Выбрать главу

Міхаліна пазнала яе... Тая... Што ж здарылася?

Майчыны вочы прабеглі па ўсёй постаці актрысы, з галавы да ног. “Хлусня, – міжволі падумала Міхаліна. – Тое, што казалі пра іх, таксама была хлусня. Нехта сказаў подласць, зрабіў подласць, а я пайшла ў яго на шворцы”.

Нібы зразумеўшы яе, Гелена ўсміхнулася. Усмешка была такая, што Майка зразумела: толькі ласкай і паблажлівасцю гэтай жанчыны можна растлумачыць сам факт размовы. Яна рабіла ласку, і ніхто не асмеліўся б зрабіць ласку ёй. Міхаліна глядзела на поўныя вочы.

Сонца на твары. Хохлікавыя каўпачкі “панічоў” кідаюць на сукенку і твар бэзавыя і ружовыя адбіткі. Вочы вялізныя.

А плечы тонкія, але, адразу відаць, вытрымаюць усё.

Незвычайная, пагрозлівая прыгажосць. Захоча – адбярэ.

І, нібы толькі ў жаданні гэтай жанчыны была справа, дзяўчына ўся натапырылася, як перапёлка, што бароніць гняздо. Яна не ведала, што Гелена прыблізна на гэта і разлічвала, едучы сюды, і таму здзівілася, убачыўшы на яе вуснах тую самую ўсмешку.

Карыцкая таксама ацэньвала субяседніцу, ад попельных валасоў да насцярожанай усмешкі, да вострага носа туфліка, які высунуўся з-пад сукенкі. І ацаніла. “Прыгожая. Нават надзвычай прыгожая і жаноцкая. Абатрэцца трохі, пазбавіўшыся ад свавольстваў, – будзе жанчына... Значыцца, вось каго... Што ж, хіба яна лепшая за мяне?...”

Не. Не лепшая. Проста другая. І вось такую, другую, ён яе і кахаў.

На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася.

Проста перад тым, што яна, Гелена, зрабіла, гэты маленькі верабей нічога не значыў. Алесь, вядома, будзе кахаць яе. І толькі. А яе, Гелену, ён не забудзе.

Ад вераб’я нічога не залежала, і таму з ім трэба было быць добразычлівай.

Гелена ўсміхнулася.

Міхаліна глядзела на яе строга і насцярожана:

Вы ведаеце, што я парушыла ўсе сувязі з гэтымі дамамі? Нашто вы прыйшлі?

Даведацца, ці канчатковае гэта рашэнне? – спакойна сказала Гелена.

Выбачайце, калі ласка, але я не ведаю, якую цікавасць гэта можа мець для вас?

З ніў зноў ляцела далёкае:

Бог жа мне даў долечку ліхую, Ліхое замужжа, бог жа мне даў.

Хіба для мяне? – спакойна скзала Гелена.

Майка не разумела яе. Але спакой актрысы, яе упэўненасць нараджалі неспакой, боязь і трывогу.

“Адбярэ. Захоча і адбярэ. Гэтая здолее”.

Майка памятала яе на сцэне.

“Усё. Канец. Дагулялася. За каго сябе лічыла, варты жалю вераб’ішка? Хаданская хлусіла. Але хлусня можа зрабіцца праўдаю”.

Карыцкая глядзела на паненку і разумела ўсё.

Хочаце, каб я сказала, аб чым думаеце?

Вы можаце? – іранічна спытала Міхаліна.

Магу.

Не трэба.

Але не трэба і вам так думаць. Не непакойцеся. Я прыйшла сюды не дзеля таго.

І, нібы ратавалася ад чагосьці, трохі паспешліва сказала:

Вы ведаеце, што па намаганню гэтага чалавека, тады яшчэ зусім дзіцяці, я атрымала волю і некаторыя незалежныя сродкі, якія мне здаюцца багаццем.

Тон гэты быў брыдкі, але Гелена ведала: толькі дзелавітасцю і вонкавай сухасцю можна не сапсаваць справы, не насцярожыць, пераканаць у тым, у чым хочаш. ...І яшчэ – трошкі – упэўненасцю ў сабе. Каб адчувала, што ніхто яго не адбіраў і не адбірае, але ёсць такі чалавек, які... можа адабраць у кожную хвіліну.

Віншую вас.

Як вы думаеце, што магу я адчуваць да чалавека, які бескарысліва даў мне ўсё гэта?

Майчыны зрэнкі здрыгануліся.

Мяркую... удзячнасць.

Вядома, удзячнасць. І самую глыбокую павагу. І... любоў, бо чалавека такой маральнай чысціні мне яшчэ не даводзілася бачыць.

Сэрца Міхаліны сціскалася ад думкі, што субяседніца таксама можа кахаць яго. Таксама? А хто яшчэ? Хіба яна? Хіба ёй не ўсё адно? І яна сказала назнарок суха:

Яму яшчэ не было дзе страціць мараль.

Мы не судзім людзей за будучае, – сказала Гелена, нібы не заўважаючы, што чырвань кінулася Майцы ў твар ад гэтых слоў. – Як вы думаеце, павінна я, у сваю чаргу, у меру маіх сіл памагчы яму?

Пэўна.

Не ведаю, магчыма, я перашкоджу, але іначай не магу. Некалькі апошніх месяцаў я заўважала, што ён пакутуе. Я не ведала прычыны, але ўрэшце здагадалася, што гэтая прычына – вы.

Прабачце, але аб гэтым я не хачу гаварыць.

Тон быў рэзкі, але Гелена бачыла прасвятлелыя вочы дзяўчыны і разумела, што тая раптам перайшла ад безнадзейнасці і адчаю да самай высокай трапяткой радасці. Гелена ведала, што Міхаліна цяпер даруе ёй нават словы, якія яна мелася вымавіць, адмовіцца ад дзявочай грэблівасці перад яе словамі, вызваліцца ад рэўнасці і, магчыма, будзе нават любіць яе, Гелену, за тое, што яна прынесла ёй гэтую іскрынку святла. Гелена ведала, што лепшы сродак узвысіць чалавека, які знаходзіцца ў такім стане, – гэта прышчапіць усведамленне таго, што, нягледзячы ні на што, нехта ўсё ж кахае яго.