Выбрать главу

Натоўп глуха загуў і стаў. Людзі баяліся пераступіць нябачную мяжу, якая аддзяляла іх ад салдат у канцы вулачкі.

Але маўчалі і салдаты. Нават Мусатава прабіралі непрыемныя мурашкі, так многа было перад ім лю-дзей і агнёў.

Рысіныя вочы капітана мацалі натоўп і ўрэшце сустрэліся спачатку з ястрабінымі вачыма Паківача, а потым з чорнымі і дрымучымі вачыма Корчака.

I тут Мусатаў упершыню адчуў няўпэўненасць і жах. Ён не ведаў людзей з гэтай белай масы, але аблічча Корчака ён ведаў. I Мусатаў падумаў, што тут, відаць, не проста мужыкі, а лясныя браты, а паколькі гэта так, справа будзе гарачая. Ён памыляўся, але не мог ведаць, што памыляецца.

– Разыдзіцеся, – сказаў Мусатаў.

Гэта было нечакана, але наперад выйшаў не Корчак.

– Мы не хочам крыві, – сказаў Паківач.

– Чаго вы хочаце?

– Мы хочам бачыць сапраўдны маніфест, схаваны ў царкве.

– Які маніфест?

– Сапраўдны... царскі.

– Ёсць адзін маніфест.

Паківач з дакорам пахітаў галавою.

– Нашто брахаць, пане?.. Служывы, а сам з гэтымі падманшчыкамі. Ці пахваліць цябе бацька-імператар?.. Прапусці нас у царкву, і мы пойдзем адсюль.

Мусатаў падумаў, што гэта дае магчымасць выйграць час і ўзяць завадатараў.

– Ідзіце, – сказаў ён.

Мужыкі пачалі раіцца. Урэшце першы пайшоў да царкоўнай брамы Паківач.

– Чый? – мераючы яго вачыма, спытаў Мусатаў.

– Лясны.

– Стой тут. Яшчэ хто?

Другою выйшла з натоўпу Марта.

– Ты чыя?

– Божая.

Мусатаў падумаў, што ўсё гэта дрэнна і сапраўды тут не мужыцкі бунт, а паход “лясных братоў”. Іх развялося шмат, каму, як не яму, было ведаць пра гэта.

Два цені, чорны і белы, стаялі асобна ад натоўпу і сачылі, хто выйдзе яшчэ. Кандрат паспрабаваў быў зрабіць крок, але яго раптам моцна сціснулі з бакоў. Ён пакасіўся: цяжка сапучы ад бегу, стаялі побач з ім бацька і Юрась.

– Галава яловая, – сказаў змрочны бацька.

Кандрат ірвануўся быў – сціснулі. Андрэй раптам пачаў пхаць яго назад, у натоўп.

– До, – сказаў ён. – Ты што, не бачыш? Пастка.

Строгія сінія вочы Андрэя сустрэліся з ягонымі вачыма.

– Хадзем адсюль, – сказаў Андрэй шэптам. – Падвесці хочаш загорскае наваколле? Кінь, браце. Не час. Зразумей, галава ты дурная. Чакай. Выспімся мы яшчэ на іхняй шкуры. Дарэмна загінуць хочаш.

Падкова пачырванела на Кандратавым ілбе. Але сваякі моцна прыціснулі яго да глухой сценкі нейкай пуні.

Мусатаў стаяў трохі вышэй за мора агню. Рукі ягоныя, учэпістыя рукі ў рабацінні, нервова абмацвалі паяс.

Мусатаў не адчуваў ранейшай упэўненасці. I менавіта дзеля таго, каб яна вярнулася, спытаў:

– Яшчэ хто?

– Я, – рушыў з натоўпу Брона.

Ён аддаў штуцэр суседу і пайшоў, топчучы поршнямі снег.

– Хто такі? Адкуль?

– А ты не ведаеш? Дарэмна. Давялося-такі табе памучыцца з намі пад Глінішчамі.

У Мусатава перасмыкнулася шчака. I гэты лясны.

– Т-так, – працягнуў ён і, паколькі ўпэўненасць не прыходзіла, загадаў: – Салдаты, бярыце іх.

Траіх людзей схапілі за рукі.

– Гэта што ж? – спытаў Паківач. – А абяцанне?

– Лясным бандзюкам не абяцаюць.

– Людзі! – крыкнуў Брона. – Бачыце?!

– Ты што ж гэта робіш?! – закрычаў нехта з натоўпу.

Мусатаў узняў руку:

– Народ! Гэтыя людзі ўпэўняцца, што ніякага маніфеста ў царкве няма, і там жа будуць чакаць, пакуль прыйдзе расплата.

Кандрат Кагут адбіваўся ля сценкі. Яго трымалі.

– Пусціце! Бачыце, як яны! Пусцціе!

Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці.

– Цягніце яго, хлопцы, цягніце адсюль.

За Кандратавымі нагамі цягнуліся два снегавыя разоры. Ён напінаўся і роў.

– Раю вам разысціся, – шчэцістыя бакенбарды капітана дрыжалі. – Сюды ідзе яшчэ дзве роты. Па-шкадуйце сваё жыццё.

Натоўп завагаўся. Корчак з адчаем бачыў, як трох чалавек цягнуць да брамы. Веска маўчала, глядзела цёмнымі вокнамі. Напэўна, за некаторымі з іх былі вочы, але нават не каля саміх каламутных шкельцаў, а ў глыбіні хаты.

– Хлопцы! – крыкнуў Корчак. – Ды што ж гэта яны, ірады? Выганяйце іх з хат. Паходню ў страху, калі не выйдуць.

Мужыкі пачалі біць у вокны і дзверы, выганяючы гарыпяціцкіх на вуліцу. Іх цягнулі з хат. Натоўп быў у ярасці: хаваліся за цёмнымі вокнамі, і ў кожнага, хто стаяў з паходняй, было таму страшна і сіратліва на сэрцы. А хіба тыя, што з паходнямі, зладзеі? Яны хацелі толькі ўпэўніцца ў хлусні.

– Корчак! – крыкнуў Мусатаў. – Не здзекуйся з людзей!