Выбрать главу

Не, тыя хлопцы чыстыя. Яны ведаюць сэрцам, што лепей хай не будзе ніякай дзяржавы, чым такая імперыя. Лепей – ніякай велічы, чым веліч на касцях народаў.

Але ім цяжка. Ім амаль немагчыма дыхаць.

Нядаўна ў сувязі з агульным ажыўленнем надзей, у сувязі з чуткамі пра вызваленне (не вельмі яснымі) і чуткамі пра судовую рэформу (яшчэ больш цьмянымі), а галоўным чынам у сувязі з дзейнасцю “Современника” правыя ўзнялі нясцерпны віск і брэх. Ажыўленне літаратуры ім ненавіснае. Яны б увесь век пісьменнікаў у рэкрэацыйнай трымалі ды частавалі за даносы цукеркамі. Ранні Тургенеў – скандал, дыскрэдытацыя панства ў вачах народа! Някрасаў – жах, небяспечнасць, парахавы зарад пад магутныя бастыёны дзяржавы.

Малады Талстой, якога ты, напэўна, чытаў, – і той ім не даспадобы. А ён, пакуль тое, нічым асаблівым іх не дапёк. Нічога, дапячэ, па почырку відаць. Не быў ворагам, дык будзе. Зробяць.

І, галоўнае, па ўласнай дурасці яны не могуць нават давесці, чым для іх варожы той ці іншы. Бачаць чысціню, празрыстасць, сумленне, дабрыню да людзей – значыць, гатова. Патэнцыяльны вораг.

Гэта як ведаеш што? Памятаеш, калі я быў у вас, Кагуты недзе знайшлі позняе ваўчаня і прынеслі табе. І мы вырашылі, каб сучка яго выгадавала разам са шчанюкамі. Сучку замкнулі, а ваўчаня паклалі між смактуноў, каб прапахнула іхнім пахам. Памятаеш, як яны? Сляпыя, дурныя, як клёцкі, а як яны пачалі вішчаць ды падскакваць.

Так і гэтыя. Нічога не разумеюць, а чуюць.

А паколькі ўсе яны накшталт майго генерала і думаюць гатовымі катэгорыямі, то галоўны іхні довад у спрэчцы з сапраўднымі пісьменнікамі ёсць той, што іхняя творчасць ганьбіць радзіму (нібы мы не абавязаны радзіме перш за ўсё ісцінай), што яны падрываюць устоі радзімы, што яны не любяць яе, бо, пішучы свае сатыры і пакутныя элегіі, дыскрэдытуюць бацькаўшчыну ў вачах іншаземцаў.

І хочацца адказаць ім словамі Гогаля:

“Спокойно сидят себе по углам и занимаются совершенно посторонними делами, накопляют себе капитальцы, устраивая судьбу свою за счет других; как только случится что-нибудь, по мнению их, оскорбительное для отечества, появится какая-нибудь книга, в которой скажется иногда горькая правда, – они выбегут из всех углов, как пауки, увидевшие, что запуталась в паутине муха, и подымут вдруг крики: “Да хорошо ли выводить это на свет, провозглашая об этом? Ведь это все, что ни описано здесь, это все наше – хорошо ли это? А что скажут иностранцы? Разве весело слышать дурное мнение о себе?”

Тактыка злодзеяў. Крычаць на іншых: “Трымай яго!”, каб менш звярталі ўвагі на іхнія брудныя справункі, на тое, што першыя ворагі Айчыны – яны.

...Я больш не магу сярод іх. Нават хвіліны. Няхай голад. Няхай бурчыць у жываце. Нехта сказаў, што лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.

Ніякіх кампрамісаў!

Мой тутэйшы прыяцель, адзін з самых разумных людзей, якога мне даводзілася бачыць, аднойчы сказаў, што мы, беларусы, занадта любім храбрых дзядзяў. Маўляў, лепей няхай дзядзя палаецца з моцным або хаця дулю яму пакажа, а мы будзем з-за ягонай спіны ў ладкі пляскаць, а то і проста ціха радавацца.

Меў рацыю. Нешта такое ёсць. Але калі мы ненавідзім гэтую рабскую, гнойную частку крыві нашага народа – мы самі павінны зрабіцца “храбрымі дзядзямі”, а не ціха радавацца з-за чужой спіны... Кроў – з кропляў. І, каб не загніць ад суседства з нячыстымі, здаровыя кроплі павінны рухацца і нападаць на заразу, выкідваць яе з арганізма, нават рызыкуючы ўласным жыццём. Іначай – гангрэна і смерць.

Дружа! Ліст гэты перадасць табе надзейны чалавек. Правезці, перадаць, знішчыць на выпадак вобыску – гэтага лепей за яго не зробіць ніхто. Таму я і даверыўся. Але гэта будзе апошні такі ліст. Па-першае, восенню мы сустрэнемся. Па-другое, канспірацыя ёсць канспірацыя, а ў нас, здаецца, канчаецца дзіцячая гульня ў цыркі і пачынаецца сур’ёзнае. Таму гэты ліст – па прачытанні – адразу спалі. Спадзяюся на тваё сумленне. Надалей будзем спадзявацца толькі на памяць.

Пішу табе з тым, каб ты аднавіў сувязь з хлопцамі “Чартапалоху і шыпшыны”, праверыў, хто з гэтых рамантыкаў не атлусцеў, і збіў з іх ядро, якое потым магло б абрасці новымі людзьмі. Можаш сказаць найбольш надзейным, што гэта не гульня і не дарэмная рызыка, што нас шмат і колькасць сваіх людзей няўхільна расце.