Ён падумаў аб тым, што сам ён, і ўсе, хто вакол, і Майка, усе яны – нявартая дробязь у параўнанні з гэтай жанчынай. Было ў ёй нешта вышэйшае за іх, звычайных. І Алесь падумаў, што яна адчувае гэтую несумяшчальнасць самой сябе і яго, Алеся.
Яна глядзела на яго і разумела, аб чым ён думае.
Алесь, – сказала яна, – гэта хлусня, што ты думаеш. Няўжо, ты думаеш, я зрабіла б такое, каб не кахала цябе? Я таму і раблю, што кахаю.
Ён ускінуў яе ў паветра і з сілай паставіў на ногі.
Хлусіш.
Але ён глядзеў на яе аблічча і верыў. Верыў усё больш і больш.
Вельмі. Таму і ўцякаю.
А дзіця? – амаль умольна сказаў ён. – Яго імя?
Няхай. Ён будзе сумленны чалавек.
Але нашто?
У яе вачах былі слёзы. І вочы праз слёзы аж ззялі, як сонца праз дождж. Той дождж, пра які навакольныя сяляне казалі: “Царэўна плача”.
Атрымалася б, што я нічым не ахвяравала, – сказала яна. – Наадварот, прыдбала. І таннай цаной. Ты не думай аб ім. Проста бог не хоча маёй ахвяры. Ён будзе. Гэта такое шчасце. Думала адплаціць, і вось зноў у даўгу. І, значыць, магу, калі спатрэбіцца, плаціць і плаціць.
Гэта ўсё? – спытаў ён.
Усё. Ты не гавары са мной больш, – яна выцерла слёзы і ўсміхнулася. – Гэта дарэмна, мілы. Праз два дні я еду ў Сухадол, а адтуль у губерню. Мне прапаноўвалі.
Гэта канчаткова?
Але. Бацькоўскімі капцамі клянуся
Гэтым не кідаліся, і ў Алеся ўпала сэрца.
Ён глядзеў і глядзеў на яе. І жорсткія вочы паступава мякчэлі.
Аставайцеся тут, – сказаў ён. – Вам не трэба ў Сухадол... Я клянуся вам не ўспамінаць нічога, не напамінаць ні аб чым, пакуль ён не народзіцца. А потым... потым вы самі ўбачыце, як я стану любіць яго.
Я ведаю. Усё ведаю. І таму іду.
На хвіліну ён пашкадаваў, што яна вольная, што ў той далёкі вечар ён сам прынёс ёй... І адразу падумаў, што, каб не той вечар, нічога не было б... А потым пякучы сорам на самога сябе прымусіў пачырванець аблічча і нібы пазбавіў права чагосьці патрабаваць. Вось яна, панская косць, панская кроў, панскі дух. Кастусёў сябра, рыдалец над меншым братам, заўзяты патрыёт, з мужыкамі кумаецца. Навалач! Дробная дрэнь! Кроер!
Добра, – глуха сказаў ён. – Будзе так, як захочаш.
У пакой праз сітняговыя плеценыя цыноўкі ледзь прабіваліся палоскі сонечнага святла. Рэдкія пылінкі плылі ў іх.
Выйдзі, кажу табе, – сказала Тэкля. – Выйдзі, дурная ты.
Нянька, сама трохі дурнаватая, лічыла, аднак, што мазгі ўсіх астатніх людзей і ў параўнанне не могуць ісці з яе, Тэклінымі, мазгамі.
Я нікога не прымаю, – сказала Майка.
То ты б лепей узяла ды Іллюка не прыняла, – падперла рукі ў бокі Тэкля. – Так бы яму, даліктуну, і сказала: “Не выганем, але проша вон”.
Тэкля сцвярджала сябе, між іншым, і тым, што ведала дзесяткі два польскіх і рускіх выразаў і часам падводзіла размову, каб выкарыстаць сёе-тое з гэтага запасу.
Бледнае аблічча Майкі перакрывілася.
– Я не сказала, што не прымаю нікога. Але я нікога не прымаю з Вежы і Загоршчыны.
Ы-ы, ы-ы, – сказала Тэкля. – Вось што: чаго гэта ты, дзеўка, круціш? Думаеш, адну такую цацу бог стварыў?
Тэкля!
Ну, вядома. Як гадавала Тэкля, то добрая была. Тады мамка была міла, як ззаду мыла.
Не трэба, няню...
І чаго ты з сабою такое робіш? Ссохла ўся. Трэці месяц толькі як да таго крактуна выходзіш – сонца бачыш. У цемры сядзіш. Што тут табе, манастыр? Жнівень на дварэ стаіць, дурніца. Дзеўкі ў полі так песні крычаць – сама б зноў дзеўкай стала, прасціце, канечне, в натуры...
Я прашу, прашу вас...
Якія грахі замольваеш? Адзін грэх маеш. Паніча суседскага з домам пасварыла. Чым ён табе не здаўся?
Я і без вас ведаю...
То таму і сядзіш? – спалохалася Тэкля.
Таму і сяджу, – упершыню за ўвесь час прызналася Міхаліна.
Ду-урніца! – Тэклін твар перакрывіўся ад неўразумення і жалю. – То нашто ж?!
Я вельмі дрэнна зрабіла яму. Я сама ведаю, што няварта яго.
У Тэклі з’явіліся на вачах слёзы.
І так сябе мучыць? Ах-х ты! Грэблу, што коней чысцяць, узяць бы ды скуру са спіны тваёй, каб не села.
Тэкля, – папрасіла Майка. – Мне вельмі дрэнна...
Га-аротніца ты мая! Ды як жа ты?
Ніяк. Выйду за Хаданскага.
Нянька схапіла Міхаліну за плечы.
За яго? Ды плюнь ты, хай ён утопіцца! Нашто табе ў тую квэку лезці? За Выбіцкага – і тое лепей, хай сабе ён і парцяныя[18] шкарпэткі носіць.
І раптам пацалавала дзяўчыну:
Дзеўка, кінь! Дзеўка, хай ён пэнкне! Хай ён, жорсткі чалавек, на трыбусе поўзае ды зад валочыць. Ой, паплачаш! Хлопца якога на каго мяняеш. Ото б я з ім аджыла. Маечка, дзетухна, не ідзі ты за таго! Людзі Хрыстом богам моляць, каб за табою ды яму не дастацца! Падумай пра іх...