Выбрать главу

Хлопцы адбілі яго, панеслі разам з Калядою ў хату. Даньку паіць гарэлкай, Каляду схаваць, каб потым, на масленіцы, калі зіма не толькі павернецца да сонца, але і адступіць, спаліць яе на тым самым месцы.

...Мсціслаў усміхаўся ўспаміну, думаў. Не звяртаў увагі на тое, аб чым гамоняць Мнішкава Анэля і Янка.

Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны як бот, і ну хоць ты плач.

Вядома, мяккім галаском казала Анэля. На радзіме табе лягчэй было б, там усе такія. Але што ж зробіш, калі ўжо сюды трапіў? Ты ж нават сам не ведаеш, дзе твая радзіма.

Тут, сказаў арап. Мне ўжо там усё было б чужое. Я і мовы сваёй не помню. Некалькі слоў, можа. Тут мая і мова і зямля.

А ты ані-ні не пабялеў з таго часу? пацікавілася яна.

Не. Гэта ўжо назаўсёды. Такая ўедлівая штука.

Ну і кінь, суцяшала Анэля. Ну і што, што чорны? Ты ж добры. Ты цяпер дваранін. І дзеці такія будуць.

Яна ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Узвысіць простым і няпростым прызнаннем ягоных вартасцей.

Ты харошы... Вунь Хаданскі. Белы, а вочы б на яго не глядзелі.

А дзявочае кола?

Ды ты ж прыгожы. Па-адумаеш! Бескаляровыя, па-мойму, горш. Пра рыжых я ўжо і не кажу. А яны вясёлыя, і ў вус не дзьмуць. І ты будзь вясёлы.

Імчаліся коні. Нізка над зямлёю свяціў Сірыус.

...У санях ціха гаварылі Грыма і Ядвінька Клейна.

І Янку будзе шчасце, разгублена казала дзяўчына. Адна я, нібы сапраўды клейнай мечаная. Нават прозвішча прароцкае. Дзе ўжо тут добрага чакаць.

Грыма, з вялікай шкадобы, соп.

Кінь. Не пабівайся так. Падумаеш, свет сышоўся. Радасцей шмат.

Якія?

Навука. Кнігі. Каб усё на свеце помніць і быць мудрым.

Гэта для мужчын.

Што ты жанчын ганьбіш, прыглушана выбухаў Усяслаў Грыма. Для ўсіх, думаеш, мужчын мудрасць?

Жаласна, па-бабску, уздыхаў, касавурыўся на сумную, сінявокую і такую ўжо вялікую ляльку.

А ты Франса нашто пакрыўдзіла? Ён харошы.

Ведаю. Але не магу я пакуль што... не магу я Франса бачыць. Можа, месяц-два-тры пройдзе, тады.

Нацкуеш ты іх адзін на аднаго, бурчаў Грыма. Франс праз цябе на Алеся крыўдуе. Ілля праз Майку на яго ваўком глядзіць. Нацкуеш.

Дурнік ты, сумна казала яна. Алесь жа ні ў чым не вінаваты. Франс не можа гэтага не бачыць. А Ілля наогул... Нікога ён, акрамя сябе, не любіць. Гонар. Ён жа старэйшы, ён добраахвотна ў Севастопалі быў. У яго салдацкі крыж. А тут аддаюць перавагу амаль хлопчыку.

Коні зачапілі край сумёта. Мяккім пылком асеў на твары снег.

...У трэціх санях дурэў Загорскі junior[1]. Валтузіўся са Стасем і Наталяй. Фельдбаўх на козлах ужо некалькі разоў пагражаў пакінуць іх у снезе.

Вацлаў са Стасем спусцілі ногі з санак і скародзілі імі снег. Пылок ляцеў проста ў вочы коням задняй тройкі. Наталля, смеючыся і закочваючы вочы, пляскала далонькамі і спявала:

...Памарозіў лапкі, Улез на палаткі. Сталі лапкі грэцца Недзе катку дзецца!

Пры апошніх словах хлопцы падымалі ногі, і снег з іхніх валёнак сыпаўся проста ў сані, пад апону.

...Франс і Ілля ехалі моўчкі. Вытрыманае, нібы ветліва-абыякавае да ўсяго, аблічча малодшага Раўбіча скамянела. Ілля, скінуўшы шапку, падстаўляў рудаватую галаву пырскам снегу.

Недзе далёка наперадзе заліваліся дзіцячыя галасы:

Люлі, люлі, люлі, Пайшоў кот па дулі.

Радуюцца, змрачнавата сказаў Іллля. Пайшоў кот па дулі. Ёсць чаму радавацца... Не трэба было нам з табою, брат, сюды ехаць.

Франс незалежна маўчаў. Толькі ражок вуснаў таргануўся на матава-бледным абліччы.

Я яго не цярплю, сказаў Ілля. Падумаеш, улюбёнец багоў. Не ведаю, ці баліць яму хаця

што-небудзь не свеце.

Малодшы Раўбіч варухнуў вуснамі, але нічога не сказаў. Ведаў, што сусед кажа несправядліва, але не мог запярэчыць. Ён маўчаў доўга і раптам, адчуўшы дзіўны, калючы халадок у каранях валасоў, са здзіўленнем падумаў, што ён, здаецца, пачынае ненавідзець маладога Загорскага. І, каб не даць пачуццю прарвацца, Франс спытаў з выхаванай ветлівасцю маладога прыдворнага:

Што вы думаеце пра імператара? Я маю на ўвазе яго словы аб тым, што цяперашні парадак уладання душамі не можа астацца нязменны.

Вы памятаеце, калі ён выступіў? спытаў Хаданскі. Прайшло дванаццаць дзён пасля падпісання Парыжскага міру. Ён сказаў гэтую прамову на касцях ветэранаў. На салдацкай крыві.

вернуться

1

Малодшы (лац.).