А потым Франс. Гэты з-за фатаўства закрывацца не будзе. Тут прасцей. Проста ў гэты высокі бледны лоб. Проста туды. І тады ўжо, калі ўпадзе і будзеш ведаць, што яго павязуць, а праз вадамоіны панясуць на руках – тады пісталет сабе да сэрца і адным разам, з поціскам, з асалодаю...
Алесь апрытомнеў і спалохаўся. Што гэта было? Вар’яцтва пачыналася? У васемнаццаць? Няма чаго казаць, добра... Ён паспешліва скінуў куртку, чаравікі, нагавіцы, сарочку, падскочыў і, ухапіўшыся за сук, ускінуў на яго цела.
Таўшчэразны сук цягнуўся над самай вадою. Дуб нібы выцягнуў адну руку, каб вечна лавіць ёю месячнае і сонечнае святло.
Алесь ішоў, моцна ставячы ногі. Сук неўзабаве патанчэў і пачаў спружыніць пад нагамі, даводзілася балансаваць. Ён пайшоў, пакуль было магчыма, і стаў ледзь не на самым канцы галіны, астываючы пад ветрыкам.
Яму здаўся шолах і нейкі прыглушаны гук на беразе. Азірнуўся – цемра. Нікога.
І тады ён застыў, прыціснуўшы рукі да цела і ўскінуўшы аблічча ўгору. Пад нагамі пагойдваўся сук. Проста ў вочы свяцілі зоры.
Ён апусціў вочы – пад нагамі таксама не было нічога, акрамя зор. Глыбокая сіняя чаша, поўная зор.
Нібы вісіш у цэнтры бясконцага сіняга шара. Зоры пад нагамі. Зоры над галавой.
Закінуўшы за галаву рукі, ён доўга стаяў так, пагойдваючыся ў зорнай бяздоні.
Галіна пагойдвалася. А ён быў між небам і зямлёй. І зоры былі вакол.
Потым ён разбіў сінюю чашу пад нагамі. І спалоханыя зоры пабеглі да берагоў.
І ён плыў у сцюдзёнай вадзе, пакуль хапала паветра. Бачыў у глыбокім паўзмроку карчы, пасмы маладых водарасляў і яшчэ штосьці, што стаяла нерухома ў прадонні, нібы бярвенца, якое затанула, але так і не дайшло да дна.
Адно... А унь другое... А там далей трэцяе.
Гэта спалі, таксама між сваімі “небам і зямлёй”, шчупакі.
...Апрануўшыся, ён лёг на спіну і стаў глядзець на цёмную хмару дуба і яшчэ на зоры. Было вельмі холадна, але ён не адчуваў холаду.
Нечыя рука лягла на яго плячо. Яму не хацелася паварочваць галавы, і тады тая самая рука, дзівосна прахалодная, але цёплая ўнутранай цеплынёй, узяла яго за падбароддзе і адхіліла яго вочы ад зор.
Ён убачыў цёмную сукню, карункавую мантылью, накінутую на галаву.
У цемры невыразна бялела аблічча. Яно схілілася да яго.
– Што з вамі?
Бадай што толькі па голасу Алесь пазнаў у гэтым цені Гелену Карыцкую.
– Вы?
– Але, – усміхнулася яна. – А вы як тут?
Замест адказу ён паціснуў плячыма.
– “А ноч ідзе, і коцяцца сузор’і”, – ціха сказаў ён.
Яна глядзела на яго ўважліва, занадта ўважліва. У цемры бялела аблічча. Як туман.
– Устаньце.
– Ідзіце, – амаль папрасіў ён. – Я яшчэ трохі астануся.
– Калі ласка, – сказала яна. – І мне і вам будзе не так самотна ісці да палаца.
Ён уздыхнуў і ўстаў.
Яны пайшлі па алеі. На няроўным адхоне яна пахіснулася, відаць, ступіўшы на камень.
– Я магу прапанаваць вам руку?
Яны мала гаварылі за апошні час. Неяк спачатку гімназія, а потым гаспадарчыя клопаты аддалілі Алеся. Дый яна трымалася наводдаль, нават калі Алесь наладжваў для актораў гулянкі. Амаль не прыходзіла. Вежа прыбавіў ёй пенсіі, плаціў цяпер сто рублёў, абы не перавабілі ў губернскі тэатр.
Вось хіба што сумнавата было. Праўда, цяпер з’язджаліся на спектаклі з усёй губерні, але самі спектаклі былі цяпер радзей. Дзед наняў па Алесевай просьбе балетмайстра, настаўніка спеваў і яшчэ пастаноўшчыка, ён жа – настаўнік французскай і італьянскай. Яна аднойчы спытала ў Алеся пры сустрэчы:
– Як вы гэтага дабіліся?
– Гм, – сказаў Алесь, – проста сказаў, што нікога не здзівіць тэатр-катарга, як у Юсупава. І што калі ўжо тэатр, то трэба зрабіць лепшы, чым у Шарамецева.
Часам яны сустракаліся на рэпетыцыях або на разборах пастановак. Не вельмі часта. Алесь быў не тым заняты.
...Яны ішлі алеяй і маўчалі. Калі б нехта зірнуў на іх збоку, ён бы падумаў, што гэта дзівосна добрая пара.
– Вам яшчэ не стала сумна тут? – урэшце спытаў ён.
– Чаму ж сумна, – схіліла яна галаву. – Няма часу. Вы ведаеце, я ўжо нядрэнна гавару па-французку і па-італьянску...
– Мне здавалася, вы заўсёды ведалі іх.
– Дзіўна, нешта нібы трымае мяне тут, не дае пайсці. Нешта няскончанае.
Вакол булькалі галасамі хмызы. Кожны па-свойму. Дальнія і блізкія спевы зліваліся ў адну магутную і высокую, аж да неба, мелодыю.
– Чаму вы падышлі да мяне?
– Хіба можна пакінуць другога ў такім халодным свеце?
Мокрыя лапы ляшчыны. Гаркаваты пах ландышаў.