Спадзяюся, што за гэты час ты не змяніўся. Калі гэта так – напішы мне звычайны ліст, хаця б пра сваё здароўе, пра Мсціслава і добрую Майку і запячатай яго не радавой, а сваёй пячаткай. Я буду ведаць, што ты згодзен са мной і пачаў рыхтаваць сяброў. Пастарайся таксама ўспомніць, хто з хлопцаў, якія падчас славутай гімназічнай баталіі сталі на ваш бок, жыве ў Прыдняпроўі непадалёк ад Сухадола. З імі таксама трэба пагаварыць, хоць і больш асцярожна, бо іхні ўчынак, магчыма, ідзе не ад шырокага дэмакратызму, а толькі ад пачуцця абражанага нацыянальнага гонару, ад афекту, выкліканага ім.
Дзейнічай, дружа. Дзейнічай, сябра мой.
P.S. Ад генерала пайшоў. Буду бегаць па грашовых уроках у сумленных людзей. Віктар знайшоў работу ў Публічнай бібліятэцы. Неяк пражывем. Дзякуючы сваёй рабоце і сувязям ён пазнаёміўся са шмат якімі прыстойнымі людзьмі. Ну, а праз яго і я. Адзін з іх – фігура самая дзівосная, якую можна ўявіць. Гэта паляк, нашага поля ягада. Шмат адседзеў і адмаршыраваў у тых краях, дзе замест прыгарадаў усё “фарштаты” і дзе над зямлёю лунае нябачны дух Ямелькі Пугача. Там ён, між іншым, блізка пасябраваў з тваім улюбёным Тарасам, які ўсё яшчэ, бедалага, пакутуе сярод бурбонаў, п’янюг ды Іванаў Няпомнячых. Прозвішча паляка – Зыгмунт (а па-нашаму Цыкмун) Серакоўскі. Уяві сабе тонкую моцную постаць, разумны твар, стрымана-цвёрдую хаду. Белы бландзін. І на абліччы ззяюць сінія, найсвяцейшай чысціні і цвёрдасці вочы. Пазнаёміўся я з ім нядаўна, але ўжо зачараваны і логікай ягонай, і патрыятызмам, і воляй, і мужнасцю, і той вышэйшай душэўнай прыгажосцю, якая заўсёды спадарожнічае сціплай велічы сапраўднага чалавека. Вы павінны былі б спадабацца адзін аднаму... Кідай ты хутчэй усё. Едзь сюды. І мне будзе весялей, і табе не так будзе лезці ў галаву твая прыдняпроўская дурасць”.
Ліст быў спалены. Быў пасланы адказ, з асабістай пячаткай.
...У сваім спакоі, у плыні жыцця, якое нічога, здаецца, не абяцала, ён узрадаваўся лісту Каліноўскага.
Добра было ведаць, што трэба дацярпець толькі да восені, а там гары яно ўсё гарам. Увосень ён паедзе ў Пецярбург, звяжацца з Кастусём і сябрамі. Будзе віраванне спрэчак, учынкаў – усяго, што завецца жыццём.
І, калі спатрэбіцца, ён аддасць гэтае жыццё братам.
Усё добра. Хоць нехта ёсць на свеце, каму яно патрэбна.
Радзіма.
Родная зямля.
Беларусь.
...Майскімі раніцамі, да ўсходу сонца, скакалі ў жытах дзяўчаты.
Хлопцы ўначы, прабіраючыся на могілкі, палілі там невялікія, таемныя для ўсіх, хто не ведаў, вогнішчы і потым палохалі дзяўчат.
– А унь русалкі. Ты глядзі, не хадзі без мяне. Заказыча.
І дзяўчаты слухаліся іх.
Ярасна цвіло па-над шляхамі жоўтае купалле: ведала, што век у яго кароткі і хутка яго пачнуць увіваць у вянкі.
Набліжаўся час, калі русалкі асабліва шкодзяць людзям, і трэба знайсці хоць які дзень-два, каб утаймаваць іх, а заадно пасмяяцца, паспяваць ля вогнішчаў і ўдосталь нацалавацца дзе-небудзь у сініх ад празмернай зелені жытах.
Па сёмусе прыйшоў русальны тыдзень.
Азярышчанскія дзеўкі звівалі вянкі і вешалі іх на бярозах. А хлопцы неслі на зялёных насілках у бярозвавы гай абраную ўсімі русалку: самую ладную дзяўчынку, якая знайшлася ў Азярышчы, трынаццацігадовую Яньку Кагут.
У белым рубку[17] да лытак, з доўгімі, ледзь не да каленяў, распушчанымі валасамі, яна пагойдвалася ў сінім небе, вышэй за ўсіх. І свежы, пяшчотны тварык дзяўчыны ўсміхнуўся сонцу, нівам і зялёным гаям.
А за ёю ішла ў вянках яе прыгожая світа.
...Палілі агні. Кідалі ў іх вянкі. Дзяўчаты ўцякалі ад Янькі, а яна лавіла іх і казытала. Дзеўкі ў парах гулялі з хлопцамі.
Не абышлося і без бойкі. Сутыкнуліся за Галінку Янук Лапата і Кагутовы блізнюкі. Медзведзяваты Аўтух заступіўся за брата і пачаў валяць Кандрата з Андрэем. У бойку ўлез Алесь і, на агульнае здзіўленне, даў Аўтуху такога дыхту, што той нават кінуўся ўцякаць. Уцячы Алесь яму не даў.
Урэшце іх памірылі, хоць Янук і глядзеў ваўком... Пілі піва і скакалі ля вогнішчаў.
І ўсё гэта было весела, але весялосць была афарбавана лёгкім адценнем журбы. Магчыма, таму, што набліжаўся Ян Купала, і хоць лета было яшчэ ледзь не ў самым пачатку – усім было ясна: сонца вось-вось пойдзе на сход.
Спаляць сабраныя з двароў старыя бароны, разбітыя сані, аглоблі. Кожны дасць трохі цеплыні са свайго двара, але ўсё адно не падтрымае гэтым сонца. І, як сонца, скоціцца з высокай гары ахопленае агнём кола. Будзе каціцца ніжэй і ніжэй, а потым кане ў Дняпро і згасне.