Выбрать главу

Журба, амаль непрыкметная, жыла ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой.

Утрапёнасць квітнення, песень і пацалункаў скончылася. На яе месца прыйшло задумлівае чаканне плёну.

І таму на кветках, на вярбовых косах, на дарогах, што заблудзіліся ў палях, панаваў спакой і лёгкі сум.

Усё было аддадзена. Усё было споўнена на зямлі.

Яны стаялі ля храма бога вод. Сонечныя, зеленаватыя плямы святла беглі па іхніх абліччах, а проста ад ног ішоў у імшаную, як мядзведзь, цёмна-зялёную цемру доўгі адхон, што ўвесь тачыўся вадой.

Ад густой зеляніны жывое срэбра струменьчыкаў здавалася зеленаватым. Журлівым звонкім халадком патыхала ў яры.

Родная зямля – гэта крыніцы. І тут было адно з незлічоных месцаў іх нараджэння.

Выйсце крыніц. Воды. Воды. Струменьчыкі, ручаіны, рака, мора. Зялёны звон пад нагамі.

Чаму ты ўнікаеш мяне, Гелена? – спытаў Алесь.

Я не ўнікаю.

Вочы глядзлі ўбок, вышэй Нептуна, дзе зеленаваты ад ценю струменьчык выбіваўся з зямлі.

У яе сапраўды было змарнелае і светлае аблічча. Новае, нічым не падобнае на ўсе яе іншыя абліччы.

– Сядзь, – ён пасадзіў яе на каменную лаву. – Ты... не трэба так... Ты ведаеш, я шкадую цябе, як нікога. І я не хачу быць ні з кім, акрамя цябе.

Яна адмоўна паківала галавой. Струменьчыкі звонка скакалі ў яр.

– У мяне будзе дзіця, Алесь.

Ён маўчаў, так раптам упала сэрца ад нечаканасці і дзіўнага прадчування, падобнага да прадчування бяды. Гэтага не магло быць. Ён – і дзіця.

– Я думала спачатку, што гэта памылка. І вось пераканалася. Будзе.

Бледны ад разгубленасці, ён глядзеў на яе. Гэтыя вочы, і іскрыстыя валасы, і тонкая постаць – гэта цяпер не проста яна. Гэта ўжо і ён, і тое, аб чым яшчэ ніхто нічога не ведае. Трое ў адной.

– Праўда?

Зусім неспадзявана нарадзілася недзе глыбока пад сэрцам, пачала расці, расці, узрастаць, затапіла ўрэшце ўсё на свеце, усю існасць і ўсё, што вакол, несамавітая, дурная, шалёная радасць.

У яго перахапіла дыханне. Адчуванне шчасця і ўласнай значнасці было такое вялікае, што ён тросся, захлынаючыся паветрам.

– Не можа быць... Гелена, праўда? Гелена, мілая... мілая...

Голасам, што быў поўны бязмернай пяшчоты, яна спатала:

Ты праўда ўзрадаваны?

Я не ведаю. Гэта – падобна... Не, гэта не радасць, – ён вінавата ўсміхнуўся. – Я ж яшчэ не ведаю, як... І яшчэ, я кахаю цябе.. Як ваду і неба... Як жыццё.

........................................

Калі яны выходзілі з парку, Алесь, трохі ўжо супакоены, але па-ранейшаму нібы прасвятлелы тварам, з той самай дурной усмешкай на вуснах, раптам затрос галавою.

Не веру.

Тумаш няверны.

Ён вёў яе так асцярожна, нібы да радзін заставаліся лічаныя дні.

Вось і ўсё, – сказаў ён. – Зараз пойдзем да дзеда, скажам аб усім. Потым да бацькоў. Вяселле ў першы дазволены дзень. І паедзем. Кудысьці далёка-далёка. Каб мора. Вельмі буду шкадаваць цябе.

Алесь, – раптам сказала яна, – а ты задумаўся на хвіліну аб тым, што ты не сказаў “кахаю” мне, а сказаў яму.

Загорскі, пратэстуючы, узняў рукі. Але яна спыніла гатовыя вырвацца словы. Сказала з пяшчотай:

– І добра. Вельмі добра. Значыць, тут ты бацька, абаронца. Так і трэба.

Адчуўшы раптам, што да жаданага канца, які адсек бы мінулае, яшчэ далёка, ён сказаў:

– Вянчаемся ў Загоршчыне.

І ўбачыў, як яна, нібы з сілаю адрываючы нешта ад сябе, паківала галавою.

Не, Алесь, на гэта я ніколі не пайду!

Чаму? – упарта спытаў ён.

Ды зразумейце ж вы, – нібы чужому, сказала яна, – усё добра як ёсць.

Каму добра? – голас гучаў жорстка.

Вам.

Мне дрэнна. Без цябе і без яго. Удвая.

Яна спляснула далонямі.

Мілы, мілы вы мой! Паверце мне, вы сабе хлусіце. Вы не бачыце, а я добра бачу, як вы загналі сваё пачуццё ў каменны мяшок, замкнулі. Вы не адчуваеце гэтага, вам здаецца, што вы спакойны, але вы ўвесь час слухаеце, як яно рвецца на волю, калоціцца ў дзверы.

Не!

Так, – сказала яна. – І ў гэтым для мяне няма крыўды. Вы думаеце, я не ведала з самага пачатку? Ведала.

Ніколі яшчэ ён не бачыў яе такой прыгожай. І чужой. Ліхаманкавыя, пяшчотныя вочы, на вуснах горкая і цёплая ўсмешка.

Толькі вы не забывайце часам убачыць яго. Добра?

Ты страшны чалавек, – сказаў ён. – Пазбаўляеш яго – бацькі, мяне – радасці. Мне ніхто не патрэбен, – ён змагаўся, і голас ягоны быў глухі.

Мана, – сказала жанчына.