Алесь збялеў.
– Па-мужыцку ты цвэнькаеш – хай бы цябе забілі, сваіх адпусціў – хай бы цябе забілі, наваколле за цябе гарою – хай бы цябе забілі, пад салдацкімі кулямі астанешся – хай-бы-ця-бе-за-бі-лі.
– Бачыш, – сказаў Алесь.– А я хачу, каб ты жыў.
– Дэеля чаго?
– Дзеля сапраўднай волі.
– Не будзе яе!
– Яна будзе, – у Алеся дрыжалі бровы. – Падумай, Корчак. Мы іншыя, Корчак.
– Дзеці такіх бацькоў, гэ!
– Маіх бацькоў не чапай.
– Сваякі такіх, як Кроер.
Алесь ускінуў галаву:
– Я падставіў руку, калі цябе збівалі, выдраў цябе з ягоных рук.
– Не веру, – нібы чапляючыся за самае дарагое ў жыццці, сказаў Корчак.
– Вось шнар ад карбача.
– Не веру!
– 3 часам паверыш.
Дзверы зноў ляснулі. Алесь паківаў галавою.
Апоўдні ў Гарыпяцічы зноў увайшлі салдаты: рэшткі дзвюх рассеяных рот і дзве свежыя роты пры адной лёгкай гармаце.
Нехта паказаў Мусатаву хату, дзе ляжалі параненыя.
Ён торгнуў дзверы і спыніўся, уражаны. Седзячы на ўслоне, спусціўшы сашчэпленыя рукі між каленяў, спадылба глядзеў на яго стары знаёмы. Радасць варухнулася ў капітанавым сэрцы, але ён стрымаўся. Ён толькі клікнуў Буланцова, падручнага, з якім некалі разам лавіў Войну.
– Вось, Буланцоў, – сказаў жандар. – Рэкамендую, князь Аляксандр Загорскі. Якім чынам тут? – спытаў Мусатаў.
Алесь паціснуў плячыма:
– А можа, каму-небудзь памагу.
– Каму “каму-небудзь”? Мяцежнікам або нам?
– Не крычыце, – сказаў Алесь. – Добрыя манеры не зашкодзяць і людзям вашай прафесіі... Бачыце, вось салдаты...
– Яны не дабілі іх?
– Я не даў... А там мужыкі.
Буланцоў рушыў туды.
– Гэтых я забяру.
– Не раю, – сказаў Алесь. – Гэта гарыпяціцкія.
– То што? – паводзячы даўгаватым носам, спытаў сышчык.
– А тое, пан лазутчык. Нават пан Мусатаў чуў, што іх сілком, пад пагрозай падпалу, выгналі з хат. Салдаты ж стралялі ў каго хочаш, абы не ў лясных братоў.
Ён амаль весела ўсміхаўся, і Мусатаў ненавідзеў яго ў гэты момант. Ненавідзеў за жэсты, словы, вопратку, за гэтыя вочы, за спрыт у размове. Ён не мог не адчуваць, што побач з ім ён, Мусатаў, заўсёды будзе выглядаць, як п’яны капрал.
– “Лясныя” пайшлі яшчэ раніцай. На світанні, – сказаў Алесь. – А гэта нявінныя людзі: салдаты пацвердзяць. Як і тое, што я не ваяваў.
– Бачылі бандытаў? – спытаў Буланцоў.
– Як вас.
– I гаварылі з імі?
– Як з вамі.
– Што яны казалі? – спытаў Мусатаў.
– Што ідуць у пушчу і што шчасце маё – лекарскае. Іначай забілі б.
– Колькі ў іх ахвяр?
– Трое забітых, з дзесятак параненых. – Алесь знарок прылічыў да лясных людзей мужыкоў з вёсак Хаданскага.
– Колькі іх было? – спытаў Буланцоў.
– Гэта што, допыт?
– А вы што ж думалі, шаноўны Аляксандр Георгіевіч, – амаль ласкава сказаў Мусатаў.
– У такім выпадку я не буду адказваць.
– Будзеце, будзеце, – ветліва сказаў жандар.
I ён паціснуў плячыма:
– Яны, відаць, сапраўды пайшлі ў пушчу яшчэ на світанні. Нічога. Ідзіце вазьміце з хат мужыкоў – хто пападзе ў рукі.
– Не хадзіце, Буланцоў, – сказаў Алесь.– Не аддавайце такіх загадаў, капітан.
– Гэта чаму ж? – спытаў Мусатаў.
– Тут ёсць сведка.
– А гэты сведка скампраметаваны, – сказаў капітан.
– Дарэмна. Ёсць мой аконам, які прывёз мне вестку пра бунт. Ён засведчыць: да таго я нічога не ведаў. Ёсць мужыкі, што скажуць: мяне не было ў час бунту. Ёсць салдаты, якіх я лячыў, бо гэта абавязак кожнага, хто ведае, як зрабіць перавязку.
– Не было яго ў бунце, паночак, – застагнаў бялявы салдацік ля печкі.
– Маўчы! – сказаў Мусатаў і, звярнуўшыся да Алеся, пільна гледзячы яму ў вочы і чаканячы словы, пачаў гаварыць: – З’явіліся вы – і ў мяцежнага натоўпу змяніўся настрой. Чорт ведае за каго яны вас палічылі...
– 3 тым самым поспехам яны маглі б палічыць варону за архангела Гаўрыіла, што злятае з нябёс, – іранічна ўсміхнууся Алесь.
– Чаго вас панесла сюды?
– Я ж казаў: лекаваць. Я не хацеў крыві. I вы не зачэпіце нявінных, Мусатаў, толькі таму, што гэтага вымагае ваша кар’ера. Я, урэшце, прыскакаў таму, што павінен быць бесстаронні сведка, якому павераць больш, чым хлопу, і больш, чым вам. Я – сведка.
Мусатаў азірнуўся і перайшоў на французскую мову:
– А вы... падумалі... што гэты сведка мог быць забіты... падчас бунту... Выпадковым залпам...
– Ваша вымаўленне прымушае жадаць лепшага,– сказаў Алесь.– А салдаты, капітан?
Мусатаў дрыжаў. Настаў, здавалася, час. Цяпер і гэтага можна было пужануць арыштам ці смерцю. Ён адчуваў, што ўсё ў ім звініць.