. I таму меў рацыю ў сваіх учынках Загорскі, а не Корчак.
Але Корчак не ведаў, баяўся самому сабе прызнацца ў гэтым, і таму ішоў, нібы яго чакала галоўная справа жыцця. Ён занадта доўга чакаў і зашмат пакутаваў, каб адмовіцца ад “паходу на Гарыпяцічы” (як гэта потым назвалі), выходкі гераічнай, але бессэнсоўнай і таму трагічнай.
У карчме, дзе быў сядзельцам стары Ушар, разбілі дзверы пуні і выкацілі на снег дзве бочкі са смалой. Усе, хто хацеў, рабілі сабе паходні. Гарэлкі дый іншай маёмасці не кранулі: нашто чалавеку потым адказваць перад гаспадаром? Дый ішлі ж не рабаваць, ішлі мацаць царкву, каб самім упэўніцца ў нізкім падмане.
Натоўп ішоў да бочак і адыходзіў з паходнямі. Нібы чорная рака падпаўзала да нейкага месца, тут успыхвала і далей паўзла ўжо вогненная.
Падышлі да Гарыпяцічаў. Сяло маўчала. Ні агеньчыка, ні гуку. Толькі сабакі брахалі ў дварах. Белая, з дзвюма званіцамі, царква на ўзгорку драмала сярод мокрых голых ліп. I вышэй за іх узносіўся васемсотгадовы, чорны і каржакаваты царкоўны дуб, равеснік першай царквы, закладзенай на гэтым месцы.
Людзі здзіўляліся, чаму сяло маўчыць. Яны не ведалі, што, пакуль яны ішлі, затрымліваючыся падоўгу ля кожнай вёскі, і не хавалі мэты паходу, аконам з Вязынічаў паспеў папярэдзіць Сухадол. Палкоўнік Яраслаўскага палка, раскватараванага там, быў хворы, і на Гарыпяцічы з дзвюма ротамі выйшаў Апалон Мусатаў. Яны рэквізавалі ў адным з сёл мужыцкія сані і прыбылі на месца значна раней, чым мужыкі.
I яшчэ ніхто не ведаў, што сюды фарсіраваным маршам падыходзяць яшчэ дзве роты і будуць не пазней поўдня.
Мужыкі валілі вуліцай, гародамі і садамі. Усім хацелася хутчэй дайсці да мэты. Лілася зыркая вогненная рака.
Потым пярэднія пачалі суцішваць крок.
Ля царквы цямнеў салдацкі ланцуг. Спадзістым частаколам ружавелі ўздзетыя ўгору багнеты, і ў іх адбіваўся агонь шматлікіх паходняў.